Выбрать главу

I са здзіўленнем падумалася: як жа даўно людзі ведалі ўсё тэта, калі нават прыдумалі такую пагаворку. «А, дык яны, выходзіць, нібы загадзя дапушчалі гэта і ў выпадку са мною?.. Сам ты не ведаеш і не гадаеш, анічога не баішся, а хтосьці ўжо ведае ўсё, ведае...»

I вось, напэўна, у тую самую хвіліну, калі дзед падаўся да кухні, калі злёгку хіснуўся, паварочваючыся на сагнутых у каленях, пакрыўленых нагах, — у тую самую хвіліну я пазайздросціў яму.

Я пазайздросціў таму, што дзед увесь тэты час спакойна тупаў тут, сярод хатняга, ціхага зараз, як малень­кая бухтачка, жыцця, дзе ў дальнім куце за дзвярыма ваннай заўсёды вісіць, утульна і нявінна, блякла-зялёная, цесная ўжо майка, а з левага боку — рушнік, што памятае твае рукі, твар і пакуль не трапіў яшчэ ў імклівы вір хатняга мыцця бялізны. Старая твая адзежа па-ранейшаму вісіць на вешалцы і чакае, што ты яе апранеш; абутак паслухмяна стаіць унізе і таксама чакае.

Не, дзед не пакідаў гэтага цяпла са звычнымі пахамі нашага жыцця дзеля ўсяго таго, дзе спачатку аж займае дух ад захаплення, а пасля — уніз, і дух быццам выходзіць з цябе і застаюцца адно сорам і горыч. Ён не чапляўся за гэтае «кола шчасця», што ўздымае толькі для таго, каб апусціць, не болей. Дзед, пэўна, нешта такое ведаў, што засцерагае...

«А не папярэдзіў», — хацелася ўпікнуць яго. Верылася ў тую хвіліну, што ўдалося б засцерагчыся, калі б дзед падказаў.

Дле ні папроку, ні крыўды чамусьці не было: там, у паўзмроку ўжо не начной пярэдняй, дзе ціха з’явіўся дзед,— там ён стаяў зусім апрануты. Значыцца, так і не распранаўся, і не клаўся.

Усё чакаў...

34

У той час дзеду ўжо было, здаецца, пад семдзесят, і на палатне алеем ён нічога не пісаў. Што ўдалося зрабіць да вайны — прапала ў гады акупацыі разам з большасцю калекцыі Мінскай карціннай галерэі.

Засталося літаральна некалькі ягоных работ, і сярод іх — «Аўтапартрэт» і «Партрэт дачкі».

Дачку ён пісаў у дваццаць трэцім.

— Я ўжо колькі часу жыла і вучылася ў Маскве, дадому прыязджала на канікулы, а калі ад’язджала зноў, бацька і маці ішлі на Брэсцкі вакзал мяне праводзіць. Я прыбягала аднекуль у апошнюю хвіліну з букетам гваздзікоў, якія сама сабе і купляла з такой нагоды: я — артыстка, я еду ў Маскву, каб вучыцца далей, — не было на свеце нікога, шчаслівейшага за мяне, я не ішла і не бегла — ляцела!.. I аднойчы, калі ўлетку гасцявала дома, бацька вырашыў напісаць мой партрэт — а можа, я сама прапанавала ці папрасіла, — і ўсё зладзілася хутка і проста, без падрыхтоўкі. У блакітна-шэрай сацінавай сукенцы з кароткімі рукавамі, з вузкім беларускім паяском на галаве, я села на стале, падкурчыўшы ногі, абапіраючыся на стол рукамі і гледзячы некуды ўбок, а абедзве касы ляглі на калені. Хутчэй за ўсё гэта я сама і прыдумала пазіраваць іменна так, таму што прыгадваю, як рабіла «фон», развешваючы сінюю хустку і замацоўваючы на ёй нешта накшталт бантаў з чырвонай гафрыраванай папе­ры. Бацька ўзяў аркуш кардону, прыкладна метр на паўметра, і за адзін ці два сеансы гэты дэкаратыўна-плоскасны партрэт тэмпераю быў гатовы. Яго можна цяпер бачыць у любым выданні рэпрадукцый з карцін Беларускага мастацкага музея і ў самой ягонай экспазіцыі...

У тым партрэце няцяжка заўважыць адметнасць тагачаснай манеры маладога дзеда — своеасаблівую, «наіўна»-смелую раскладку колера; прыкладна тое ж самае ёсць і ў «Нацюрморце з яблыкам», і ў «Хатах». Пазней, у сталым узросце, ён стане перакананым і заўзятым рэалістам. Але ў хатніх вечаровых гутарках ён апроч імёнаў Рэпіна і Крамскога, Левітана і Паленава або Мілле і Курбэ будзе калі-нікалі вяртацца і да Маціса, Клода Манэ як да чагосьці свайго маладога, лёгкага, свабоднага ад цяжкога, грувасткага «праўдападабенства», якое цалкам так і не авалодала ім.

Пасля Масквы, у 1921 годзе, дзед упершыню трапіў на выставу — у яго ўзялі колькі работ, сярод іх былі «Сум» і «Дэкаратыўны матыў». А праз чатыры гады ён удзельнічаў у падрыхтоўцы Першай Усебеларускай мастацкай выставы. Быў час вялікіх спадзяванняў, усё кіпела, дыхала абнаўленнем, адраджэннем. Цяпер ён паказаў свае новыя палотны: рамантычны партрэт тэатральнага студыйца Васіля Рагавенкі ў ролі рыцара са спектакля «Цар Максімільян» і партрэт Міхася Філіповіча, свайго малодшага сябра, які пасля стане яркім нацыянальным жывапісцам і якога ён пісаў тут найперш як беларуса, з характэрнаю прыроднаю мяккасцю, непасрэднасцю і даверлівасцю ў твары...