Выбрать главу

- Вельмі міла. Але ведаеш, слова ёсць слова, я падрадзілася, і я пайду. Не турбуйся больш! Выпі лепш яшчэ глыток, у нас жа яшчэ ёсць віно ў бутэльцы. Выпі яго і пойдзеш сабе дамоў і ляжаш спаткі. Абяцай мне.

- Не, слухай, дамоў я не магу ісці.

- А-а, гэтыя твае гісторыі! Ты ўсё яшчэ не ўправіўся са сваім Гётэ (вось тут якраз я і ўспомніў свой сон). Але калі ты сапраўды не можаш ісці дамоў, заставайся тут, у іх ёсць нумары. Заказаць табе?

Я ўзрадаваўся і спытаў, дзе можна будзе пабачыць яе зноў. Дзе яна жыве? Гэтага яна мне не сказала. Трэба, бач, толькі крышку пашукаць, і ўжо ж знайду.

- А ці нельга цябе запрасіць?

- Куды?

- Куды і калі табе захочацца.

- Добра. У аўторак павячэраем у «Старым францысканцы», на другім паверсе. Да пабачэння!

Яна падала мне руку, і толькі цяпер я звярнуў увагу на гэтую руку, якая так пасавала да яе голасу, - прыгожую і поўную, разумную і добрую. Яна пакепліва ўсміхнулася, калі я пацалаваў ёй у руку.

У апошні момант яна яшчэ раз абярнулася да мяне і сказала:

- Я хачу яшчэ сёе-тое сказаць табе - у сувязі з Гётэ. Разумееш, тое самае, што ў цябе атрымалася з Гётэ, калі ты выбухнуў ад ягонага партрэта, бывае ў мяне час-парою са святымі.

- Са святымі? Ты такая пабожная?

- Не, я не пабожная, на жаль, але калісьці такою была і калі-небудзь яшчэ буду. А цяпер няма калі пабожнічаць.

- Няма калі? Хіба на гэта патрэбен час?

- І яшчэ колькі! На пабожнасць патрэбен час, патрэбная нават незалежнасць ад часу! Нельга быць сур'ёзна пабожнай і жыць у рэчаіснасці, яшчэ і прымаючы яе таксама сур'ёзна, - час, грошы, бар «Адэон» і ўсё такое іншае.

- Разумею. Але што там у цябе са святымі?

- Так, ёсць святыя, якіх я асабліва люблю, - Стэфан, святы Францыск і іншыя. І вось часам мне пападаюцца іхнія выявы, а таксама Збаўцы і Багародзіцы, такія ілжывыя, фальшывыя, дурныя выявы, што мне і глядзець на іх млосна гэтак жа, як табе на той партрэт Гётэ. Калі я бачу такога саладжавага, дурнога Збаўцу і бачу, як іншыя лічаць такія карцінкі цудоўнымі і ўзвышальнымі для душы, я ўспрымаю гэта як знявагу сапраўднага Збаўцы і думаю - ах, навошта Ён жыў і так страшэнна пакутаваў, калі людзям дастаткова і такое дурное Яго выявы! Але тым не менш я ведаю, што і мой вобраз Збаўцы альбо Францыска - гэта ўсяго толькі вобраз нейкага чалавека і на правобраз не цягне, што самому Збаўцу мой унутраны вобраз Яго здаўся б такім самым дурным і ўбогім, як мне гэтыя саладжавыя абразкі. Я кажу табе гэта не дзеля таго, каб апраўдаць тваю прыкрасць і злосць на той партрэцік, не, тут не твая рацыя, кажу я гэта, толькі каб паказаць табе, што здольная зразумець цябе. Бо ў вас, навукоўцаў і мастакоў, поўныя галовы ўсялякімі незвычайнымі бэбахамі напханыя, але вы такія самыя людзі, як і астатнія, і ў нас, у астатніх, таксама ёсць у галовах свае мары і свае гульні. Я ж заўважыла, вучоны герык мой, што ты трошкі збянтэжыўся, думаючы, як расказаць мне сваю гісторыю з Гётэ, - табе трэба было парупіцца зрабіць свае высокія матэрыі зразумелымі простай дзяўчыне. Ну вось, я і хачу паказаць табе, што не было табе ніякай патрэбы надта высільвацца. Я цябе і так разумею. А цяпер хопіць! Табе трэба паспаць.

Яна пайшла, а мяне правёў на трэці паверх стары лёкай, дакладней, спачатку ён распытаўся пра мой багаж і, пачуўшы, што багажу няма, узяў з мяне наперад за тое, што на яго мове называлася «начлежнымі нумарамі». Пасля ён падняўся са мною па старой цёмнай лесвіцы, завёў у нейкі пакойчык і пакінуў аднаго. Там стаяў драўляны ложак, вельмі кароткі і цвёрды, а на сцяне вісела шабля, каляровы партрэт Гарыбальдзі і завялы вянок ад свята нейкага клуба.

Я многае аддаў бы за начную лёлю. Але было там толькі, прынамсі, вада і маленькі ручнічок, так што я ўмыўся, а пасля лёг на ложак не распрануўшыся, не патушыўшы святла. Цяпер можна было спакойна падумаць. Дык вось, з Гётэ ўсё ўладзілася. Цудоўна, што ён явіўся мне ў сне! І гэтая прыглядная дзяўчына - ведаць бы яе імя! Раптам жа чалавек, жывы чалавек, які разбіў каламутны шкляны каўпак маёй змярцвеласці і падаў мне руку, добрую, прыгожую, цёплую руку! Раптам жа зноў рэчы, якія нейкім чынам тычыліся мяне, пра якія я мог думаць з радасцю, з хваляваннем, з цікавасцю! Раптам адчыненыя дзверы, праз якія да мяне ўвайшло жыццё! Можа, я зноў здолею жыць, можа, зноў зраблюся чалавекам. Мая душа, прызаснулая на холадзе і амаль замерзлая, ачулася зноў, сонна паварушыла слабкімі крылцамі. Гётэ пабываў у мяне. Дзяўчына сказала мне есці, піць, спаць, па-сяброўску мне паспагадала, высмеяла, назвала дурным хлопчыкам. І яшчэ яна, цудоўная мая сяброўка, расказала пра святых, паказала, што нават у самых дзіўных сваіх заваротах галавы я зусім не адзінокі, не хваравітае, незразумелае выключэнне, што ў мяне ёсць браты і сёстры, што мяне разумеюць. Ці ўбачу яе зноў? Так, вядома, ёй можна даверыцца. «Слова ёсць слова!».