Выбрать главу

— Іх на фронт везлі.

— Не давезлі нават і да фронту. I мне ўсё думалася: вось у нашых хлопцаў былі розныя адтэрміноўкі, а вайна іх ўсё роўна ўзяла, каб зжэрці сваё хоць і тут, у далечыні. I бачу: ужо кідаюцца подбегам да нашых вагонаў мясцовыя жыхары, ужо цягнуць адтуль нашы коўдры і ўсё, што можна — з гэтага ружовага крышава...

— I гэта таксама вайна.

— Канешне... А як доўга стараліся яе паказваць? Адно ўрачыстае ды манументальнае давай. Памятаю, у Маскве, на нейкім юбілеі перамогі, я павінна была чытаць вершы на магіле Невядомага салдата ў Аляксандраўскім садзе, каля Крамля. Ну, маё адзенне, постаць, тэкст — усё павінна было быць велічна-журботным, менавіта вось з велічнасцю такой, а не проста тужлівым. I што ты зробіш — як толькі пачалося, я адразу ж і збаялася. Адчувала за ўсім гэтым зашмат начальніцкага, кіраўнічага, адказнага. I ў адным месцы тэкст забылася, спатыкнулася. Як мучылася потым! Былі і позіркі — не тое, каб адкрыта незадаволеныя, але...

Я адхілілася: дабраліся мы нарэшце да Мінска. Кастрычнік сорак чацвёртага, так думаю. Убачыла цябе — чужы нейкі, вялікі, худы, зубы пярэднія здаюцца даўгімі, непрыгожымі. Ад’язджала ж тры гады таму на гастролі ў Адэсу — пакінула бабулі зусім іншага.

— А я гляджу: нейкая жанчына смяецца, ідзе да мяне ў зялёным касцюме, і светлыя косы прыгожа ўкладзены на галаве... Я такіх жанчын яшчэ не бачыў тады — і гэта мая маці?

— Так, і пачалося быццам бы яшчэ адно жыццё. Далёка-далёка засталіся Томск, любімыя Басманчыкі, як звалі мы нашых гаспадароў кватэры Басманавых. Вось мой даваенны томік Пушкіна з ягонымі драматычнымі творамі — гэта памяць пра іх і да гэтай пары...

Пачалося яшчэ адно жыццё. 3 тваёй бабуляй Каралінай Стэфанаўнай мы спілавалі на дровы грушу якраз у тым месцы, дзе я некалі жыла, каля вакзала. I прывезлі на санках чурбакі да яе ў хату, на вуліцу Талстога, дзе я перад вайной пакінула цябе і дзе вы ўсе засталіся жывыя...

45

...Не так даўно ў сярэдзіне светлага жнівеньскага дня я пабываў там. Мінаваў роўнае асфальтавае месца, дзе стаяў некалі той наш дом, і рушыў далей, у бок чыгуначнага пераезда. Тут пасля вызвалення горада ад немцаў хадзіў у першы клас на вуліцу Прыгожую; тут апускаўся на траву пад нечымі вокнамі, калі рабілася млосна пасля ўрокаў, і расказваў прыяцелю пра ўбачаны ўпершыню ў школе лялечны спектакль — «Каштанку»...

Каля перакрыжавання вуліц папіў вады з калонкі, абцёр твар, агледзеўся. Лебяда, палын і лопух; разрыта ўсё — ці то катлаван, ці то карьер; жоўты пясок, кучы шчэбню — дарогу новую вядуць... I быў момант, калі ўсё наўкол і нада мною як бы спынілася, завісла ў нейкай дзіўнай цішы і стоме гэтага, як здалося, бясконцага, быццам у дзяцінстве, высокага сонечнага дня. Анідзе не было відно і чутна ніякіх работ. Пустэльна, толькі тры дзяўчыны, перагаворваючыся са смехам, прайшлі да Вакзальнай вуліцы, падняўшыся на насып, і зніклі за высокім дзікім кустоўем, што разраслося тут каля нікому цяпер, апроч мяне, не патрэбнай водаправоднай калонкі. Сакаталі, аж заходзіліся, у кустах конікі, нерухома стаялі слупкі конскага шчаўя, тхала нагрэтай сонцам лістотай. Усё было, як і даўным-даўно, у іншым, далёкім ужо жыцці. Не хацелася ісці, хацелася адно стаяць і стаяць тут, гледзячы на ўсё гэта, думаючы аб нечым і не думаючы ні пра што.

I тады наперадзе павольна, гучна пастукваючы, пацягнуўся таварны цягнік — і цягнуўся доўга, як усё роўна ў сне, яшчэ больш узмацняючы адчуванне гэтага дзіўнага спакою і стомы, што бясконца доўжыліся тут, у месцы, якое быццам неяк выпала з аграмаднага горада і адгарадзілася ад яго густой зелянінай, жоўтымі насыпамі і гэтым марудным, закінутым сюды і забытым усімі таварняком, які ідзе, каб толькі некуды ісці.

Тады падумалася — і ўбачылася, неяк вельмі хутка і як бы зверху, нібы на карцінах Брэйгеля, — падумалася пра тое, як жылі мы, наша сям’я, нашы блізкія — і тут, у гэтым месцы горада, і ў іншых месцах; пра тое, што бывала ў нашым жыцці і што ў ім сталася, — і яшчэ пра шмат чаго іншага. А галоўнае — пра тое, што жыццё гэта наша адыходзіць — і з гадамі ўсё хутчэй і хутчэй, а ў некаторых ужо і зусім адышло.

I стала ў тую хвіліну так зразумела: самае неабходнае з таго, што ўсе мы здольны і павінны рабіць на свеце, — гэта як мага часцей бываць так ці інакш, хоць у думках, знутры будзённага кола жыцця кожнага з нас. Тады ў гэтых міжвольных набліжэннях будзе ўзнікаць нешта накшталт нябачнай сферы ўсяго роднага і блізкага. Там і будзе збірацца, назапашвацца, можа, неяк уплываючы і на іншых, тое, пра што мы думаем звычайна: колькі ўсяго было і ёсць добрага — куды ж гэта потым дзяецца? А вось сюды, у гэтую нябачную сферу, на адвечнае захаванне і множанне для тых, каму ёсць у гэтым сапраўдная патрэба, — вось сюды ўсё гэта і дзяецца, напэўна...