Выбрать главу

... Можа, гэта і сапраўды сон.

Сон, у якім ты — не тое што не малы, а і даўным-даўно не малады — ляжыш на ложку, не хворы і не стомлены, адно супакоены пасля раптоўна адышоўшай трывогі і цяжкага пачуцця безвыходнасці — ляжыш і Hiбыта бачыш, хоць бачыць не можаш, як маці, стоячы побач, у галавах, кладзе, супакойваючы цябе, сваю ру­ку — і не на галаву табе, а толькі блізка да яе, на падушку, і рухі ейнай рукі гучаць, як голас, словы, інтанацыя — і нават лепш за іх — і ты ўсё разумееш.

Сон? А гэта наступнае — таксама сон ці ўжо ява? Не так проста дакладна адказаць — і папраўдзе, не так ужо і хочацца гэта ведаць. Хочацца толькі глядзець і слухаць тое, што нібы без усялякай сувязі паміж сабой выплывае з туману дзён і гадоў — даўно бачанае і чутае, але і нейкае новае зараз для цябе.

Напрыклад, тое, як падчас першага пасляваеннага адпачынку з маці ў санаторыі ў Друскеніках, зазірнуўшы ў цесны зальчык санаторнага клуба, пазнаўшы, усё ж не пазнаеш яе на маленькім няўклюдным памосце: светлавалосую, у чорнай аксамітнай сукенцы, з блішчастымі каралямі, завушніцамі і з веерам у руцэ, калі яна, Дыяна, з жаночай уладарнасцю трыумфуе сваю перамогу над Тэадора — Барысам Кудраўцавым, з якім яны іграюць тут перад адпачываючымі сцэны з «Сабакі на сене» Лопэ дэ Вегі.

...I як тая самая жанчына, але ўжо іншая, праз шмат, шмат гадоў на сваёй звыклай вялікай сцэне шчымліва камянее ў горы купалавай Марылі з «Раскіданага гнязда», пасля горкіх слоў Сымону — Валянціну Белахвосціку:

Гаворацы «Ноч», — хоць дзень на свеце —

I ты з усімі «Ноч!» — крычы.

Крычацы «Галей!» — ідзі галеці.

Крычаць: «Маўчы!» — і ты маўчы.

... I тое, як яшчэ праз нейкі час яна выходзіць да краю сцэны са складзенымі перад сабой у малітве рукамі, яна, маці Зуйка — Уладзіміра Кудрэвіча ў «Страсцях па Аўдзею» Бутрамеева. I ў голасе яе, які ўсё ж з гадамі крыху мяняецца, ты чуеш і тое ж самае, здаўна знаёмае, нязменнае, што пазнаеш і з тысячы нават падобных галасоў як наяве, так і ў сне — а падобных на свеце няма.

Калі гэта адбываецца?

Калі гэта было?

Не так ужо і важна. Важна, што калі яна на сцэне, можна нават і не глядзець усяго ад пачатку да канца, а толькі чуць яе голас, седзячы, да прыкладу, у паўзмроку фае Малой купалаўскай сцэны або ў яе грыміравальным пакоі, дзе спектакль чуваць з дынаміка. I адчуванне будзе кожны раз адно і тое ж. Гэта адчуванне нечага спакойнага і нават хатняга, і яго ўзнікненне заўсёды падказвае табе, што там, на сцэне, у тым цяперашнім жыцці ў маці ўсё ідзе як след. I наадварот, калі ты гэта бачыш з крэслаў у зале, прыходзіць пачуццё, што й па-за сцэнай усё ідзе як мае быць.

Так. I думаючы пра гэта, спрабуючы гэта неяк выявіць у спалучэннях слоў і фраз, у пісанні, міжволі пытаешся ў сябе: а хіба не менавіта гэтае пачуццё і адчу­ванне яшчэ з малых гадоў і злучыла для цябе, толькі падсвядома, у адно, непадзельнае ўсё тое, што пазначаецца словамі «дом і тэатр» — «тэатр і дом»?.. Ну, дык тады ўжо і шырэй, калі не збаяцца гучных выразаў: «мастацтва і жыццё» — «жыццё і мастацтва».

А чаму не, уласна кажучы? Чаму не, калі вось жа яны ўвачавідкі разам перад табою — мастацтва і жыццё, дом і творчасць, тэатр і сям’я. Бо ўвайшоўшы ў драўляны дом з музейнымі пакоямі Змітрака Бядулі, у якім некалі знаходзіў прытулак і Максім Багдановіч і які мы зараз у простай гаворцы завём знаёмым цёплым словам «хат­ка», — калі прыйшоўшы сюды на вечарыну і распранаючыся каля скрыні з дабрачыннымі, так імкліва губляючымі свой кошт грашыма, ты бачыш праз адчыненыя дзверы знаёмых студэнтаў у невялікім зальчыку і чуеш адтуль імгненна пазнавальны, як з фае ці з-за куліс, голас. А ў перапынку бачыш, як яе, сённяшнюю госцю «хаткі», абступілі, схаваўшы ад цябе, людзі.

Ты ведаеш, што яна там гартае перад імі свой старэнькі, аж з 20-ых гадоў, альбомчык, паказваючы, што пісалі там ёй калісьці Якуб Колас, Змітрок Бядуля, што маляваў Міхась Філіповіч... Ведаеш, што гаворыцца зараз ёю, бо чуў ужо гэта дома, — але ведаеш і тое, што кожны раз, і зараз таксама, яна прыгадае штосьці інакш, убачыць з вялізнае далечыні часу нешта новае.