Часта, аднак, боль і шчасце залівалі мяне адной хваляй. Так было ў тое імгненне, калі я праз некалькі дзён пасля свайго танцавальнага дэбюту ўвайшоў увечары да сябе ў спальню і на вялікае здзіўленне, страх, жах і радасць застаў у пасцелі прыгажуню Марыю.
З усіх неспадзяванак, якія мне дагэтуль падносіла Герміна, гэта была самая неспадзяваная. Бо ў тым, што прыслала мне райскую птушку менавіта яна, я ні секунды не сумняваўся. Той вечар я, як выключэнне, правёў не з Гермінай, я слухаў у кафедральным саборы добрае выкананне старадаўняй царкоўнай музыкі - гэта была мілая і смутная вылазка ў маё ранейшае жыццё, на нівы маладосці, у сферы ідэальнага Гары. У высокай гатычнай зале храма, прыгожыя сетчатыя скляпенні якое, прывідна ажыўшы, калыхаліся ў гульні нешматлікіх свяцільняў, я слухаў п'есы Букстэхудэ, Пахельбеля, Баха, Гайдна, я хадзіў па сваіх любімых старых дарогах, я зноў чуў выдатны голас вакалісткі, якая спявала Баха, з якою калісьці сябраваўся і перажыў мноства незвычайных канцэртаў. Галасы даўняе музыкі, яе бясконцая вартаснасць і святасць выклікалі ў маёй памяці ўсе ўзлёты, экстазы і захапленні маладосці, сумна і задуменна сядзеў я на высокім клірасе госцем у гэтым высакародным, шчасным свеце, які колісь быў маёй радзімай. Пад гукі гайднаўскага дуэта ў мяне раптам паліліся слёзы, я не стаў чакаць канца канцэрта, адмовіўся ад сустрэчы са спявачкай (о, колькі прамяністых вечароў бавіў я колісь з артыстамі пасля такіх канцэртаў!), ціхенька выйшаў з сабора і стомлена паплёўся па начных вулках, дзе паўсюль за вокнамі рэстаранаў джаз-аркестры наярвалі мелодыі маёй цяпершчыны. О, якая атрымалася з майго жыцця змрочная блытаніна!
Доўга думаў я, сноўдаючыся той ночы, пра свае адносіны да музыкі і зноў нагледзеў у гэтых такіх кранальных, такіх ліхашчасных адносінах да яе лёс нямецкай інтэлігентнасці. У нямецкай душы пануе мацярынскае права, сувязь з прыродай у форме гегемоніі музыкі, невядомая ніякаму іншаму народу. Замест каб па-мужчынску паўстаць супроць гэтага, прыслухацца да інтэлекту, да логасу, да слова, мы, людзі інтэлігентныя, усе запар трызнім моваю без слоў, здольнаю выказаць невыказнае, выказаць тое, чаго выказаць нельга. Замест каб як мага правільней і сумленней граць на сваім інструменце, інтэлігентны немец заўсёды франдыраваў супроць слова і розуму, заўсёды какетнічаў з музыкай. І растварыўшыся ў музыцы, у дзівосных і шчасных гукавых вобразах, у дзівосных і салодкіх пачуццях і настроях, якія ніколі не ператвараліся ў рэчаіснасць, нямецкі розум праспаў большасць сваіх сапраўдных назначэнняў. Мы, людзі інтэлігентныя, усе не ведалі рэчаіснасці, былі ёй чужыя і варожыя, а таму і ў нашай нямецкай існасці, у нашай гісторыі, у нашай палітыцы, у нашай грамадскай думцы роля інтэлекту была такой жалю вартай. Так яно, вядома, я часта прадумваў гэтую думку, знемагаючы часам ад палкага жадання стварыць сабе нарэшце рэальнасць, зрабіцца нарэшце сур'ёзным і дзейсным чалавекам, замест таго каб вечна займацца эстэтыкай і прыкладным мастацтвам у вобласці духу. Але гэта заўсёды канчалася прызнаннем сваёй духоўнай немачы, капітуляцыяй перад лёсам. Мелі рацыю геры генералы і прамыслоўцы: ад нас, «інтэлігентаў», не было толку, мы былі непатрэбнай, адарванай ад рэальнасці жменькай дасціпных пустабрэхаў. Цьфу, каб ты звялося! Брытву!
Увесь і цэлы ў такіх думках, у адгалосках музыкі, з ацяжэлым ад скрухі сэрцам, ад тугі па жыцці, па рэальнасці, па сэнсе, па непапраўна страчаным я нарэшце вярнуўся дамоў, адолеў свае лесвіцы, запаліў у гасцёўні святло, паспрабаваў нешта там чытаць, успомніў пра ўмову, якая вымушала мяне заўтра ўвечары з'явіцца на віскі і танцы ў бар «Сесіль», я адчуваў злосць і прыкрасць не толькі на самога сябе, але і на Герміну. Якія б добрыя і чыстыя памкненні ні кіравалі ёю, якой бы цудоўнай істотай яна ні была - няма каб яшчэ тады даць мне загінуць, яна штурхала, яна папіхала мяне ў гэты бесталковы, чужы, мітуслівы, цацачны свет, дзе я ўсё адно заўсёды буду чужы і ўсё лепшае ўва мне зачаўрае і загіне.
І я сумна патушыў святло, сумна ўвайшоў у спальню, сумна пачаў распранацца, але тут мяне збянтэжыў нейкі нязвыклы пах, пахла парфумай, і, азірнуўшыся, я ўбачыў, што ў маёй пасцелі ляжыць прыгажуня Марыя, ніякавата ўсміхаючыся вялікімі блакітнымі вачыма.
- Марыя! - сказаў я. І першай подумкай было, што мая гаспадыня папросіць мяне з кватэры, калі пра гэта даведаецца.