Выбрать главу

Назаўтрага ў гатэлі «Баланс» граў невялікі аркестрык, падавалі чай і віскі. Я паспрабаваў падкупіць Герміну, прапанаваў ёй пірожныя, паспрабаваў пачаставаць яе добрым віном, але яна была непахісная.

- Ты прыйшоў сюды не бавы бавіць. Гэта ўрок танцаў.

Я пратанцаваў з ёю разы два-тры, і ў прамежку яна пазнаёміла мяне з саксафаністам, смуглым, прыгожым маладым чалавекам іспанскага ці тое паўднёваамерыканскага тыпу, які, як яна сказала, умеў іграць на ўсіх інструментах і гаварыць на ўсіх мовах свету. Гэты сеньёр, здавалася, вельмі добра ведаў Герміну і быў з ёю ў самых прыяцельскіх стасунках, перад ім стаялі два рознай велічыні саксафоны, у якія ён папераменна трубіў, уважліва і весела вывучаючы чорнымі бліскучымі вачыма танцораў. На свой вялікі подзіў, я адчуваў нешта накшталт рэўнасці да гэтага прастадушнага, прыгожага музыканта, не любоўнай рэўнасці, не, - пра любоў у нас з Гермінай і мовы не было, - а рэўнасці больш духоўнай, сяброўскай, бо ён здаўся мне не так ужо і вартым той цікавасці, той проста-такі вызначальнай увагі, нават пашаноўнасці, якія яна да яго выяўляла. Забаўныя даводзіцца заводзіць тут знаёмствы, міжволі падумалася мне.

Пасля Герміну некалькі разоў запрашалі, а я заставаўся адзін за столікам і слухаў музыку, музыку, якое я дагэтуль трываць не мог. Божа, думаў я, цяпер, выходзіць, мне трэба асвоіцца тут і прыжыцца ў гэтым свеце гулякаў і шукальнікаў асалодаў, чаго я заўсёды ўсяляк пазбягаў і чым глыбока грэбаваў, у гэтым клішаваным, стандартным свеце мармуровых столікаў, джазавай музыкі, какотак, каміваяжораў! Я паныла пахлёбтваў чай, разглядваў падэлегантненую публіку. Мой пагляд спыняўся на дзвюх прыгожых дзяўчатах, абедзве хораша танцавалі, з захапленнем і зайздрасцю глядзеў я, як пругка, прыгожа, весела і ўпэўнена яны рухаліся.

Тут паявілася Герміна, яна была незадаволеная мною. Я тут не дзеля таго, абуралася яна, каб сядзець за чайным столікам з кіслым тварам, я павінен зараз жа набрацца духу і ісці танцаваць. Што? - я ні з кім не знаёмы? Тае бяды - яно і не трэба! Няўжо тут няма дзяўчат, якія мне падабаліся б?

Я паказаў ёй адну з тых, прыгажэйшая каторая, яна якраз стаяла непадалёк ад нас. Яе дзівосная аксамітная спаднічка, коратка стрыжаныя густыя валасы, поўныя, як у сталай жанчыны, рукі былі чароўныя. Герміна настойвала, каб я падышоў да яе і запрасіў. Я з усёй сілы ўпіраўся.

- Ды не магу я! - сказаў я, чуючы сябе няшчасным. - Калі б я быў прыгожы малады хлопец, тады б, можа! А гэтакі стары, непаваротлівы ёлуп, які і танцаваць як след не ўмее, - ды яна ж на смех падыме!

Герміна паглядзела на мяне з пагардай.

- А ці высмею цябе я, табе не абыходзіць. Які ж ты бука! Кожны, хто набліжаецца да дзяўчыны, рызыкуе быць высмеяным, тут ужо нічога не зробіш. Так што рызыкні, Гары, і ў горшым разе з цябе пасмяюцца, - а то ж я перастану верыць у тваё паслушэнства.

Яна не адступалася. Я панура ўстаў і падышоў да прыгожай дзяўчыны, як толькі зноў зайграла музыка.

- Увогуле я занятая, - сказала яна і з цікаўнасцю глянула на мяне вялікімі, жывымі вачыма, - але мой партнёр, здаецца, засеў у бары. Ну, што ж, давайце!

Я абняў яе і зрабіў першыя крокі, яшчэ здзіўляючыся, што яна не прагнала мяне, але яна ўжо зразумела, што са мною, і павяла сама. Танцавала яна цудоўна, я ўвайшоў у азарт і на нейкі час забыўся пра ўсе правілы танца, я проста плыў разам з ёю, адчуваў тугія сцёгны, адчуваў спрытныя паддатныя калені партнёркі, глядзеў у яе малады, распраменены твар і прызнаўся ёй, што танцую сёння ўпершыню ў жыцці. Яна ўсміхнулася і падбадзёрыла мяне, адказваючы на мае поўныя захаплення позіркі і ласкавыя словы на подзіў згодліва, - не словамі, а ціхімі, чароўнымі рухамі, якія збліжалі нас цясней і панадней. Моцна трымаючы правую на яе таліі, я шчасна і заўзята слухаўся рухаў яе ног, яе рук, яе плячэй, я ні разу, на сваё здзіўленне, не наступіў ёй, і, калі музыка адыграла, мы абое спыніліся і пляскалі ў далоні, пакуль зноў не зайгралі, а потым я яшчэ раз старанна, закахана і багавейна, выканаў гэты абрад.

Калі танец скончыўся, - а скончыўся ён вельмі рана, - мая аксамітная прыгажуня адышла, і раптам побач са мною апынулася Герміна, якая ўвесь час назірала за намі.

- Цяпер ты сёе-тое раскумекаў? - засмяялася яна ўхвальна. - Ты заўважыў, што жаночыя ножкі - гэта не ножкі стала? Ну, малайчына! Фокс ты, дзякаваць Богу, адужаў, заўтра возьмемся за бастон, а праз тры тыдні - баль-маскарад у залах «Глобуса».

Быў перапынак у танцах, мы сядзелі, і тут падышоў той прыгожы малады саксафаніст, сеньёр Пабла, кіўнуў нам і падсеў поплеч з Гермінай. Ён, здаецца, быў з ёю ў вялікай дружбе. Мне ж, прызнацца, таго першага разу ён зусім не спадабаўся. Прыгожы ён, праўда, быў, нічога тут не скажаш, прыгожы і з твару і з паставы, але ніякіх іншых вартасцяў я ў ім не знайшоў. Ды і валодаць мноствам моваў было яму лёгка, бо наогул нічога не гаварыў, апрача слоў «калі ласка», «дзякую», «праўда-праўда ж», «вядома», «алё» і да таго падобных, а гэтыя словы ён і праўда ведаў на многіх мовах. Так, ён нічога не гаварыў, сеньёр Пабла, і, здаецца, ён не так ужо і многа думаў, гэты прыгожы кабальера. Яго справай было ўджыгаць у джазе на саксафоне, і гэтаму занятку ён, здаецца, аддаваўся любоўна і заўзята, сюд-туд падчас ігры ён раптам пляскаў у далоні альбо дапускаў сабе іншыя бурныя праявы энтузіязму, напрыклад, голасна і нараспеў выкрыкваў «о-о-о», «ха-ха», «алё»! Увогуле ж бо ён жыў на белым свеце яўна толькі дзеля таго, каб быць прыгожым, падабацца жанчынам, насіць каўнерыкі і гальштукі самай апошняй моды, а таксама мноства пярсцёнкаў на пальцах. Ягоны ўклад у гутарку быў у тым, што ён сядзеў з намі, усміхаўся нам, зіркаў на свой наручны гадзіннік, і круціў сабе цыгаркі, у чым быў вельмі спрытны. Яго цёмныя, прыгожыя крэольскія вочы, яго чорныя кучары не тоілі ў сабе ніякай рамантыкі, ніякіх праблем, ніякіх думак - зблізку гэты экзатычны прыгажун-паўбог быў вясёлы, крыху спешчаны хлапчук, толькі і ўсяго, і не больш за тое. Я загаварыў з ім пра ягоны інструмент і пра тэмбр у джазавай музыцы, ён павінен быў зразумець, што мае справу са старым меламанам і знаўцам па музычнай лініі. Але ён не падхапіў гэтай тэмы, а калі я, з ветлівасці да яго альбо, бадай што, да Герміны, паспрабаваў знайсці нейкае музычна-тэарэтычнае апраўданне джазу, ён ухіліўся ад мяне і маіх высілкаў міралюбнай усмешкай, і, відаць, яму было зусім невядома, што да і апрача джазу існавала яшчэ нейкая іншая музыка. Мілы ён быў чалавек, мілы і слаўны, і прыгожа ўсміхаліся яго вялікія пустыя вочы; але паміж ім і мною не было, здавалася, нічога агульнага: усё, што было яму важна і свята, не магло мяне хваляваць, мы прыйшлі з розных светаў, у нашых мовах не было ніводнага агульнага слова. (Але пазней Герміна паведаміла мне цікавую рэч. Яна сказала, што пасля размовы Пабла сказаў ёй наконт мяне, каб яна асцярожней абыходзілася з «гэтым чалавекам», ён жа, бач, такі няшчасны. І калі яна спыталася, з чаго ён гэта ўзяў, той сказаў: «Небарака, небарака. Паглядзі на яго вочы! Няздольны смяяцца».)