Аднак нейкая ўпартая і незразумелая сіла штурхала нас да вечных сварак з дзедам. Мы яго дражнілі, рагаталі над ягонымі звычкамі, слоўкамі, адзежаю. Тут былі дурата, хлапчуковая бяздумная жорсткасць, нешта яшчэ. А дзед так раз’юшана кідаўся ў гэтыя свары, так з’едліва і люта — а галоўнае, як роўны! — біўся з намі, быццам толькі і чакаў гэтага ў тым сваім асобным жыцці, калі моўчкі корпаўся ў калідорным хламе, стаяў ля падаконніка, малюючы надпісы да шыльдаў, дошак гонару, або сядзеў з якой-небудзь старой кнігай.
Ён прымушаў нас перад тым, як сесці да стала, мыць рукі. Ваду піць можна было толькі кіпячоную. I часта, нібы засцігнуты знянацку нашым прыходам са двара, ён сіпеў ад раздражнення і браўся выразаць нам кардонныя вусцілкі для змакрэлых чаравікаў... Тут нешта не стасавалася з усім тым, што мы пакідалі ў двары і што чулася адтуль то непрыгожым і крыху палохаўшым п’яным жаночым спяваннем, а то і радасным для нас звонам разбітага шкла.
Не стасавалася, ніяк не звязвалася між сабою і шмат іншага. У доме бьші драўляныя кеглі, купленыя дзедам з надзеяй прывучыць нас да добрых гульняў; ягоны высокі танканогі мальберт, які мы тузалі, пакуль не звальвалі прывязаным да ножкі рамянём, па-партызанскі лежачы пад ложкамі; і дзіўны дзедавы музычны інструмент — цытра, якая выклікала смех сваёю назваю. У доме быў вячэрні тэатр сілуэтаў з прасціною і лямпаю, якому навучыла маці, і дзённы тэатр на падаконніку са шклянымі фішкамі-акцёрамі, з ласкутамі каляровага аксаміту, што адліваў цьмяным бляскам, — і белыя гіпсавыя галовы Лаакаона і Данатэлавага конніка Гатамелаты на сценах. А па-за с ценам і дома заставалася ўсё тое, што чакала нас заўтра: пушчаныя намі пад адхон ваганеткі пленных немцаў, што разбіралі руіны, наша рэйкавая вайна з «фрыцамі» і завісанне разам з імі на тросах, якімі яны расхіствалі, каб зваліць, абгарэлыя цагляныя сцены, коміны, і бясконцыя, з ранку да цемнаты, асадныя абстрэлы каменнем двухпавярховага будынка дзіцячага дома, чыіх жыхароў мы рэдка калі бачылі, але заўсёды пабойваліся, добра ведаючы пра іхняё каварства і жорсткасць.
А вечаровы змрок па-за вокнамі ўсё гусцеў, ярчэй свяціла лямпа, спакойнае цяпло прыемна разлівалася ў целе, і, нібы здаўшыся, дзед пускаў нас у свой нябачна акрэслены круг зацішнай адасобленасці, дзе перагортваліся старонкі вялікай кнігі з адных чорна-белых малюнкаў, што прыцягвалі нас быццам магніт. І мы на нейкі момант сціхалі.
— Хто маляваў, а?
Незадаволена гмыкнуўшы, дзед мармытаў:
— Дарэ, Густаў Дарэ. Гэта Майсей... Каін і Авель... Ноеў каўчэг.
— А хто вось тэта? Разрывае ільву пастку.
— Самсон.
— Ён разарваў ці не?
— Гэта Самсон! Мацней за яго не было!
— Ну, а пасля? Гартай, гартай яшчэ.
Дзед зноў спыняўся на Самсоне:
— Ноччу, адзін, знёс на спіне браму ад горада.
— А тут? Яна адрэзала яму валасы?
— Ён спаў! Уся моц ягоная была ў даўгіх валасах, па плечы...
— Што, ён абвальвае гэта ўсё на самога сябе?
Самсон, хаця і з кароткімі, абрэзанымі валасамі, рассоўваў у бакі рукамі і каленам таўшчэзныя высокія калоны палаца, зверху ўжо валіліся каменныя глыбы балкона з людзьмі, а ўсе ўнізе, узняўшы галовы, у жаху ўскідвалі рукі.
— Яны яго асляпілі і вывелі паказваць, каб здзекавацца, насміхацца, — казаў дзед. — Дык ён сабраў апошнія сілы, упёрся во — і абваліў агромністы палац з крыкам: «Памры, душа мая, разам з філісцімлянамі!»
— Сіла... Такіх людзей больш ніколі і не было, напэўна?
У адказ дзед ізноў гмыкаў, здзіўляючыся, як гэта можна яшчэ пытацца пра такое. I хтосьці з нас звыкла пачынаў:
— А Лурых?
— Лурых! — дзед нават на хвіліну адварочваўся, даваючы зразумець, што пра гэта і расказаць нельга таму, хто сам не бачыў. — Ён у цырку выступаў. Барцом. Увесь як усё роўна літы з бронзы. I хоць бы кропелька якая тлусту — толькі мышцы!..
— Мускулатура, так?
— Атт! Няма вам чаго рабіць.
Бывала нават, што ён браў сваю, яшчэ даваенную, калі не дарэвалюцыйную гітару і, пашчыпваючы дзве струны, самую тоўстую і тонкую, паказваў, як скрыпка з кантрабасам вяртаюцца ні з чым з п’янага вяселля: