Выбрать главу

Там, у тым часе, у яе дзіцячым, потым і юнацкім узросце, — яшчэ адно жытло: наўзбоч вакзала, на Петраградскай тады вуліцы.

— Гэта сюды аднаго разу пасля рэвалюцыі пешшу дабралася з-пад Докшыц — значыцца, з-за мяжы, з Заходняй Беларусі — мая прабабка Агаф’я, што перажыла бабулю Мар’яну і ўжо пачала страчваць розум, але бадзёра і безупынку, усё подбегам, подбегам кідалася ўсюды, куды толькі магла. Як і раней у сябе ў вёсцы, дзе яна калядавала, Агаф’я і ў нас сыпала зразумелымі ўжо ёй адной прыгаворкамі:

А смерць сядзела ў куточку,

Iрвала на сабе сарочку...

Або:

...Хрысту, Параску,

Сідар і Навум...

Потым яна, таксама нечакана, без прычыны, як і з’явілася, пайшла — і мы больш нічога пра яе ніколі не чулі. «Сышла»,— так гаварылі ўсе,— памерла недзе ў да­розе, у полі, а мо ў лесе, не дайшоўшы да дому...

У той драўляны дом каля Докшыц, да бабкі і пра­бабкі маці з бацькам некалькі разоў вазілі яе, маленькую:

— Ад Маладзечна ехалі ўжо не цягніком, а на драбінах. Падлога ў хаце была земляная. Адразу ж ад ганка пачыналася жыта — высокае жоўтае поле ішло, здавалася, проста ў неба. Прыбягала ўлюбёная ў мяне без памяці, як «гарадскую», дачка пана, у якога даглядала жывёлу бабка Мар’яна, — і ўсё цалавала, лізалася і слініла мне вочы і шчокі. I ўгледзеўшы гэтую сваю апантаную паклонніцу яшчэ праз акно, я кідалася на ложак, хаваючыся пад коўдрай: «Галава баліць!..»

А ў мінскім драўляным доме каля вакзала, на Петраградскай, іх застала вайна 1914 года. У небе можна было бачыць аэрапланы германцаў. Служба бацькі эвакуіравалася ва Уладзімір, і яны дабіраліся туды амаль што цэлы месяц у таварным вагоне — чатыры сям’і жылі там на двух «паверхах».

— Калі вярнуліся ў Мінск, я пачала вучыцца ўжо не ў Марыінскай гімназіі, куды паспела паступіць перад вайной, бо гэты адметны будынак бардовага колеру вельмі падабаўся маці, а ў «Міністэрскай», як яе называлі. Яна размяшчалася недалёка ад гарадской турмы, трохі ніжэй, і мне назаўсёды запомніліся жудасныя прозвішчы ўладальнікаў прыватнай лячэбніцы на процілеглым баку вуліцы: Грабавіцкі і Абдзерскі...

У гэтай гімназіі яна паспела скончыць чатыры класы: перашкодзіла рэвалюцыя. А да таго было толькі трохкласнае царкоўнапрыходскае вучылішча ля Свіслачы, ку­ды ёй так хацелася хадзіць разам з сяброўкамі з двара і прыёму куды яна-такі дачакалася.

— Больш за таго: нас, вучаніц, аднойчы прывялі на Саборную плошчу, паставілі на ўзвышэнні, дзе зараз сквер на плошчы Свабоды, — і я бачыла адтуль прыезд цара ў дом губернатара.

Я ведала, што маю сяброўку Олю Вашкевіч ужо прынялі ў тэатр, праўда, у статысты, але ж там спявалі і, самае галоўнае, танцавалі, а ўсё астатняе ў параўнанні з гэтым ужо не заўважалася, як і не існавала. У Олі быў ужо і тэатральны «псеўданім» — яна называла сябе Вольгай Верас. Раней сяброўка забягала вечарамі, я выходзіла яе праводзіць, не апранаючыся, без паліто, толькі крадком брала туфлі, каб маці не заўважыла, — і забывала ўсё да начы: былі адно — танцавальная зала і тлумачэнні настаўніка...

Але былі яшчэ цудоўныя Кунусы, брат і сястра.

— Бацька сябраваў з імі, часта бываў у іх са мною — я адчувала сябе тут як дома, доўга корпалася на гарышчы ў старых кнігах. Мяне вельмі любіла Эмілія Іванаўна Кунус, жанчына з прыгожай постаццю, з чырвона-залатымі валасамі і вуалеткай на твары — ён быў пабіты воспінамі.

Эмілія Іванаўна шыла мне сукенкі — прыгожа, з густам: да рэвалюцыі ў яе на Садовай вуліцы (цяпер — Купалы) была маленькая швейная майстэрня дамскага ўбранства, дзе некалькі работніц і яна сама працавалі цэлымі днямі. Ночы Эмілія Іванаўна праседжвала за выкрайкамі. Пасля году такой працы яна ехала на месяц-два ў Пецярбург або Маскву і там ужо — жыла: дарагія ўборы ўласнага вырабу, абеды і вячэры, тэатры і выставы, лепшыя гатэлі. Швейцары пачціва кланяліся, служкі лё талі, збіваючыся з ног. Дама з вуаллю. Усе думалі — графіня.

I вось аднаго разу ў Маскве яна сустрэла таго, каго, відаць, шукала. Гэта быў Феафан Мікалаевіч Лішневіч, знаўца і дэгустатар жыцця, заўзяты эпікурэец, дабрак, перакананы і безнадзейны паэт. Ён стаў наездамі бываць і ў Мінску, прысвячаў Эміліі Іванаўне свае вершы. У яго быў ружовы нос — «фуфлейкаю», як казаў бацька, маючы на ўвазе трубку для курэння, што пашыралася на канцы і загіналася як кульба. Аднак жа праз нейкі час Феафан Лішневіч перастаў прыязджаць. Эмілія Іванаўна раскладвала пасьянсы, варажыла пра яго. Усё спадзявалася, чакала — і доўга, доўга...