Выбрать главу

Вынырнуўшы з чорнай пашчы завулка, мяне спалохаў нейкі праходжы, нейкі адзінокі начны запаздалец са стомленай паходкай, у кепцы і сінім каптане. На плячы ён нёс жардзіну з плакатам, а на жываце, на рэмені латок, як у кірмашовага разносчыка. Зморана ступаючы па-перад мною, ён не абарочваўся, а то б я павітаўся з ім і пачаставаў бы цыгаркай. У святле бліжэйшай лятарні я паспрабаваў прачытаць ягоны штандар, яго чырвоны плакат на жэрдзі, але той хістаўся, і я нічога не разабраў. Тады я аклікнуў яго і папрасіў паказаць мне плакат. Ён спыніўся і патрымаў жэрдзь крыху мацней, і я прачытаў хісткія літары:

Анархісцкі вечаровы атракцыён!
Магічны тэатр!
Уваход не вам...

- Якраз вас я і шукаў, - усклікнуў я радасна. - Што гэта ў вас за атракцыён? Дзе ён будзе? Калі?

Ён ужо зноў ішоў.

- Не ўсім, - сказаў ён абыякава, сонным голасам, ідучы далей. Яму было годзе, яму карцела хутчэй дамоў.

- Пастойце, - крыкнуў я ўподбег за ім. - Што там у вас у скрынцы? Я гатовы што-небудзь купіць.

Не спыняючыся, той машынальна палез у скрынку, дастаў нейкую кніжачку і працягнуў мне. Я хуценька схапіў яе і схаваў. Пакуль я расшпільваў паліто, каб дастаць грошы, ён павярнуў у падваротню, зачыніў за сабою варотцы і знік. З двара пачуліся яго цяжкія крокі, спярша па бруку, потым па драўнянай лесвіцы, а потым ужо нічога чуваць і не было. І раптам я таксама вельмі змарыўся і адчуў, што ўжо позна і што няблага было б вярнуцца дамоў. Я пайшоў баржджэй праз сонную ўскраіну, дабраўся да свайго раёна, дзе сярод парку на месцы старога гарадскога вала, у дагледжаных даходных дамах за газончыкамі і плюшчом жывуць чыноўнікі і дробныя ранцье. Міма плюшчу, міма газона, міма маленькай елачкі я прайшоў да ганка, намацаў куды ўсунуць ключ, знайшоў кнопку асвятлення, пракраўся міма шкляных дзвярэй, міма паліраваных шафаў і вазонаў з раслінамі і адамкнуў свой пакой, сваю маленькую ўяўную радзіму, дзе мяне чакалі фатэль і печ, чарніліца і эцюднік, Наваліс і Дастаеўскі, чакалі так, як чакаюць іншых, правільных людзей, калі тыя вяртаюцца дамоў, маці альбо жонка, дзеці, служанкі, сабакі, каты.

Калі я здымаў мокрае паліто, мне зноў на вочы ўскінулася тая кніжачка. Я дастаў яе, гэта была тонкая, дрэнна надрукаваная на дрэннай паперы кірмашовая брашурка, тыпу кніжак «Тым, што нарадзіліся ў студзені» альбо «Як за восем дзён скінуць дваццаць гадоў».

Але, уладзіўшыся ў фатэлі і начапіўшы акуляры, з са здзіўленнем, з раптоўным адчуваннем, што тут утачыўся сам лёс, прачытаў на вокладцы назву: «Трактат пра Стэпавага ваўка. Не ўсім».

І вось які быў змест брашуры, якую я, з усё большай цікавасцю прачытаў адным духам.

Трактат пра стэпавага ваўка. Толькі вар'ятам

Жыў раз адзін нехта Гары, празваны Стэпавым ваўком. Ён хадзіў дзвюма нагамі, насіў вопратку і быў чалавекам, але ў сутнасці быў якраз стэпавым ваўком.

Ён навучыўся шмат з таго, чаго здольныя навучыцца людзі здаровага глузду, і быў даволі разумны. Але чаго ён не навучыўся, дык гэта быць задаволеным сабою і сваім жыццём. Гэта яму не ўдалося, чалавек ён быў насупа. Учынілася яно так, мабыць, таму, што ў глыбіні душы ён заўсёды ведаў (альбо думаў, быццам ведае), што ў істоце сваёй ён зусім не чалавек, а воўк са стэпу. Разумныя людзі хай сабе ў спрэчках сцінаюцца, ці быў ён сапраўды стэпавы воўк, ці быў ён, можа, нават да таго, як нарадзіўся, ператвораны нейкімі чарамі з ваўка ў чалавека, альбо ж ягоная перакананасць, што ён воўк, была ўсяго толькі прымарай, галюцынацыяй хворага чалавека. Можна ж, напрыклад, дапусціць, што ў маленстве чалавек ён быў дзікі і ваўкаваты, неакілзаны і неўпарадкаваны, што ягоныя выхаваўцы спрабавалі забіць у ім звера і тым самым прымусілі яго ўявіць і паверыць, што ён і насамрэч звер, толькі прыкрыты тонкім флёрам выхавання і чалавецкасці. Пра гэта можна доўга і цікава разважаць, можна нават напісаць цэлую кнігу на гэтую тэму; але Стэпаваму ваўку такія вымудры нічога не далі б, яму было ўсё адно, што менавіта абудзіла ў ім ваўка - хай тое чарадзейства, хай здзекі альбо ягоная фантазія. Што б ні думалі пра гэта іншыя людзі і што б ні думаў ён сам, нічога не мела яму аніякага значэння, бо вытруціць ваўка з яго не магло.

Дык вось у Стэпавага ваўка было дзве прыроды, чалавечая і воўчая; такі быў яго лёс, лёс, магчыма, не такі ўжо й адмысловы ды рэдкі. Ужо бывалі, кажуць, людзі, у якіх было нешта ад сабакі альбо ад ліса, ад рыбы альбо ад змяі, але яны нібыта не мелі праз гэта аніякіх клопатаў. У гэтых людзей чалавек і ліс, чалавек і рыба жылі побач, адзін аднаму не заважаючы, яны нават дапамагалі адно аднаму, і людзі, якія далёка пайшлі і якім зайздросцілі, часта заўдзячаліся сваім шчасцем хутчэй лісу ці малпе, аніж чалавеку. Гэта ж усім вядома. А ў Гары ўсё было інакш, чалавек і воўк у ім не ўжываліся і ўжо ж пагатоў не дапамагалі адно аднаму, а заўсёды смяротна варагавалі і толькі знясільваліся, а калі ў адной душы і ў адной крыві сыходзяцца два заклятыя ворагі, дык чаго такое жыццё вартае. У кожнага ж свая доля, ні ў кога яна не лёгкая.