— Не елі, не пілі, ды яшчэ пабілі, — плаксівым голасам вёў дзед за скрыпку, а кантрабас ягоны з дакорам бубніў басам: — Я казаў, што так будзе, я казаў, што так будзе...
Тады мы крычалі: «Антэк млоды!» — і дзед, каб адчапіцца, гаварыў:
— Ну, Антэк млоды...
...носіў лёды
На Беляны, жэ аж страх;
Гды яму горонцо было,
Танцовал польку: рах-чах-чах!..
I мы так і бачылі перад сабою гэтага дзівака Антэка, які цягаў марожанае некуды ў страшэнна далёкае месца горада, ці не Варшавы, — аж «на Беляны», а калі яму рабілася горача, дык ён, узмакрэўшы, пачынаў яшчэ і польку танцаваць («рах-чах-чах»).
Але ні вось гэтыя гутаркі з дзедам, ні ягоныя песенькі, ні вусцілкі з кардону — і ўжо, зразумела, ні грэнкі — не маглі мы ўявіць вядомымі там, дзе прападалі пасля школы кожны дзень.
Дзед выдаваў нас з галавою. Як толькі ён набліжаўся да нашай вуліцы, дзе мы выглядалі акурат як усе з нашага хаўрусу, — мы адразу ж адчувалі сябе нібы выяўленымі шпіёнамі ў чужым лагеры. Патыхала здрадніцтвам да астатніх, хай сабе і здрадніцтвам міжвольным. Усё непадабенства, дзіўнасць нашага хатняга жыцця-быцця рабілася відавочным для ўсіх.
Hi мая маці, ні Клаўдзія Пракопаўна, маці Валодзі, з гэтага боку не выклікалі ў нас непакою. Да таго ж, мая маці ўсе дні і вечары працавала ў тэатры і «на радыё», а Клаўдзія Пракопаўна варыла і мыла бялізну ў кухні. Гэта былі жанчыны — звычайны свет, што меўся дома ва ўсіх, і настолькі звыклы, зразумелы, што яго амаль што і не заўважалі. Але дзед і парусінавы ягоны картуз, верх якога быў заўсёды ўзняты і адкінуты скамечаным калпаком назад, ці насоўка, што звісала з-пад картуза на патыліцу, каб сонца не напякло галаву, — не, гэта было ўжо занадта.
I мы ўмомант адступаліся і адхрышчваліся ад яго, паказваючы сваім выглядам, што мы — тут, з усімі, па-ранейшаму і назаўсёды, а дзіўны, смешны дзед, які з’явіўся немаведама адкуль і на што, — усяго толькі прыкрая недарэка, нейкае непаразуменне, не болей.
Да гэтага адступніцтва мы былі заўжды гатовыя. Можа, таму і прымаліся, каб неяк апраўдаць сябе, так злосна высмейваць сваё недарэчнае, убогае жытло.
Сам жа я ведаў тады, што ў выпадкова ацалелых кварталах горада ёсць кватэры «сапраўдныя», як іх зваў. Нездарма ж бадзяўся ў марознай сіняватай цемры па вуліцах, гледзячы на вокны, у якіх мякка, роўна залацілася цёплая, хвалюючая ўтульнасць, — і нават рабілася сорамна за гэтую сваю зайздрасць, калі хто-небудзь на вуліцы заўважаў мае з намерам запаволеныя крокі.
О, там, зразумела ж, было жыццё сапраўднае! Там не было і ценю дзедавых перагародак з фанеры, што ператваралі пакой у каморы, дзе ўсё тырчэла, валілася, падвязвалася дротам ці падпіралася стосам кніг. Аднойчы ён нават змайстраваў нейкія грувасткія «палаці», на якія нельга было ўзлезці, як нельга было і зайсці пад іх, не сагнуўшыся ў тры пагібелі, і дзе старадаўняе крэсла без адной нагі, крыва нахіліўшыся на бок, усё роўна як на каленях у сябе ўтрымлівала падлакотнікамі скрыню з бляшанкамі, а кут сырой сцяны слізка блішчэў, колькі б ні палілі. I тут, канешне, толькі дзед мог цэлымі днямі, стоячы ля падаконніка, маляваць жоўтай фарбаю на сіняй блясе шыльду з нікім ніколі не чутай, не зразумелай, проста дурной нейкай назвай «Консервлес». Той «Консервлес» пасля быў як знарок прыбіты да сцяны дома, у двары, і выходзіла, што гэта так наш дом завецца, а не сутарэнне пад ім, куды прывезлі сталы, лічыльнікі і бездань папак...
...Мы глядзелі на чужыя вокны па дарозе ў лазню. Надзеўшы на сябе ўсё, што было можна, дзед рухаўся наперадзе вялікім мяккім камяком, быццам набіты ватаю, а мы цягнуліся ззаду, ужо загадзя саромеючыся яго пры сустрэчы са знаёмымі.
Пішчаў пад абцасамі цвёрда ўбіты на вузкім тратуары снег. Рэдкія лямпачкі злёгку пагойдваліся ўверсе на слупах. Настылымі свежымі дошкамі патыхала ад новага плота ў канцы вуліцы, мёрзлі ў кішэнях рукі, а ў глыбіні ўтульных, з зайздрасцю адзначаных акон ужо было наліта цёплае густое святло, і там віселі маленькія купалы малінавых або зялёных абажураў.
I тут раптам дзед, быццам бы ледзь утрымліваючыся на нагах, рабіў свой нечаканы крок-выпад у бок людзей, што ішлі, як ён быў упэўнены, ужо з лазні, і, узмахнуўшы рукою, гулка крычаў:
— Ну як, завозна сёння там?
Людзі адхістваліся, потым нешта адказвалі, а мы ўжо трымалі яго за рукавы:
— Не мог па-людску запытацца?..
— Не мог! Не мог, вашы вялікасці! — ускіпаў зараз жа дзед, строячы грымасы і ледзь не прытанцоўваючы са сваім баулам. — Ну навучыце вашага слугу, ну навучыце! I каго вы толькі з сябе корчыце!..