Выбрать главу

- А як жа ж. Ты купіш невялічкую такую машынку і некалькі танцавальных плытак...

- Выдатна, - усклікнуў я, - і калі табе сапраўды ўдасца навучыць мяне танцаваць, грамафон ты атрымаеш як ганарар. Згодная?

Я сказаў гэта вельмі бойка, але не ад шчырага сэрца. Я не мог уявіць сабе такі абсалютна несімпатычны мне апарат у сваім кабінеціку з кнігамі, ды і танцаваць мне зусім не карцела. Пры нагодзе, думаў я, гэта можна паспрабаваць, - хоць і быў перакананы, што я надта стары няўклюда і танцаваць ужо не навучуся. Але так, згопалу, - гэта было мне занадта імкліва, і я адчуваў, як ува мне, старым, распешчаным знаўцы музыкі, паўстае ўсё супроць грамафона, джазу і сучаснай музычнай скочнасці. І каб цяпер у маім пакоі, побач з Навалісам і Жанам Полем, у келлі, дзе я аддаваўся сваім думкам, у маёй схованцы загучалі амерыканскія шлягеры, а я каб яшчэ і скакаў пад іх, - людзі аніяк не маглі патрабаваць ад мяне. Але патрабавалі гэтага не нейкія абстрактныя «людзі», патрабавала Герміна, а ёй якраз і выпадала камандаваць. Я падпарадкаваўся. Вядома, я падпарадкаваўся.

На другі дзень паполудні мы сустрэліся ў кавярні. Герміна ўжо сядзела там, калі я прыйшоў, і піла чай. Яна, усміхаючыся, паказала мне газету, дзе знайшла маё імя. Гэта быў адзін з тых крыклівых рэакцыйных лісткоў маёй радзімы, у якіх час ад часу сюд-туд пракідаліся зласлівыя артыкулы супроць мяне. Падчас вайны я быў яе праціўнікам, пасля вайны заклікаў да спакою, цярплівасці, чалавечнасці і самакрытыкі, вынік - усё больш і больш з кожным днём грубай, пошлай і дзікай нацыяналістычнай цкоўлі ў газетцы. Гэта быў зноў выпад такога роду, дрэнна напісаны, напалавіну накрэмзаны самім рэдактарам, напалавіну скялемзаны з мноства падобных выступаў блізкай яму прэсы. Ніхто, як вядома, не піша горш, чым абаронцы спарахнелай ідэалогіі, ніхто не выяўляе менш ахайнасці і прыстойнасці ў сваім рамястве, чым яны. Герміна прачытала гэты артыкул і даведалася з яго, што Гары Галер - шкоднік і бязродны прахадзімец і што, вядома, справы бацькаўшчыны не могуць не быць дрэннымі, пакуль тут трываюць такіх людзей і такія думкі і выхоўваюць моладзь у духу сентыментальнай ідэі адзінага чалавецтва, замест таго каб выхоўваць яе ў баявым духу помсты заклятаму ворагу.

- Гэта ты? - спыталася Герміна, паказваючы на маё імя. - Ну, і нажыў жа ты сабе ворагаў, Гары. Цябе гэта злуе?

Я прачытаў некалькі радкоў, усё было як звычайна, кожны з гэтых стэрэатыпных кленічаў быў мне ўжо шмат гадоў да агіды знаёмы.

- Не, - сказаў я, - гэта мяне не злуе, я даўно прывык. Я няраз казаў, што, замест каб закалыхваць сябе палітыканскім пытаннем «хто вінаваты?», кожны народ, а нават і асобны чалавек павінен пакалупацца ў сабе, зразумець, наколькі ён сам, праз свае ж памылкі, недагляды, дурныя звычкі, вінаваты ў вайне і іншых няшчасцях свету, што гэта, можа, адзіны спосаб пазбегчы наступнай вайны. Гэтага яны не даруюць, дзіва што, яны ж самыя не вінаватыя, - кайзер, генералы, буйныя прамыслоўцы, палітыкі, газеты, - нікому няма чым сябе папікнуць, ні на кім няма ніякай віны! Можна падумаць, што ў свеце ўсё выдатна, толькі вось дзесятак мільёнаў забітых гніюць у зямлі. І разумееш, Герміна, хоць такія пасквілі ўжо не могуць раззлаваць мяне, часам робіцца ад іх моташна. Дзве траціны маіх суайчыннікаў чытаюць такога роду газеты, чытаюць кожнай раніцы і кожны вечар гэтыя словы, людзей штодня апрацоўваюць, павучаюць, падбухторваюць, робяць незадаволенымі і злоснымі, а мэта і канец усяго гэтага - зноў вайна, наступная, ужо навіслая вайна, якая, напэўна ж, будзе яшчэ больш жахлівая за мінулую. Усё гэта як божы дзень ясна і проста, кожны чалавек мог бы зразумець, мог бы, калі б з гадзінку падумаў, прыйсці да такой самай высновы. Але ніхто не хоча, ніхто не хоча ўнікаць наступнай вайны, ніхто не хоча выбаўляць сябе і сваіх дзяцей ад наступнай масавай разні, калі гэта каштуе не танней. Падумаць гадзінку, на нейкі час заглыбіцца ў сябе і задацца пытаннем, у якой меры ты сам удзельнічаеш і вінаваты ў беспарадку і зле, што пануюць у свеце, - гэтага, разумееш, ніхто не хоча! І значыцца, так будзе і далей, і тысячы людзей будуць дзень у дзень рупліва спрычыняцца да новай вайны. З таго часу як я гэта ведаю, яно забівае мяне і ўкідае ў роспач, у мяне ўжо няма ні «бацькаўшчыны», ні ідэалаў, гэта ж ўсё толькі дэкарацыя варацілам, якія рыхтуюць чарговую бойню. Няма ніякага рэзону па-чалавечы думаць, гаварыць, пісаць, няма сэнсу насіцца з добрымі думкамі: на двух-трох чалавек, якія гэта робяць, прыпадае кожны дзень тысячы газет, часопісаў, прамоваў, адкрытых і таемных пасяджэнняў, якія імкнуцца да зусім іншага і дасягаюць таго іншага.

Герміна слухала спачувальна.