Выбрать главу

Але Гётэ сказаў вельмі міралюбна:

- Што я дажыў да васьмідзесяці двух гадоў, можа, і недаравальна. Але асалоды ад гэтага было мне куды менш, аніж вы сабе думаеце. Ваша праўда: даўгавечнасці я заўсёды моцна хацеў, смерці заўсёды баяўся і змагаўся з ёю. Я думаю, што барацьба супроць смерці, безумоўная і ўпартая воля да жыцця ёсць тая першапрычына, якая прымушала дзейнічаць і жыць усіх выдатных людзей. Але што ўрэшце прыходзіцца паміраць, гэта, юны мой сябар, я ў свае восемдзесят два даказаў гэтак жа цвёрда, як калі б памёр школьнікам. У апраўданне сваё, калі гэта можа ім быць, скажу яшчэ вось што: у маёй прыродзе было шмат хлапечага, шмат цікаўнасці, шмат гатоўнасці гуляць і марнаваць час. Чаму мне і спатрэбілася даволі шмат часу, каб зразумець, што гуляць ужо досыць - нагуляўся.

Казаў ён гэта з вельмі гарэзлівай, нават з шальмаватай усмешкай. Ён як бы нават павышэў ростам, важнасць у паставе і фанабэрыстасць зніклі з твару. І паветра вакол нас цяпер было поўнае мелодый, пераважна гётэўскіх песняў, я добра пазнаў «Фіялку» Моцарта і «На лясы і на даліны»... Шуберта. І твар Гётэ быў цяпер ружовы і малады і смяяўся, і ён быў падобны то на Моцарта, то на Шуберта, як брат, і зорка ў яго на грудзях складалася з лугавых кветак, і ўсярэдзіне яе весела і раскошна распусцілася жоўтая прымула.

Не вельмі мне ўпасавала, што стары так жартаўліва адмяжоўваўся ад маіх пытанняў і нападак, і я паглядзеў на яго дакорліва. Тады ён нахіліўся наперад, наблізіў вусны, цяпер ужо аж надта дзіцячыя, да майго вуха і ціха прашаптаў:

- Хлопчык мой, ты прымаеш старога Гётэ надта сур'ёзна. Старых людзей, якія ўжо памерлі, не трэба прымаць на сур'ёзе, а то абыдзешся з імі несправядліва. Мы, несмяротныя, не любім, калі да чаго-небудзь ставяцца несур'ёзна, мы любім жарты. Сур'ёзнасць, мой хлопчык, гэта атрыбут часу; яна ўзнікае, адкрыю табе, ад завышэння цаны часу. Я таксама калісьці надта высока цаніў час, таму і хацеў дажыць да ста. А ў вечнасці, каб ты ведаў, часу няма; вечнасць - гэта ўсяго толькі імгненне, якога адно якраз і хапае, што на жарт.

Гаварыць з ім сур'ёзна і праўда ж больш не было чаго, ён весела і спрытна падскокваў, і прымула ў ягонай зорцы то вылятала з яе, як ракета, то памяншалася і знікала. Калі ён ззяў сваімі па і фігурамі, я міжволі падумаў, што гэты чалавек, прынамсі, не ўпусціў выпадку навучыцца танцаваць. У яго гэта выходзіла выдатна. Тут я зноў успомніў пра скарпіёна, правільней, пра Молі, і крыкнуў Гётэ:

- Скажыце, а Молі тут няма?

Гётэ зарагатаў. Ён падышоў да стала, адамкнуў адну шуфляду, дастаў адтуль адну ні тое скураную, ні тое аксамітавую скрыначку, адчыніў яе і паднёс да маіх вачэй. Там мільгочучы на чорным аксаміце, ляжала малюсенькая жаночая ножка, бездакорная, беспадобная ножка, крыху сагнутая ў калене, з выцягнутым уніз ступачком, завостранай далікатнай лініяй пальчыкаў.

Я працягнуў руку, каб узяць гэтую ножку, у якую ўжо закахаўся, але калі я хацеў ухапіць яе двума пальцамі, цацка як бы борздзенька адсунулася, і ў мяне раптам узнікла падазрэнне, што гэта і ёсць той скарпіён. Гётэ, здавалася, зразумеў гэта, здавалася нават, ён акурат і хацеў, якраз і дабіваўся гэтай глыбокай збянтэжанасці, гэтай сутаргавай барацьбы паміж жаданнем і страхам. Ён паднёс чароўнага скарпіёнчыка да самага майго твару, убачыў маё памкненне, убачыў, як я ў жаху адхіснуўся, і гэта, здавалася, вельмі яго задаволіла. Дражнячы мяне сваёй цудоўнай небяспечнай штучкай, ён зноў зрабіўся стары, старажытны, тысячагадовы, сівы, і яго завялы, старэчы твар смяяўся ціха, бязгучна, смяяўся рэзка і загадкава, з нейкім глыбакадумным старэчым гумарам.

Прачнуўшыся, я адразу забыў свой сон, толькі пазней ён узгадаўся мне. Праспаў я, мабыць, каля гадзіны, сярод музыкі і штурхатні, за столікам - ніяк жа не думаў, што я на такое здольны. Мая мілая дзяўчына стаяла перад мною, трымаючы руку на маім плячы.

- Дай мне дзве-тры маркі, - сказала яна, - я там сёе-тое з'ела.

Я аддаў ёй свой кашалёк, яна пайшла з ім і неўзабаве вярнулася.

- Ну вось, цяпер я крыху пасяджу з табою, а потым мне трэба будзе сысці, у мяне спатканне.

Я спалохаўся.

- З кім яшчэ? - спытаў я хутка.

- З адным герам, маленькі Гары. Ён запрасіў мяне ў бар «Адэон».

- О, а я быў падумаў, што ты не пакінеш мяне аднаго.

- Вось і запрасіў бы. Але цябе апярэдзілі. Што ж, затое ашчадзіш грошы. Ведаеш «Адэон»? Пасля поўначы толькі шампанскае. Мяккія фатэлі, негрыцянская капэла, вельмі элегантна.

Пра ўсё гэта я неяк не падумаў.

- Ах, - сказаў я, умольным голасам, - дык дазволь мне запрасіць цябе! Я лічыў, што гэта само сабою разумеецца, мы ж падружыліся. Дазволь запрасіць цябе куды заўгодна табе, прашу цябе.