Хоць тыя некалькі дзён я зусім не сумняваўся, што мая знаёмая стрымае слова, у апошні дзень я быў усё-такі моцна ўсхваляваны і няпэўны; ніколі ў жыцці я не чакаў вечара так нецярпліва. І якімі невыноснымі ні рабіліся напружанне і нясцерп, яны надзіва добра мяне бадзёрылі: неверагодна радасна і нова было мне, расчараванаму, хто ўжо даўно нічога не чакаў, ні з чога не радаваўся, цудоўна гэта было - цэлы дзень кідацца ў трывозе, страхаце і ліхаманкавым чаканні, загадзя ўяўляць сабе вынікі вечара, галіцца дзеля яго і апранацца (асабліва старанна, новая кашуля, новы гальштук, новыя шнуркі ў чаравікі). Кім бы ні была гэтая разумная і таямнічая дзяўчына, якім бы чынам ні ўступіла яна ў такі кантакт са мною, мне гэта не мела значэння; яна існавала, цуд адбыўся, я яшчэ раз знайшоў чалавека і знайшоў у сабе новую цікавасць да жыцця! Важна было толькі, каб гэта доўжылася, каб я аддаўся панадзе, каб пайшоў за зоркай.
Незабыўнае імгненне, калі я зноў убачыў яе! Я сядзеў за маленькім столікам старога ўтульнага рэстарана, папярэдне заказаным па тэлефоне, хоць патрэбы ў тым і не было, і вывучаў меню, а ў шклянцы з вадой стаялі дзве цудоўныя архідэі, якія я купіў сваёй сяброўцы. Чакаць давялося даволі доўга, але я быў пэўны, што яна прыйдзе, і не хваляваўся. І вось яна прыйшла, спынілася каля гардэроба і павіталася са мною толькі ўважлівым, крыху выпрабавальным позіркам сваіх светла-шэрых вачэй. Я недаверліва прасачыў, як трымаецца з ёю афіцыянт. Не, дзякаваць Богу, ніякай фамільярнасці, ані знаку недыстанцыйнасці, ён быў беззаганна ветлівы. І ўсё ж яны былі знаёмыя, яна называла яго Эміль.
Калі я паднёс ёй архідэі, яна радасна засмяялася.
- Гэта вельмі міла, Гары. Ты хацеў зрабіць мне дарунак, - так бо? - і не ведаў, што выбраць, ну, не вельмі ведаў, ці маеш ты права дарыць мне што-небудзь, ці не пакрыўджуся я, вось і купіў архідэі, гэта ж толькі кветкі, а каштуюць усё-такі дорага. Дзякую. Мімаходзь скажу табе адразу: я не хачу, каб ты рабіў мне дарункі. Я жыву на грошы мужчын, але на твае грошы жыць не хачу. Але як бо ты перамяніўся! Цябе не пазнаць. Таго разу ты быў такі, як калі б цябе толькі-толькі з пятлі дасталі, а цяпер во - ужо амаль чалавек. Дарэчы, ты выканаў мой загад?
- Які загад?
- Забыўся? Хачу спытаць, ці ўмееш ты цяпер танцаваць факстрот. Ты казаў, што не хочаш нічога, апроч як выконваць мае загады, што слухацца мяне табе мілей за ўсё. Успамінаеш?
- О так, гэта застаецца ў сіле! Я казаў сур'ёзна.
- А танцаваць так-такі яшчэ не навучыўся?
- Хіба ж можна ўсяго за колькі тых дзён?
- Вядома. Факстрот можна навучыцца за гадзіну, бастон - за дзве. Танга больш складанае, але яно табе пакуль што і не патрэбнае.
- А цяпер мне пара нарэшце ведаць тваё імя.
Яна моўчкі паглядзела на мяне.
- Можа, ты адгадаеш. Мне было б вельмі прыемна, калі б ты адгадаў. Ну ж бо, паглядзі на мяне добранька! Ты яшчэ не заўважыў, што ў мяне часам бывае хлапечы твар? Напрыклад, цяпер?