Выбрать главу

І праўда, прыгледзеўшыся да яе твару, я згадзіўся з ёю, гэта быў хлапечы твар. І калі я хвілінку павагаўся, твар загаварыў са мною і нагадаў мне маю падлеткавасць і тагачаснага сябра - таго звалі Герман. На нейкае імгненне яна зусім ператварылася ў таго Германа.

- Калі б ты была хлопчыкам, - сказаў я здзіўлена, - табе след было б звацца Германам.

- Хто ведае, можа, я і ёсць хлопчык, толькі пераапрануты, - сказала яна гарэзліва.

- Цябе завуць Герміна?

Яна радасна запрамянілася, задаволена кіўнула, што я ўгадаў. Тут якраз падалі суп, мы пачалі есці, і яна развесялілася, як дзіця. Самае прыгожае і своеасаблівае, што мне падабалася ў ёй і чаравала, была гэтая здольнасць неспадзявана пераходзіць ад глыбокай сур'ёзнасці да пацешнай гуллівасці і наадварот, прычым яна пры гэтым зусім не мянялася і не крыўлялася, гэтым яна і была падобная на адоранае дзіця. Цяпер яна весялілася, падражнівала мяне факстротам, нават раз-поразу штурхнула нагой, горача хваліла ежу, заўважыла, што я лепш апранены, але знайшла яшчэ кучу недахопаў ў маёй знешнасці.

Гамонячы з ёю, я спытаўся:

- Як гэта ў цябе так атрымалася, што ты раптам зрабілася падобнай на хлопчыка і я адгадаў тваё імя?

- О, гэта атрымалася ў цябе самога. Як жа ты, вучоны муж, не разумееш, што я таму табе і падабаюся і важная табе, што я як бы люстэрка, што ўва мне ёсць нешта такое, што табе адказвае і цябе разумее? А ўвогуле ўсім людзям не зашкодзіла б быць адзін аднаму такімі люстэркамі, трэба было б так адказваць, так адпавядаць адно аднаму, але такія дзівакі, як ты, - рэдкія і лёгка збіваюцца на іншае: яны, як зачараваныя, нічога не могуць убачыць і прачытаць у чужых вачах, яны ні да чога не прычыняюцца. І калі такі дзівак раптам ўсё-такі знаходзіць твар, які шчыра на яго глядзіць і ў якім ён чуе нешта падобнае на адказ і роднасць, ну, тады ён, вядома, радуецца.

- Ты ўсё ведаеш, Герміна! - усклікнуў я здзіўлена. - Усё дакладна так, як ты кажаш! І ўсё ж ты зусім-зусім іншая, чым я! Ты мая процілегласць, у цябе ёсць усё, чаго няма ў мяне.

- Табе здаецца так, - сказала яна лаканічна, - і гэта добра.

І тут на яе твар, які сапраўды быў мне нейкім чароўным люстэркам, набегла цёмная хмара сур'ёзу, раптам увесь гэты твар задыхаў толькі сур'ёзнасцю, толькі трагізмам, бяздонным, як у пустых вачах маскі. Павольна, быццам праз сілу вымаўляючы слова за словам, яна сказала:

- Слухай, не забывай, што ты сказаў мне! А сказаў ты, каб я табе загадвала, а табе будзе радасць - слухацца маіх загадаў. Не забывай гэтага! Ведай, маленькі мой Гары: гэтак сама, як я хвалюю цябе, як мой твар дае табе адказ і нешта з мяне ідзе табе насустрач і пасяляе ў табе давер, - акурат так і ты хвалюеш мяне. Калі я таго разу ўбачыла, як ты паявіўся ў «Чорным арле», такі змораны, такі адсутны, такі няўвесь, нібыта быў ужо на тым свеце, я адразу адчула - гэты будзе мяне слухацца, ён прагне, каб я загадвала, і я буду яму загадваць! Таму я і загаварыла з табой, таму мы і паладзілі па-сяброўску.

Яна гаварыла з такой цяжкай сур'ёзнасцю, з такой душэўнай натугай, што я не зусім разумеў і паспрабаваў супакоіць яе і адвесці ад тэмы. Яна толькі адмахнулася ад гэтых маіх спробаў рухам броваў і гаварыла далей ледзяным голасам:

- Ты павінен стрымаць сваё слова, маленькі, так і ведай, а то пашкадуеш. Ты будзеш прымаць ад мяне шмат загадаў і будзеш ім падпарадкоўвацца, выдатных загадаў, табе будзе поўная асалода іх слухацца. А напаследак выканаеш і мой апошні загад, Гары.

- Выканаю, - сказаў я амаль бязвольна. - Што ты загадаеш мне напаследак?

Але я ўжо даўмеўся - што. Бог ведае чаму.

Яна сцялася, быццам яе праняло лёгкім марозцам, і, здаецца, павольна выходзіла са сваёй забыццёвасці. Яе вочы не адпускалі мяне. І раптам яшчэ больш азмрочылася.

- Разумна было б, каб я ўвогуле не казала табе нічога. Але я не хачу быць разумнай, Гары, гэтым разам - не. Я хачу чагосьці іншага. Будзь уважлівы, слухай! Ты пачуеш гэта, зноў забудзеш, пасмяешся, паплачаш. Будзь уважлівы, маленькі! Я хачу пагуляць з табой, браток, не на жыццё, а на смерць, і, перш чым мы пачнём гуляць, хачу адкрыць табе свае карты.

Які прыгожы, які незямны быў у яе твар, калі яна гэта прамаўляла! У яе вачах, халодных і светлых, плыла мудрая журба, гэтыя вочы, здавалася, адпакутавалі ўсе магчымыя пакуты і прынялі іх. Вусны яе гаварылі цяжка, як бы нешта ім перашкаджала, - так гавораць на моцным марозе, калі дубянее твар, але паміж губамі, у куточках рота, у гульні ледзь бачнага кончыка языка праскоквала, насуперак позіркам і голасу, нейкая мілая, гуллівая пачуццёвасць, нейкая шчырая жарсць. На яе ціхі, роўны лоб звісаў кароткі завітак, і адтуль, з таго боку лоба, дзе ён звісаў, вылівалася зрэдзьчасу, як жывое дыханне, хваля хлапецкасці, двухполай магіі. Я слухаў яе спалохана і ўсё ж нібыта пад наркозам, як усё роўна напалавіну адсутна.