Выбрать главу

Пасля рэвалюцыі мастачцы, якая мела раней нямала зямлі пад Мінскам, пакінулі ўсё ж нешта накшталт малюпасенькага фальварачка за Кальварыяй. Мой баць­ка прыходзіў да яе і сюды, браў з сабою мяне, і я запомніла, як ела, адшчыкваючы з галіны, чарэшню, як хадзілі на падворку, распускаючы свае рознакаляровыя хвасты, некалькі немаведама як ацалелых у гаспадыні райскіх птушак — паўлінаў і як сядзелі каля прыступак жабракі, калекі, што прыходзілі сюды за дапамогай і былі «мадэлямі» мастачкі...

У сорак першым, калі Мінск займалі немцы, гэты дом Мрачкоўскай загарэўся, але яна, ужо зусім старая, адзінокая, засталася на месцы, разам са сваімі карцінамі і кошкамі. «Проста не жадала выходзіць, ратавацца,— гаварыў бацька.— Дый навошта?..» Ён помніў яе такой, якою яна была ў той далёкі час, калі ён яшчэ хадзіў да яе вучыцца: з буйным, выразным тварам, яркай сівізною і ў вялікім цёмным берэце: «Усё роўна як на аўтапартрэце Рафаэля».

Бацька ў маладыя гады быў гулякам,— я памятаю яго па чыіхсьці расказах, як ён едзе на рамізніку ў ссунутым на патыліцу капелюшы і раскідвае ва ўсе бакі купленыя, відаць, жонцы і дачцэ баранкі замест даўно ўжо растранжыраных грошай — шыкоўны жэст!.. Сам жа ён неаднойчы прыгадваў, як малым знайшоў недзе са жме­ню медных манет, прабітых наскрозь пасярэдзіне,— хутчэй за ўсё, гэта цыганы рабілі сабе маністы,— і, заляпіўшы воскам дзіркі, купляў за гэтыя медзякі цукеркі, на ўсякі выпадак — кожны раз у іншым месцы, каб не злавілі.

Часцяком можна было бачыць бацьку з гітарай: ён іграў і спяваў. I недзе зноў знікаў. Маці здзіўлялася: «Ну толькі што во тут быў — зноў прапаў!»

У старажытным будынку з купаламі, дзе цяпер Дом мастацтваў, з нагоды юбілею царскай сям’і Раманавых апроч іншых урачыстасцей былі і «архірэйскія чытанні». Бацька купіў білеты, і я слухала «Тараса Бульбу», глядзела дыяпазітывы: убачыла панначку і ахопленага агнём Тараса. Але стаў біць страшэнны кашаль, нібы ў коклюшы, і архірэй даў зразумець, што вельмі не задаволены гэтым — бацька мусіў мяне вывесці.

А «тэатр» я ўбачыла ўпершыню ў садзе «Рэнесанс», каля ракі: драўляны будынак з агароджай замест сцен, а на сцэне — нейкая цётка спявае ў прыгожым адзенні з каляровымі стужкамі, з кветкамі. Бацька прывёў, але хутка і павёў адсюль некуды,— так нічога тады і не зразумела, а шкада — спадабалася...

У тых месцах, дзе яны жылі, кватаравалі — у цэнтры,— горад здаваўся вельмі вялікім і разнастайным. Вакол Саборнай плошчы ён быў амаль увесь каменны, цагляны, засаджаны пірамідальнымі таполямі — такімі, як тыя, чыё верхавінне яшчэ і да гэтай пары відаць са стадыёна, за паўднёвай трыбунай.

— Тут былі газавыя ліхтары, брукаванкі, электратэатр «Эдэн». Тут былі маленькія, але шыкоўна названыя прыватныя гатэлі: «Лібава» і «Вікторыя», гранд-гатэль «Гарні», «Парыж», у зале якога ў 1911 годзе ўпершыню ў Мінску распачала свае выступленні тэатральная трупа Ігната Буйніцкага. I тэатр-вар’етэ «Акварыум» з рэстаранам, дзе потым працавалі акцёры Уладзіслава Галубка... I была безліч прыватных фотамайстэрань, адна з якіх, Бернштайна, красавалася на галоўнай, Захар’еўскай вуліцы сваёй назвай «Рэмбрант».

Безліч было і закусачных. Паспрабуй тут не выпіць, казаў бацька, асабліва ж чатырнаццатага, у дзень па­лучкі, калі ідзеш з сябрамі пасля працы, узняўшы верх шапкі над брыльком, што азначае «задаволены начальствам», замест сумнага, насунутага на вочы «бліна», калі, наадварот, незадаволены, — ідзеш, а на кожным рагу табе — ці то бок барана, ці то парася з халадцом (ён гаварыў — «з галерэткаю»), ці то гусіная пячонка або шыйка.

Бывала, бацька вёз нас з маці адпачыць за горад, да лесу, дзе цяпер парк імя Чэлюскінцаў. Ён нанімаў Герцыка-Сроліка, самага таннага рамізніка, — у Мінску яго ведалі ўсе, — і мы трэсліся, падскоквалі на зэдліку за спінаю свайго фурмана так, што пачыналі «адпачываць» яшчэ далёка ад лесу, як толькі канчалася брукаванка і абітыя жалезам колы ўжо каціліся па мяккай дарозе... Куды лепей было, калі бацька вёў нас на рэчку, браў лодку і садзіўся да вёслаў — большай радасці мы з мамай не ведалі... А сярод бацькавых знаёмцаў быў нейкі Маронка-талстовец, сябар пісьменніка Караленкі, гэткі манументальны чалавек з белай барадою. Ён заўсёды, у любую пару, хадзіў апрануты ў «талстоўку» і босым, пакуль не выпадаў снег...