Тым часам гэты наварот ад самападману, гэты распад маёй асобы зусім не былі толькі прыемнай і пікантнай прыгодай, наадварот жа, яны былі часам горка балючыя і амаль невыносныя. Грамафон часта гучаў пякельна ў гэтым атачэнні, дзе ўсё было наладжана зусім на іншыя тоны. І часам, калі ў якім-небудзь модным рэстаране сярод усіх гэтых закурдаяў і авантурнікаў я выдыгаў уанстэпы, дык сам сабе здаваўся здраднікам, які запрадаў усё, што было ў мяне святога і дарагога ў жыцці. Калі б Герміна пакінула мяне аднаго хоць на тыдзень, я не марудзіў бы доўга і даў бы цекача ад гэтых смешных патугаў на бонвіванства. Але Герміна ўвесь час была побач; хоць я бачыў яе не кожан дзень, затое яна мяне бачыла, накіроўвала, папраўляла, ахоўвала, разглядвала - і ўсе мае шалёныя думкі пра бунты і ўцёкі з усмешкай чытала з майго твару.
У працэсе таго, што я раней называў сваёй асобай, я пачаў разумець, чаму я, нягледзячы на ўсю сваю роспач, так вусцішна баяўся смерці, і пачаў заўважаць, што і гэты ганебны і гнюсотны страх быў часткаю маёй старой, мяшчанскай натуры. Гэта ранейшы гер Галер, творчы здольнік, знаўца Моцарта і Гётэ, аўтар цікавых развагаў пра метафізіку мастацтва, пра геніяльнасць і трагізм, пра чалавечнасць, тужлівы пустэльнік у сваёй заваленай кнігамі келлі, быў аб'ектам паслядоўнай самакрытыкі і не вытрымаў яе. Гэты здольны і цікавы гер Галер ваяваў, праўда, за розум і чалавечнасць і пратэставаў супроць жорсткасці вайны, аднак падчас вайны ён не даў сябе паставіць да сцяны і расстраляць, што было б лагічным вывадам з ягоных думак, а знайшоў нейкі там спосаб ператрываць, спосаб, зрэшты, прыстойны і высакародны, але ўсё-такі нейкі-такі кампрамісны. Далей: ён быў супраціўцам улады і эксплуатацыі, аднак у банку ў яго ляжала шмат акцый прамысловых прадпрыемстваў, і працэнты з гэтых акцый ён бессаромна праядаў. І так было ва ўсім. Спрытна выстаўляючы сябе пагарднікам свету, тужлівым анахарэтам і абураным прарокам, Гары Галер быў па сутнасці буржуа, лічыў Гермініна жыццё вартым асуды, сушыў сабе скрухаю сэрца за ночы, прамантачаныя ў рэстаранах, за грошы, якія там прасадзіў, адчуваў згрызоты сумлення і зусім не памыкаўся вызваляцца і ўдасканальвацца, а наадварот, як мог рваўся назад у тыя лафовыя часіны, калі яго духоўнае самацацканне яшчэ давала яму асалоду і славу. Гэтак жа сама ўздыхалі па даваеннай ідэальшчыне пагарджаныя і высмейваныя ім чытачы газет, бо так было зручней і лацвей, аніж прымаць навуку з выпакутаванага. Цьфу, каб ты спрахла, ад яго ванітавала, ад гэтага Гары Галера! І ўсё-такі я чапляўся за яго альбо ж за ягоную маску, якая ўжо спадала, за ягонае какецтва з духоўнасцю, за ягоны мяшчанскі страх перад непарадкам і ўсім выпадковым (у гэта ўпісвалася і смерць) і з'едліва, зайздросліва параўноўваў новага Гары, гэтага крыху нясмелага і смешнага дылетанта танцзалаў, з тым ранейшым ілжыва-ідэальным вобразам Гары, у якім ён, новы Гары паспеў ужо знайсці ўсе непрыемныя рысы, якія так абурылі яго тады, у прафесара, у партрэце Гётэ. Ён сам, ранейшы Гары, быў такі самы па-мяшчанску ідэалізаваны Гётэ, гэткі, бачыце, герой з залішне высакародным кругаглядам, свяціла, якое блішчала велічнасцю, інтэлектам і чалавечнасцю, як брыльянтынам, і мала што не расчулена ад высакародства сваёй душы! Добранька ж такі ён, аднак, злядашчыўся, няма на яго халеры, гэты міленькі вобраз, бо надта ж бо развянчаным выглядаў сёння ідэальны спадар гер Гары! Ён быў падобны на вяльможу, абабранага бандытамі, які застаўся ў падраных портках і зрабіў бы куды разумней, калі б цяпер увайшоў у ролю абадранца, але замест гэтага носіць на сабе транты з такім форсам, быццам на іх усё яшчэ вісяць ордэны, і плаксіва прэтэндуе на страчаную вяльможнасць.
Я даволі часта сустракаўся з музыкантам Пабла, і маё меркаванне пра яго варта было перагледзець хоць бы ўжо таму, што Герміна вельмі любіла яго і як магла шукала ягонай кампаніі. Пабла запомніўся мне як гладзенькая нікчэмнасць, крыху славалюбны красунчык, вясёлае і бяздумнае дзіця, якое радасна дудзіць у сваю дудачку і якое лёгка купляецца на пахвалу і шакаладку. Але Пабла не пытаўся маёй думкі, яна была яму гэтак сама да аднаго месца, як і мае музычныя тэорыі. Ён слухаў мяне ветліва і ласкава, з нязменнай усмешкай, але шчырага адказу ніколі не даваў. Тым не меней здавалася, што я ўсё-такі цікавіў яго, ён яўна стараўся спадабацца мне і паказаць мне сваю сімпатыю. Калі я аднаго разу падчас такой бясплённай гутаркі ад раздражнення зрабіўся амаль што грубы, ён збянтэжана і сумна паглядзеў мне ў твар, узяў маю левую руку, пагладзіў яе і падаў мне залачоную табакерку з нейкім нюхальным парашком: гэта, бач ты, паможа. Я недаўмёна паглядзеў на Герміну, яна згодліва кіўнула галавой, і я пачаставаўся шчэпцяй. І сапраўды пасвяжэў і падбадзёрыўся - у парашку, відаць, быў дамесак какаіну. Герміна сказала мне, што ў Пабла шмат такіх сродкаў, ён дастае іх нейкімі таемнымі шляхамі, часам дае сябрам і добра ведае сумесі і дазіроўкі ўсіх гэтых панацэяў - ад болю, снатворных, для добрых сноў, вясёлых, любоўных.