Над кніжнай крамай, з драўлянага балкончыка знаёмых, разам з цудоўнай сям’ёй Чалікавых — памятаеш іх? — мы глядзелі першамайскія пасляваенныя парады. Быццам бы з ложы ў тэатры. Так усе радаваліся міру і жьщцю, што пра вайну амаль не ўспаміналі. А толькі ўсяго гады са тры таму наўсцяж усёй гэтай галоўнай вуліцы ляжалі нашы забітыя палонныя — вы мне расказвалі, калі я прыехала.
— Той зімою сорак другога немцы іх усю ноч гналі з Таварнай станцыі некуды праз горад, і ўсю ноч чулася страляніна. А жанчыны з нашага дома раніцай, калі скончылася каменданцкая гадзіна, дайшлі галоўнай вуліцай да сквера ля цяперашняга тэатра Купалы — і ўсюды ўздоўж тратуараў ляжалі забітыя — ніцма, бо спярша, напэўна, падалі на калені і ўперад ад знямогі — такія схуднелыя былі. I ўсюды была відаць кроў, замерзлая на вытаптаным снезе. Жанчыны нашы запомнілі гэта — і двух мужчын у форме нямецкіх афіцэраў. Яны ішлі наперадзе, пільна ўглядаючыся ў забітых, быццам вышукваючы некага. Па напружаных тварах было прыкметна, што яны нярвуюць. Прагна курылі, аглядаліся, заўважылі, што звяртаюць на сябе ўвагу. I тады нашы жанчыны павярнулі і пайшлі назад... Вось расказалі мне, даўно — а да гэтай пары стаіць перад вачыма. Хто былі тыя двое? Kaгo шукалі? Ужо ніколі не дазнаешся. Таямніца, загадкавае, як жыццё наогул.
— ...А потым ужо бачыла я праспект, які забудоўваўся ў цэнтры новымі гмахамі.
— Увесь пасляваенны цэнтр Мінска будавалі, танцуючы як ад печы, ад раскошнай будыніны Камітэта дзяржаўнай бяспекі з калонамі. Хто бачыць упершыню, дык думае: тэатр — шыльды ж няма і не было ніколі, як і ў Маскве, дарэчы. Будавалі палонныя, толькі немцы ўжо. Ахоўвалі гмах салдаты ў доўгіх белых кажухах; вінтоўкі са штыкамі. Ахоўвалі гаспадара, другога пасля Берыі Лаўрэнція — Цанаву.
— Што было на гэтым месцы да вайны? Я спрабавала ўспомніць — не магу.
— А гэта ўжо зусім іншая справа, больш людская. Цікава, што амаль ніхто ўжо не ведае. А я ведаю. Тут было самае неабходнае ўсім людзям у горадзе — ГУМ. I ў ім працавала мая цётка Надзежда Іванаўна.
40
— Адна з маіх апошніх роляў у нашым тэатры — Анфіса, бабуля ў «Трох сёстрах» Чэхава. I вось слухай: падчас прэм’еры атрымліваю з Масквы сцэнарый новага фільма па гэтай п’есе. Напісаў папулярны, спрактыкаваны такі сцэнарыст Мярэжка. Прасілі азнаёміцца на выпадах магчымай будучай работы. Ну, чытаю. Глядзі сам, што там ужо засталося ад Чэхава, ягоных «Трох сясцёр», увогуле ад таго жыцця, якое ён апісаў. Вольга, старэйшая, што працуе ў гімназіі, тут, у сцэнарыі, цалуецца з гімназісцікамі. Маша закаханая — і не платанічна, не — у Ірыну, ці наадварот. Салёны закаханы ў Тузенбаха — ці зноў-такі наадварот. Усё, значыцца, з найсучаснымі гэткімі, рыначнымі вострымі прыправамі. У рэшце рэшт — хай сабе, але пры чым тут Чэхаў? Маўляў, па ягоных матывах. Ну няма ў яго такіх матываў. Яму яны не былі патрэбны, абыходзіўся неяк. Дык чаго ж вы за яго прымаецеся? Рабіце сваё і пакінце яго ў спакоі.
— Не — «па матывах». Калі сваё праваліцца, дык разам з Антонам Паўлавічам — і тады, магчыма, хоць паспачуваюць.
— Я табе расказвала пра маё апошняе «сучаснае кіно»? Здымалася ў Ялце, памятаеш? Такі кадр: у шырачэзным капелюшы, высунуўшыся ў вакно, страляю з ружжа...
— У каго?
— Не ведаю, не сказалі.
— Хто аўтар, рэжысёр? Якая назва?
— Не пытайся ў мяне. Нават не было часу даведацца. Хуткасць. Дынаміка. Камерцыя.
— А стрэліла тваё ружжо?
— Так, два разы.
— Пацэліла?
— Пацэліла, хоць і не бачыла. Пабачыла ўжо ў касе, шкада, што толькі эпізод. (Смяецца.) Я разумею, разумею — сучаснае кіно не толькі такое, гэта, можа, і сапраўды адно эпізоды ў ім. Але ж, але ж... Як усё змяняецца на свеце! Хіба ж я магла калі думаць, што буду іграць тое, што іграю зараз? А кіно, такія вось кадры — цікава, калі б іх пабачыў тата... I што дзіўна: чым далей ад пачатку жыцця, ад дзяцінства — тым бліжэй, бліжэй такі во «кадр» адтуль — старая фотакартка некалі была: я, малеча, і тата, нейкі вайсковец, ягоны прыяцель — грудзі наперад выгнуты, вусы — і іншыя яго сябры, я нават прозвішчы іх памятаю, — і муляж сабакі з намі, столік на бярозавых ножках. Так мы стаім, у тым часе, у нейкім «атэлье». I значыцца, хтосьці, накрыўшыся чорным сукном за трыногай апарату, кажа нам: «Спакойна. Здымаю. Глядзіце сюды!» I вось глядзім дагэтуль. Не, гэта ўсё, жыццё увогуле, — як сон...