Выбрать главу

- Не, я нагаварыў ім рознай гадасці і ўцёк, мне хацелася дамоў, але...

- Але там не было б мамы, каб суцешыла альбо насварылася на дурнога хлопчыка. Ну, Гары, мне цябе амаль шкада, ты яшчэ зусім дзіця.

Слушна, з гэтым я быў згодны, як мне здавалася. Яна дала мне выпіць шклянку віна. Яна і праўда паводзілася са мною як мама. Але часамі я бачыў, да чаго ж яна прыгожая і маладая.

- Значыцца, - пачала яна зноў, - гэты ваш Гётэ памёр сто гадоў назад, а наш Гары вельмі яго любіць і выдатна ўяўляе сабе, які ў яго мог быць выгляд, і на гэта ў Гары ёсць права, ці ж не так? А ў мастака, які таксама ў захапленні ад Гётэ і які мае нейкае сваё ўяўленне пра яго, такога права няма, і ў прафесара таксама, і наогул ні ў кога нямашака, бо Гары гэта не па душы, Гары гэтага не трывае, Гары можа нагаварыць гадасці ўсякай і ўцячы. А будзь ён разумнейшы, ён проста пасмяяўся б з мастака і з прафесара. Будзь ён вар'ятам, шпурнуў бы ім у твар іхняга Гётэ. А як што ён усяго толькі маленькі хлопчык, ён уцякае дахатанькі і хоча павесіцца. Я добра зразумела тваю гісторыю, Гары. Гэта смешная гісторыя. Яна насмяшыла мяне. Чакай, не пі так адразу ўсё! Бургундскае п'ецца павалютку, інакш ад яго кідае ў гарачку. Але табе трэба ўсё казаць, маленькі хлопчык.

Яна зірнула на мяне строга і павучальна, як якая шасцідзесяцігадовая гувернантка.

- О так, - папрасіў я ўзрадавана, - кажыце, кажыце мне ўсё.

- Ну што мне табе сказаць?

- Усё, што хочаце.

- Добра, сёе-тое скажу. Ужо бітую гадзіну ты чуеш, што я кажу табе «ты», а ты ўсё яшчэ мне - «выкаеш». Усё латынь, грэцкая, усё б толькі каб складаней! Калі дзяўчына кажа табе «ты» і яна табе не брыдкая, ты таксама павінен казаць ёй «ты». Ну, вось, тое-сёе сказала. І другое: ужо паўгадзіны я ведаю, што цябе завуць Гары. Я гэта ведаю, бо папыталася. А ты не хочаш ведаць, як мяне завуць.

- О не, я вельмі хачу.

- Позна, маленькі. Калі мы як-небудзь зноў пабачымся, тады і спытаеш. Сёння я ўжо табе не скажу. Ну, вось, а цяпер я хачу танцаваць.

Яна намерылася ўстаць, і ў мяне раптам сапсаваўся настрой, я спалохаўся, што яна пойдзе і пакіне мяне аднаго, і тады адразу ўсё зранейшыцца. Як вяртаецца раптам, апаляючы агнём, прыціхлы зубны боль, так імгненна вярнуўся да мяне ўвесь жах. Госпадзе Божа мой, няўжо я забыўся, што мяне чакае? Хіба што-небудзь перамянілася?

- Чакайце, - умольна ўсклікнуў я, - не сыходзьце... не сыходзь! Вядома, ты можаш танцаваць колькі хочаш, але не сыходзь надоўга, вярніся, вярніся!

Яна, смеючыся, устала. Я ўяўляў сабе яе вышэйшай ростам, яна была статная, выносная, але ростам не тое каб высокая. Яна зноў нагадала мне кагосьці - каго ж? Загадка.

- Ты вернешся?

- Вярнуся, але, можа, не так хутка, праз паўгадзіны альбо нават праз гадзіну, Вось што я табе скажу: заплюшчы вочы і паспі; табе гэта трэба.

Я прапусціў яе, і яна пайшла; яе спаднічка зачапіла мае калені, ідучы, яна зірнула ў круглае, маленькае кішэннае люстэрка, ускінула бровы, прыпудрыла падбародак маленькай пухоўкай і знікла ў танцзале. Я агледзеўся: незнаёмыя твары, мужчыны з цыгарамі, пралітае піва на мармуровым століку, паўсюль крык, віск, скочная музыка. Мне трэба паспаць, сказала яна. Ах, дзетачка, ведала б ты, што мой сон чуйны, як у вавёркі. Спаць у гэтым вэрхале, седзячы за столікам, пад стук піўных куфляў. Я адпіў глыток віна, дастаў з кішэні цыгару, пашукаў вачыма запалкі, але курыць мне, шчыра кажучы, не хацелася, я паклаў цыгару перад сабою на столік. «Заплюшчы вочы», - сказала яна мне. Аднаму Богу вядома, адкуль у гэтай дзяўчыны такі голас, такі таўставаты, добры голас, мацярынскі голас. Добра было слухацца яе голасу, я ў гэтым пераканаўся. Я паслухмяна заплюшчыў вочы, прыхіліў галаву да сцяны, пачуў, як бушуюць навокал сотні гукаў, усміхнуўся, падумаўшы пра тое, каб тут заснуць, рашыў прайсці да дзвярэй залы і заглянуць, - трэба ж было мне пабачыць як скача мая красуня, - варухнуў пад крэслам нагамі, адчуў толькі цяпер, як моцна змарыўся, паблукаўшы па вуліцах столькі гадзін, і застаўся сядзець. І вось ужо я спаў, пакорлівы мацярынскаму загаду, спаў прагна і ўдзячна і бачыў сон, такі ясны і такі прыгожы сон, якіх даўно не бачыў. Мне снілася:

Я сядзеў і чакаў у старамоднай прыёмнай. Спярша я ведаў толькі, што пра мяне дакладзена «яго эксэленцыі», потым я даўмеўся, што прыме мяне гер фон Гётэ. На жаль, я прыйшоў сюды не зусім як прыватная асоба, а як карэспандэнт нейкага часопіса, гэта вельмі скоўвала мяне, і я не мог зразумець, якое халеры я апынуўся ў такім становішчы. Апрача таго, мяне непакоіў скарпіён, які толькі што быў відзён і спрабаваў успаўзці па маёй назе. Я, праўда, усупрацівіўся гэтай чорнай кузацы, страсянуў яго, але не ведаў, дзе ён затаіўся цяпер, і не адважваўся абмацаць сябе.