Здаецца, загінуўшых збіраліся везці на пахаванне ад тэатра, дзе іх напаткала смерць, таму што я, малым, бачыў у тым месцы шырокія, з гумавымі коламі падводы-платформы, з якіх бьші зняты будкі для перавозкі хлеба. Мне дарослыя растлумачылі, што на іх будуць ставіць труны. Мая стрыечная сястра з сяброўкамі была на адпяванні Яраслава ў «чырвоным» цагляным касцёле, — яны добра яго ведалі, вадзілі з ім адну кампанію. Быў ён прыгожым цёмнавалосым юнаком, вельмі прыемным і цікавым субяседнікам, шмат чаго ведаў; усе ставіліся да яго з павагай і сімпатыяй. Пахавалі ўсіх загінуўшых на Вайсковых могілках, у брацкай магіле...
А што да Кубэ, які, не будучы заўзятым прыхільнікам генацыднай палітыкі на Беларусі, заставаўся, відаць, косткаю ў горле СС і СД, дык яго забілі праз некалькі месяцаў, і не дзе-небудзь, а ў яго доме, што стаяў насупраць цяперашняга кінатэатра «Піянер», — і, як сказана ў надрукаваным пра гэта, партызанскай мінай. Неяк зусім лёгка яе пранеслі скрозь ўсю ахову ягонай рэзідэнцыі і падклалі яму ўжо проста пад самы матрац...
32
— 3 усяго, што ты ў кіно іграла, у «Развітанні» — твая найбольш значная роля. У тэатры такую ролю, на маю думку, табе назваць намнога складаней.
— Так, што датычыць кіно, — усё правільна. Хаця, ты ж ведаеш, мой унучак пастараўся абвясціць гэта яшчэ задоўга да «Развітання», прышпіліўшы непрыкметна надпіс да майго футра: «Баба Стэфа — кіназорка». Я не забудуся — у гастраноме людзі абарочваюцца, пасміхаюцца, я не разумею, а потым гляджу... Ну, а ў тэатры атрымалася так, што многае найбольш значнае, прынамсі, для мяне — далёка ў мінулым, у маладосці, ці проста даволі даўно ўжо... I якія малайцы наш галоўны рэжысёр Валерый Раеўскі і малады Мікалай Пінігін, што вырашылі ў свой час паставіць — для мяне — гэтую п’есу Хігінса і Кар’ера — «Гаральд і Мод»! Ведаеш, мне здаецца, я так добра разумею сваю Мод, усё тое, што ў ёй, васьмідзесяцігадовай, жыве нібы па-за ўзростам, вольна ад яго. Гэта — маё, так-так... А пачаў ўсё Раман Мархолія, малады рэжысёр у Львове. Убачыў мяне на сцэне і стаў угаворваць на гэтую ролю — шукаў выканаўцу, марыў паставіць спектакль сам. А мы ў нашым тэатры чыталі п’есу падчас гастроляў у Томску, і на мастацкім савеце аднагалосна усе сказали бярэм, і ў галоўнай ролі — я... Вось так я атрымала ў Томску яшчэ адну галоўную ролю — больш чым праз сорак год пасля нашага эвакуацыйнага жыцця там і пасля таго, як Літвінаў ставіў «Сабаку на сене» Лопэ дэ Вэгі са мною ў ролі Дыяны...
— Ты сказала, што спярша баялася гэтай Мод.
— Ну, я такая... Сапраўды, баялася. Асабліва, калі чыталі п’есу. Улічы, што мы ўсё ж паставілі яе інакш, чым было можна. У Францыі, да прыкладу, у тэатры Луі Баро, гэта было зроблена для заходняга гледача, больш смела і складана. Межы ў пачуццях, адносінах галоўных дзеючых асоб былі няўлоўныя, так я зразумела з прачытанага пра тую пастаноўку: сяброўства, сімпатыя... можа, у нейкія моманты і каханне, часам нават нешта блізкае да своеасаблівай эротыкі, нягледзячы на неверагодную розніцу ва ўзросце. Французскія акцёры прывозілі свой спектакль у Маскву, ролю Мод іграла ці не Мадлен Рэно, жонка Баро. А ў нас — больш светлага, вясёлага, такой дарослай дзіцячасці, наіўнасці, як бы гульня.
— Наколькі ж гэта рознае, што ты іграла апошнім часам: у кіно — старая жанчына з сібірскай глушы — хустка, ватоўка, хата, лес; у тэатры — графіня па паходжанню з нумарам фашысцкага канцлагера на руцэ, прынятая ў каралеўскім палацы, — экстравагантнасць і абаяльнасць, сучаснае еўрапейскае жыццё, шампанскае...
— Шампанскае, Еўропа? Так. А мае беларускія бабкі ў «Верачцы» Макаёнка, у «Мудрамеры» Матукоўскага, у «Страсцях па Аўдзею» Бутрамеева? А раней — у «Людзях на балоце» Мележа? А Марыля ў «Раскіданым гняздзе» Купалы? Сама здзіўляюся, калі падумаю. Але... я не думаю. А можа, ёсць тут нейкая сувязь з тою атмасферай майго маладога часу: дваццатыя гады, наша студыя, і вакол — такое мноства непадобнага ў мастацтве і ў тым, у прыватнасці, з чаго мы самі тады пачыналі...
— Мне думаецца, акцёры той, тваёй, эпохі былі ў сваіх ролях больш значнымі, мелі нейкую большую вагу, чым сучасныя. Яны культуру прафесіі і культуру наогул успрымалі толькі праз адно звяно пасрэднікаў, праз сваіх настаўнікаў, якія засталі яшчэ мастацтва мінулага стагоддзя. Хто ведае, можа, у вас таму і здольнасці да пераўвасаблення большыя — а пераўвасабленне, што б там ні казалі, усё ж, напэўна, і самае цяжкае, і самае галоўнае ў мастацтве. Гэтай якасцю, дарэчы, валодалі ў поўнай меры ўсе старыя майстры купалаўскай сцэны — ад Грыгоніса, Глебава, Дзядзюшкі да Платонава, Малчанава... Сённяшнія ж сучасныя акцёры — не беларускія, а ўвогуле, часта не пераўвасабляюцца, іншае жыццё, іншага чалавека не ствараюць; ці адно ведамі, розумам намагаюцца ўзяць, неяк толькі азначыць, акрэсліць гэта, — ці «самаігральныя», як Шэпіцька казала. I такое, на маю думку, у наш час назіраецца ўсё часцей не толькі ў тэатры, а і ў іншых мастацтвах.