- Я не ў роспачы, Гары. Але пакутаваць ад жыцця - о так, у гэтым я абазнаная. Здзіўляешся, што я няшчасная, я ж бо так хораша ўмею танцаваць і арыентуюся на паверхні жыцця. А я, дружа мой, здзіўляюся, што ты так расчараваны ў жыцці, бо ты ж разбіраешся ў самых прыгожых і глыбокіх рэчах, ты ж у царстве Духа, мастацтва, думкі - як дома! Таму мы і пацягнуліся адно да аднаго, таму мы брат і сястра. Я навучу цябе танцаваць, граць, усміхацца, і ўсё ж не быць задаволеным. А ад цябе навучуся думаць і ведаць і ўсё ж не быць задаволенай. Ці ведаеш ты, што мы абое дзеці д'ябла?
- Так, мы ягоныя дзеці. Д'ябал - гэта дух, і мы яго няшчасныя дзеці. Мы выпалі з прыроды і завіслі ў пустаце. Але вось што я ўспомніў: у тым трактаце пра Стэпавага ваўка, пра які я табе казаў, напісана нешта наконт таго, што гэта толькі ілюзія Гары, калі ён думае, што ў яго адна альбо дзве душы, што ён складзены з адной альбо дзвюх асобаў. Кожны чалавек складаецца з дзесятка, з сотні, з тысячы душаў.
- Гэта ўжо мне падабаецца, - усклікнула Герміна. - У цябе, напрыклад, моцна развіты духоўны пачатак, але затое ты вельмі адстаў у розных маленькіх умельствах жыць. Мысляру Гары сто гадоў, а танцору Гары не мінула яшчэ і дня. Цяпер мы прасветлім яго далей і ўсіх ягоных маленькіх брацікаў, такіх сама маленькіх, неразумных і недарослых, як ён сам.
Яна з усмешкай глянула на мяне. І спыталася ціха змененым голасам:
- А як табе Марыя?
- Марыя? Якая Марыя?
- Ну, з якою ты танцаваў. Зграбная дзяўчына, вельмі зграбная. Ты быў крышку закаханы ў яе, наколькі я магу меркаваць.
- Хіба ты з ёю знаёмая?
- Чаму не, мы з ёю блізка знаёмыя. Яна цябе вельмі цікавіць?
- Яна мне спадабалася, і я быў рады, што яна была такая спагадлівая да таго, як я танцую.
- І толькі гэта! Ты павінен прывалакнуцца за ёю, Гары. Яна слічная і танцуе слічненька, ды ты ж ужо закаханы ў яе. Я думаю, ты мецьмеш поспех.
- Ай, я не такі славалюбны.
- Ах, ты манюка! Я ж ведаю, што ў цябе недзе засталася каханая, і ты наведваеш яе раз у паўгода, каб зноў з ёю пасварыцца. Разумею, гэта вельмі міла, калі ты хочаш быць верным сваёй дзіўнай прыяцельцы, але не дапусціся, каб я прымала гэтага надта сур'ёзна. Я наогул падазраю, што ты прымаеш каханне занадта ж бо сур'ёзна. Ну, кахай сабе на здароўе сваім ідэальным парадкам колькі табе заўгодзіцца, гэта твой клопат, за гэта мне галава не баліць. Мой жа клопат - каб ты трошкі набраўся спрыту ў маленькіх, лёгкіх, жыццёвых спанатрах і гульнях, у гэтым я твая вучыцелька і буду табе вучыцелькай лепшай за тваю ідэальную каханую, і не сумнявайся! Табе не шкодзіла б паспаць з якой-небудзь прыгожай дзяўчынай, Стэпавы воўча.
- Герміна, - усклікнуў я стомлена, - паглядзі на мяне, я ж стары чалавек!
- Маленькае хлапчаня - вось хто ты. І гэтак сама, як ты, гультаіна, ленаваўся вучыцца танцаваць, пакуль ледзь-ледзь не ўпусціў часу, ты ленаваўся вучыцца кахаць. О, кахаць ідэальна, трагічна - гэта ты, дружа мой, умееш, вядома, як лепш і не бывае, не сумняваюся, што ўжо так, дык так! Цяпер жа ты навучышся кахаць і звычайна, па-людску. Пачатак ужо зроблены, неўзабаве цябе можна будзе запусціць на баль. Толькі вось бастон яшчэ трэба будзе адолець, гэтым заўтра і зоймемся. Я прыйду а трэцяй. Дарэчы, як табе тутэйшая музыка?
- Вельмі спадабалася.
- Ну, вось бачыш, гэта ўжо поступ, сяго-таго ты ўжо навучыўся. Дагэтуль ты трываць не мог усёй гэтай «скочнай» і джазавай бразгатні, яна была табе недастаткова сур'ёзная і глыбокая, а цяпер ты ўбачыў, што яе і не трэба прымаць на сур'ёзе, але што яна можа быць і без таго мілай і сімпатычнай. Між іншым, без Пабла ўся гэтая аркестрада - нуль. Ён яе вядзе, ён бадзёру паддае!
Калі грамафон знішчаў атмасферу аскетычнай духоўнасці ў маім кабінеце, калі амерыканскія танцы ўрываліся ў мой цывілізаваны музычны свет, як нейкая завада мне, як нешта чужое і разбуральнае, дык і ў маё дакладна акрэсленае, строга замкнутае дагэтуль жыццё адусюль урывалася нешта новае, страшнае і зварушлівае. Трактат пра Стэпавага ваўка і Герміна мелі рацыю ў сваім вучэнні пра тысячу душаў, побач з усімі ранейшымі ўва мне штодня выяўляліся нейкія новыя душы, яны выстаўлялі ўмовы, чынілі вэрхал, і я ясна, як на карціне, убачыў, у якой самаашуцы дыгэтуль жыў. Надаючы значэнне адно тым лічаным здольнасцям, у якіх я з чыстага выпадку быў моцны, я намаляваў партрэт Гары і жыў ягоным жыццём, а ён быў усяго толькі тонкім фахоўцам у паэзіі, музыцы і філасофіі, а ўсё астатняе ў сваёй асобе, увесь хаос сваіх здольнасцяў, інстынктаў, памкненняў успрымаў як лішнюю навалач і назваў Стэпавым ваўком.