Ды і не быў пэўны, што пра мяне памылкова ці не далажылі замест Гётэ Матысану, якому я, аднак, пераблытаўшы яго ў сне з Бюргерам, прыпісаў вершы да Молі. Зрэшты, сустрэцца з Молі мне вельмі хацелася б, я ўяўляў яе сабе цудоўнай жанчынай, мяккай, музычнай, вечаровай. Калі б толькі я не сядзеў тут па заданні гэтай праклятай рэдакцыі! Мая неахвота ўсё падрастала і паступова перакінулася на Гётэ, які раптам заслужыўся ў мяне на мноства розных дакораў. Файненькая магла атрымацца аўдыенцыя! А скарпіён, хоць ён і небяспечны, хоць ён, магчыма, і схаваўся недзе тут каля мяне, быў, бадай, не такі ўжо і дрэнны; ён мог, здалося мне, азначаць і нешта прыемнае, вельмі нават магчыма, так мне падалося, прынамсі, ён мае нейкія адносіны да Молі, ён як бы яе ганец альбо яе геральдычны звер, дзівосны, небяспечны геральдычны звер жаноцкасці і граху. Можа быць, імя гэтаму зверу было Вульпіус? Але тут слуга расхінуў дзверы, я падняўся і ўвайшоў у пакой.
Перад мною стаяў стары Гётэ, маленькі і важны, і на грудзях у класіка сапраўды была масіўная ордэнская зорка. Здавалася, ён усё яшчэ заварочвае справамі, усё яшчэ задае аўдыенцыі, усё яшчэ кіруе светам са свайго веймарскага музея. Бо, ледзь толькі ўбачыўшы мяне, ён рэзка кіўнуў галавой, як стары крумкач, і ўрачыста прамовіў:
- Н-ну, маладыя людзі, вы, здаецца, не надта каб згодныя з намі і нашымі намогамі?
- Менавіта, - сказаў я, і мяне пранізала холадам ад яго міністэскага позірку. - Мы, маладыя людзі, сапраўды не згодныя з вамі, чалавекам старым. Вашэці на наш погляд занадта ўрачысты, занадта ганарысты і пыхлівы, занадта няшчыры. Гэта, бадай, самае важнае: занадта няшчыры.
Старэнькі крыху падаўся наперад строгай галавою, яго цвёрды, афіцыйна падцяты рот разамкнуўся ўсмешкай і прыгожа ажывіўся, а ў мяне раптам моцна забілася сэрца, а мне раптам успомніўся верш: «З неба апусцілася сутонне» і што словы гэтага верша выйшлі з гэтага чалавека, з гэтых вуснаў. Шчыра кажучы, я ўжо быў у той самы момант абяззброены і пераможаны і гатовы быў упасці перад ім на калені. Але, застаўшыся ў ранейшай паставе, пачуў з яго ўсмешлівых вуснаў:
- Дык значыцца, вы мне закідаеце няшчырасць? Што за словы такія! Ці не патлумачыце мне больш акрэслена?
- Вы, гер фон Гётэ, як усе вялікія духі, правільна зразумелі і адчулі сумніўнасць, безнадзейнасць чалавечага жыцця - высокія імгненні і яго жалю вартае знежывенне, немагчымасць аплаціць цудоўную вышыню пачуцця інакш, як турмой будзёншчыны, пякучую тугу па царстве духа, якая вечна і на смерць змагаецца з такой самай пякучай і такой самай свяшчэннай любоўю да страчанай нявіннасці прыроды, усё гэта жахлівае гушканне ў пустаце і няпэўнасці, гэту асуджанасць на марнасць, на заўсёдную непаўнацэннасць, на тое, каб вечна рабіць толькі нейкія дылетанцкія патугі, - карацей, усю безвыходнасць, дзіўнасць, усю пякучую роспач чалавечага быцця. Усё гэта вы ведалі, часам нават прызнавалі, і тым не меней усім сваім жыццём вы прапаведавалі цалкам процілеглае, выказвалі веру і аптымізм, прыкідваліся перад самім сабою і іншымі, няйнакш у вашых духоўных высілках ёсць нешта трывалае, нейкі сэнс. Вы адкідалі і падаўлялі прыхільнікаў глыбіні, галасы роспачнай праўды - у самім сабе гэтак сама, як у Бэтховена і Кляйста. Вы дзесяцігоддзямі рабілі выгляд, быццам назапашванне ведаў, калекцый, пісанне і збіранне пісьмаў, няйнакш увесь ваш веймарскі старэчы быт - гэта сапраўды спосаб спыніць і ўвечніць імгненне, - а вы ж яго толькі муміфікавалі, - а вы ж яго толькі стылізавалі, толькі грыміравалі. Гэта і ёсць няшчырасць, за якую мы вас дакараем.
Стары тайны радца задуменна паглядзеў мне ў вочы, на вуснах усё яшчэ цеплілася ўсмешка.
Пасля, на маё здзіўленне, ён спытаў:
- У такім разе Моцартава «Чароўная флейта» вам, мабыць, вельмі агідная? - І, перш чым я паспеў рашуча запярэчыць, ён сказаў: - «Чароўная флейта» паказвае жыццё як салодкую песню, яна ўслаўляе нашыя пачуцці, а яны ж мінаюцца, - як нешта вечна боскае, яна не згаджаецца ні з герам фон Кляйстам, ні з герам Бэтховенам, а прапаведуе аптымізм і веру.
- Ведаю, ведаю! - усклікнуў я злосна. - Божа, як гэта прыйшла вам у галаву менавіта «Чароўная флейта», якую я люблю больш за ўсё на свеце! Але Моцарт не дажыў да васьмідзесяці двух гадоў і ў сваім асабістым жыцці не прэтэндаваў на даўгавечнасць, на парадак, на фанабэрыстую годнасць, як вы! Ён не быў важнікам! Ён спяваў свае боскія мелодыі, і быў бедны, і памёр рана, непрызнаны, у нястачы...
Мне перахапіла дыханне. Тысячы рэчаў трэба было сказаць цяпер дзесяццю словамі, у мяне выступіў пот на лобе.