Аднойчы я сустрэў яго ў горадзе на набярэжнай, і ён адразу далучыўся да мяне. Гэтым разам мне нарэшце ўдалося падбіць яго на гутарку.
- Гер Пабла, - сказаў я яму, калі ён пачаў пакручваць чорна-срабрыстай лёсачкай, - вы сябар Герміны, вось прычына маёй да вас цікавасці. Але вы, скажу вам, не надта спрыяеце гутарцы. Я шмат разоў спрабаваў пагаварыць з вамі пра музыку - мне было б цікава пачуць вашу думку, вашы пярэчанні, вашы меркаванні. Але вы не дарылі мяне нават самым скупым адказам.
Ён ветліва засмяяўся і гэтым разам пакінуў мяне без адказу, а спакойна сказаў:
- Бачыце, па-мойму, пра музыку няма чаго і гаварыць. Я ніколі не гавару пра музыку. Ды і што я мог бы вам адказаць на вашыя вельмі разумныя і правільныя словы? Вы ж гаварылі абсалютна слушна ўсё, што гаварылі. Але, ведаеце, я музыкант, а не вучоны, і я не думаю, што ў музыцы рацыя нечагась вартая. У музыцы важна не тое, што ты маеш рацыю, што ў цябе ёсць густ, ёсць адукацыя, і ўсё такое далей.
- Ну так. А што ж важна?
- Важна іграць, гер Галер, іграць як мага лепш, як мага больш і як мага мацней! Вось у чым штука, мсье. Калі я трымаю ў галаве ўсе творы Баха і Гайдна і магу сказаць пра іх самыя разумныя рэчы, дык ад гэтага яшчэ няма нікому ніякай карысці. А калі я вазьму сваю трубу і сыграю моднае шымі, дык гэта шымі, добрае яно ці благое, усё роўна прынясе людзям радасць. Ударыць ім і ў ногі і ў кроў. Толькі гэта і важна. Зірніце як-небудзь на бале на твары ў той момант, калі пасля доўгага перапынку зноў загучыць музыка, - як тут жа заблішчаць вочы, уздрыгваюць ногі, пачынаюць смяяцца твары! Вось дзеля чаго граеш.
- Выдатна, гер Пабла. Але, апрача пачуццёвай, ёсць яшчэ і духоўная музыка. Апрача той музыкі, якую граюць у гэты вось момант, ёсць яшчэ і несмяротная музыка, якая жыве, нават калі яе і не граюць у гэты момант. Можна адзінока ляжаць у сябе ў ложку і ў думках паўтараць якую-небудзь мелодыю з «Чароўнай флейты» альбо з «Цярпенняў паводле Мацвея», і тады музыка адбудзецца без флейты альбо скрыпкі.
- Вядома, гер Галер. І «Знемажэнне», і «Валенсію» таксама кожнай ночы моўчкі ўзнаўляюць многія адзінокія летуценнікі. Самая бедная машыністачка ўспамінае ў сябе ў канторы апошні ўанстэп і адстуквае на сваіх клавішах яго такты. Ваша праўда, хай у гэтых адзінокіх людзей будзе свая нямая музыка, хай тое «Знемажэнне», хай «Чароўная флейта», хай «Валенсія»! Але адкуль жа бяруць гэтыя людзі сваю адзінокую, нямую музыку? Яны атрымліваюць яе ў нас, у музыкантаў, спачатку яе трэба сыграць і пачуць, спачатку яна павінна ўвайсці ў кроў, а потым ужо можна вымройваць яе сабе дома, у сваёй каморцы.
- Згода, - сказаў я холадна. - І ўсё-такі нельга ставіць на адну ступень Моцарта і найноўшы факстрот. І не адно і тое самае - граць людзям боскую і вечную музыку альбо танныя аднадзёнкі.
Заўважыўшы хваляванне ў маім голасе, Пабла адразу ж скроіў самую мілую фізіяномію, ласкава пагладзіў мяне па плячы і надаў свайму голасу неверагодную мяккасць.
- Ах, дарагі мой, наконт ступеняў вы, мабыць, цалкам слушны. Я анічога не маю супраць таго, каб вы ставілі і Моцарта, і Гайдна, і «Валенсію» на якія заўгодна ступені! Мне гэта зусім не абыходзіць, вызначаць ступені - не мая справа, у мяне пра гэта не пытаюцца. Моцарта, магчыма, будуць граць і праз сто гадоў, а «Валенсію» не будуць - гэта, я думаю, мы можам спакойна аддаць Госпаду Богу, Ён справядлівы і распараджаецца тэрмінамі, якія наканавана пражыць нам усім, а таксама кожнаму вальсу і кожнаму факстроту, Ён напэўна зробіць правільна. А мы, музыканты, павінны рабіць сваё, выконваць абавязкі свае і задачы: мы павінны граць тое, чаго якраз у дадзены момант хочацца людзям, і граць мы гэта павінны як мага лепш, прыгажэй і энергічней.
Я ўздыхнуў і здаўся. Гэтага чалавека нельга было ўзяць нічым.
У некаторыя моманты старое і новае, боль і весялосць, страх і радасць на дзіва змешваліся. Я быў то на нябёсах, то ў пекле, часцей тут і там адначасова. Стары Гары і новы жылі адзін з адным то ў жорсткім разладзе, то ў міры. Часам здавалася, што стары Гары зусім ужо мёртвы, што ён памёр і пахаваны, і раптам ён аказваўся тут, загадваў, тыраніў, браў безапеляцыйны тон, а новы, маленькі, малады Гары канфузіўся, маўчаў і дазваляў прыпіраць сябе да сцяны. Іншым часам малады Гары хапаў старога за горла рэзкай хваткай, і тады стаяў стогн, ішла барацьба не на жыццё, а на смерць, настырна вярталіся думкі пра брытву.