- Я прыйшла, - сказала яна ціха. - Вы на мяне серду не маеце?
- Не, не. Я ведаю, Герміна дала вам ключ. Ну так.
- О, вы сярдуеце за гэта. Я пайду.
- Не, мілая Марыя, заставайцеся! Толькі якраз сёння, сама ўвечары, мне вельмі журботна, сёння я не магу быць вясёлым, але, можа, змагу заўтра.
Я крыху схіліўся да яе, яна абхапіла маю галаву абедзьвюма далонямі, вялікімі, моцнымі, падцягнула да сябе і пацалавала ўзасос. Потым я сеў да яе на ложак, узяў яе за руку, папрасіў гаварыць ціха, каб нас не пачулі, і пачаў глядзець на яе прыгожы, поўны твар, які дзівосна і незнаёма, як нейкая вялікая кветка, ляжаў перад мною на маёй падушцы. Яна павольна пацягнула маю руку да сваіх вуснаў, пацягнула яе пад коўдру і паклала на свае цёплыя з ціхім дыханнем грудзі.
- Можаш не быць вясёлым, - сказала яна. - Герміна мне ўжо сказала, што ў цябе гора. Гэта кожны зразумее. А я табе ўсё яшчэ падабаюся, га? Таго разу, калі мы танцавалі, ты быў вельмі закаханы.
Я пачаў цалаваць яе вочы, рот, шыю і грудзі. Толькі што я думаў пра Герміну, горка і з дакорам. А цяпер я трымаў у руках яе дарунак і быў ёй удзячны. Марыіны пяшчоты не прычынялі болю цудоўнай музыцы, якую я чуў сёння, яны былі вартыя яе і былі яе ўвасабленнем. Я павольна сцягваў коўдру з прыгажуні, пакуль не дабраўся, цалуючы, да кончыкаў яе ног. Калі я лёг да яе, падобны на кветку твар яе ўсміхнуўся мне з разуменнем і прыхільна.
У гэтую ноч побач з Марыяй я спаў нядоўга, але моцна і хораша. Як дзіця. А ў прамежках сну я піў яе цудоўную, вясёлую маладосць і пазнаваў у ціхай балбатні мноства цікавых рэчаў пра жыццё яе і Герміны. Пра жыццё гэтага роду я ведаў вельмі мала, толькі ў тэатральным свеце трапляліся мне часам раней такія істоты, і жанчыны, і мужчыны, паўмастакі-паўпрайдохі. Толькі цяпер я крыху заглянуў ў гэтыя цікаўныя, гэтыя дзівосна мілыя, гэтыя дзівосна распусныя душы. Усе гэтыя дзяўчаты, звычайна з беднаты, надта ж бо разумныя і надта прыгожыя, каб аддавацца ўсё сваё жыццё толькі якой-небудзь кепска аплачванай і бязрадаснай службе дзеля кавалка хлеба, жылі то на выпадковаыя заробкі, то на капітал сваёй прывабнасці і прыемнасці. Часам яны сядзелі месяцамі за пішучай машынкай, часам бывалі палюбоўніцамі заможных жуіраў, атрымлівалі кішэньковыя грошы і дарункі, часам хадзілі ў футрах, раз'язджалі на аўтамабілях і жылі ў гранд-гатэлях, а часам туліліся ў паддашках, і хоць часам, пры вельмі ўжо снаднай прапанове, згаджаліся на шлюб, увогуле ж да яго не гарнуліся. Некаторыя з іх не былі ў каханні палкія і саступалі дамогам толькі з агідай, і тое за самую высокую плату. Іншыя, і да іх належала Марыя, вызначаліся нязвыклай здольнасцю да кахання і патрэбай у ёй, большасць ведала толк у каханні да абодвух полаў; яны жылі адзіна дзеля кахання і заўсёды, апрача афіцыйных і плацёжаздольных сяброў, мелі ўсякія іншыя любоўныя сувязі. Апантана і дзелавіта, трывожна і легкадумна, разумна і ўсё-такі неўсвядомлена жылі гэтыя матылькі сваім дзіцячым, але вытанчаным жыццём, жылі незалежна, прадаючыся не кожнаму, чакаючы сваёй долі шчасця і добрага надвор'я, закаханыя ў жыццё і ўсё ж прывязаныя да яго менш, чым мяшчане, жылі ў заўсёднай гатовасці ісці за казачным прынцам у ягоны замак, з заўсёднай, хоць і паўусвядомленай упэўненасцю ў цяжкім і сумным канцы.
Марыя навучыла мяне - у тую незвычайную першую ноч і пазней - многаму, не толькі мілым новым забавам і здалікачанасці пачуццяў, але і новаму разуменню, новаму ўспрыняццю, новай любові. Свет танцавальных і забаўляльных установаў, кінематографаў, бараў і чайных залаў пры гатэлях, які для мяне, самотніка і эстэта, усё яшчэ заставаўся нейкім непаўнавартасным, нейкім забароненым і прыніжальным, быў для Марыі, для Герміны і для іх сябровак светам наогул, ён не быў ні добры, ні злы, ні ненавісны, у гэтым свеце квітнела іх кароткае, поўнае палкага чакання жыццё, у ім яны пачуваліся як рыба ў вадзе. Яны любілі шампанскае альбо якую-небудзь фірмовую смажанку, як мы любім якога-небудзь кампазітара альбо паэта, і якой-небудзь моднай танцавальнай мелодыі альбо сентыментальна-саладжавай песеньцы яны аддавалі такую самую даніну захаплення, хвалявання і расчуленасці, якую мы - Ніцшэ альбо Гамсуну. Расказваючы мне пра свайго знаёмага красунчыка саксафаніста Пабла, Марыя загаварыла пра адзін амерыканскі зонг, які Пабла ім часам спяваў, і гаварыла яна пра гэта так натхнёна, з такім запалам, з такой любасцю, што словы яе кранулі і ўсхвалявалі мяне куды мацней, чым экстазы якога-небудзь эрудыта з прычыны якога-небудзь рафінавана-высакароднага мастацтва. Я гатовы быў захапляцца разам з ёю, які б гэты зонг ні быў, поўныя любові словы Марыі, яе палкі погляд прабілі ў маёй эстэтыцы шырокія прагалы. Заставалася, вядома, прыгожае, тое нямногае непераўзыдзена прыгожае, што не падлягала, па-мойму сумненням і спрэчкам, найперш Моцарт, але дзе ж тут была мяжа? Хіба ўсе мы, знаўцы і крытыкі, не любілі ў маладосці твораў мастацтва і мастакоў, якія сёння здаюцца нам сумніўнымі і непрыемнымі? Хіба не так было з Лістам, з Вагнерам, а ў многіх нават з Бэтховенам? Хіба дзіцяча-палкая расчуленасць Марыі ад амерыканскага зонга не была такім самым чыстым, цудоўным, не падлеглым ніякім сумненням суперажываннем мастацтва, як усхваляванасць якога-небудзь дацэнта «Трыстанам» альбо захапленне дырыжора пры выкананні Дзевятай сімфоніі? І хіба не было ў гэтым вартай подзіву суадпаведнасці з поглядамі сеньёра Пабла і пацвярджэння ягонай праўды?