Калі чарнавокі адкланяўся і зноў зайграла музыка, Герміна ўстала.
- Цяпер ты мог бы зноў патанцаваць са мною, Гары. Альбо ж табе больш не хочацца?
З ёю таксама цяпер мне танцавалася лягчэй, вальней і весялей, хоць не так бесклапотна і самазабыўна, як з тою, іншай. Аддаўшыся мне яе весці, Герміна рухалася лёгка і далікатна, як пялёстак, і ў яе таксама я цяпер знайшоў і адчуў усе гэтыя то пяшчотлівыя, то гатовыя пырхнуць панады, ад яе таксама пахла жанчынай і каханнем, яе танец таксама пранікнёна і ласкава спяваў завабную песню полу - і, аднак, на ўсё гэта я не мог адказваць свабодна і весела, не мог забыцца і аддацца цалкам. Герміна была мне надта блізкая, яна была мне таварышкай, маёй сястрой, была такою, як і я, была падобная на мяне самога і на сябра майго юнацтва Германа, летуценніка, паэта, палымянага ўдзельніка маіх духоўных практыковак і загулаў.
- Ведаю, - сказала яна потым, калі я загаварыў пра гэта, - выдатна ведаю. Я яшчэ прымушу цябе закахацца ў мяне, але з гэтым не спех. Пакуль мы таварышы, мы людзі, якія спадзяюцца пасябраваць, бо мы зведалі адно аднаго. Цяпер мы будзем абое адно ў аднаго вучыцца і адно з адным гуляць. Я пакажу табе свой маленькі тэатр, навучу цябе танцаваць і быць крышку весялейшым і дурнейшым, а ты пакажаш мне свае думкі і сёе-тое са сваіх ведаў.
- Ах, Герміна, тут няма чаго і паказваць, ты ж ведаеш больш за мяне. Ты, дзяўчынка, дзівосны чалавек! Ва ўсякім разе ты разумееш мяне. Няўжо я табе нешта значу? Няўжо я не абрыд табе?
Яна змрочна апусціла вочы.
- Не падабаецца мне, калі ты такое кажаш. Успомні той вечар, калі ты, раздушаны роспаччу, кінуўся да мяне са сваёй пакутлівай адзіноты і стаўся мне таварышам! Чаму, як ты думаеш, я тады патрапіла распазнаць цябе і зразумець?
- Чаму, Герміна? Скажы!
- Бо я такая самая, як і ты. Таму што я такая самая адзінокая, як і ты, і гэтак сама, як і ты, няздольная кахаць і сур'ёзна прымаць жыццё, людзей і самую сябе. Заўсёды ж бо знаходзяцца такія людзі, якія патрабуюць ад жыцця самага высокага і не могуць прымірацца з яго грубасцю.
- Ну й ну! - усклікнуў я здзіўлена. - Разумею цябе, таварыш мой, ніхто не зразумее цябе так, як я. І ўсё ж ты мне - загадка. А ты так, як бы між іншым, спраўляешся з жыццём, у цябе ёсць твая цудоўная павага да дробязяў і радасцяў, ты так абазнаная ў жыцці. Як ты можаш пакутаваць ад яго? Як ты можаш западаць у роспач?