Калі я зноў сустрэўся з Марыяй, мне было дзіўна ведаць, што Герміну яна туліла да сэрца гэтак сама, як і мяне, што яе валасы і скуру яна гэтак сама адчувала, цалавала і гладзіла, як і мае. Новыя, няпростыя, складаныя адносіны і сувязі ўсплылі перад мною, новыя магчымасці любіць і жыць, і я думаў пра тысячу душ трактата пра Стэпавага ваўка.
У той кароткі прамежак паміж маім знаёмствам з Марыяй і вялікім баль-маскарадам я быў проста шчаслівы, і ўсё ж мяне ні разу не наведвала адчуванне, што гэта і ёсць збавенне, дасягнутае шчасце, не, я вельмі выразна адчуваў, што ўсё гэта - толькі зачэпка і падрыхтоўка, што ўсё шалёна парываецца наперад, што самае галоўнае якраз яшчэ наперадзе.
Танцаваць я навучыўся настолькі, што мне здавалася цяпер магчымым удзельнічаць у бале, пра які з кожным днём талкавалі ўсё больш і больш. У Герміны быў сакрэт, яна так і не адкрывала мне, у якім маскарадным строі паявіцца. Сваім часам даведаюся, казала яна, а не даведаюся, - сама дапаможа, але загадзя нічога казаць не будзе. З другога боку, і мае планы наконт касцюма не выклікалі ў яе аніякай цікавасці, і я рашыў наогул ні ў кога не пераўбірацца. Марыя, калі я пачаў запрашаць яе на баль, заявіла, што на гэтае свята яна ўжо завяла сабе кавалера, і ў яе ўжо сапраўды быў білет, і я крыху нават засмуціўся, зразумеўшы, што давядзецца ісці аднаму. Касцюмаваны баль, які кожны год ладзілі ў залах «Глобуса» людзі мастацтва, быў самы арыстакратычны ў горадзе.
У гэтыя дні я мала бачыўся з Гермінай, а напярэдадні балю яна пабывала ў мяне - зайшла па білет, які я купіў ёй. Яна мірна сядзела са мною ў маім пакоі, і тут адбылася адна цікавая размова, якая моцна ўразіла мяне.
- Цяпер табе жывецца, увогуле, няблага, - сказала яна, - танцы ідуць табе на карысць. Хто месяц цябе не бачыў, не пазнаў бы цяпер.
- Так, - прызнаўся я, - мне ўжо шмат гадоў не жылося так хораша. Гэта ўсё дзякуючы табе, Герміна.
- О, а ці не дзякуючы тваёй цудоўнай Марыі?
- Не. Бо і яе падарыла мне ты. Яна дзівосная.
- Яна - тая каханка, якая была патрэбна табе, Стэпавы воўк. Прыгожая, маладая, заўсёды ў гуморы, вельмі разумна дасведчаная ў каханні і не кожны дзень даступная. Калі б табе не даводзілася дзяліць яе з іншымі, калі б яна была ў цябе заўсёды толькі мімалётнай госцяй, так хораша не атрымалася б.
Так, я мусіў прызнаць і гэта.
- Значыцца, у цябе ёсць усё, што табе і трэба?
- Не, Герміна, гэта не так. У мяне ёсць нешта вельмі прыгожае і чароўнае, вялікая радасць, вялікая ўцеха. Я проста шчаслівы.
- Ну, вось! Чаго ж табе бракуе?
- Хачу большага. Мне мала таго, што я шчаслівы, я для гэтага не створаны, гэта не маё пакліканне. Яно - у процілеглым.
- Значыцца, - каб быць няшчасным? Ну, гэтага табе хапала і раней - памятаеш гісторыю з брытвай, як ты не мог вярнуцца дамоў.
- Не, Герміна, не тое. Правільна, тады я быў вельмі няшчасны. Але тое было дурное няшчасце, няплённае.
- Чаму ж?
- Бо інакш у мяне не было б гэтага страху перад смерцю, якое я жадаў! Патрэбнае мне няшчасце, па якім я сумую, зусім іншага роду. Яно такое, што дае мне пакутаваць прагна і памерці з асалодай. Вось якога няшчасця альбо шчасця я чакаю.
- Разумею цябе. У гэтым мы брат і сястра. Але чаму ты супроць таго шчасця, якое знайшоў цяпер з Марыяй? Чаму ты не рады?
- Я нічога не маю супроць гэтага шчасця, о не, я люблю яго, я ўдзячны яму. Яно цудоўнае, як сонечны дзень мокрым летам. Але я адчуваю, што яно недаўгавечнае. Гэта шчасце таксама няплённае. Яно робіць задаволеным, але быць задаволеным - гэта не па мне. Яно закалыхвае Стэпавага ваўка, робіць яго сытым. Але гэта не тое шчасце, каб ад яго памерці.
- А паміраць, значыцца, трэба, Стэпавы воўк?
- Па-мойму, трэба! Я вельмі задаволены сваім шчасцем, я здольны трываць яго і далей яшчэ доўга. Але калі маё шчасце дае мне гадзіну-другую пасумаваць, прачнуцца, дык увесь мой сум скіраваны тады не на тое, каб назаўсёды ўтрымаць гэта шчасце, а на тое, каб зноў пакутаваць, толькі цудоўней, і не меней шкада, чым раней. Я сумую па пакутах, якія далі б мне гатоўнасць і ахвоту памерці.
Герміна пяшчотна паглядзела мне ў вочы - тым цёмным позіркам, што часам паяўляўся ў яе так неспадзявана. Раскошныя, страшныя вочы! Павольна, падбіраючы кожнае слова асобна, яна сказала, так ціха, што я мусіў напружыцца, каб пачуць:
- Сёння я хачу сказаць табе нешта такое, што даўно ведаю, ды і сам ты ўжо гэта ведаеш, але яшчэ, можа, сабе не прызнаўся. Я скажу табе зараз, што я ведаю пра сябе і пра цябе і пра наш лёс. Ты, Гары, быў мастаком і філосафам, чалавекам, поўным радасці і веры, ты заўсёды імкнуўся да вялікага і вечнага, ніколі не абмяжоўваўся прыгожым і малым. Але чым больш будзіла цябе жыццё, тым больш вяртала яно цябе да цябе ж самога, тым большала твая бяда, тым глыбей, па самае горла, апускаўся ты ў пакуту, страхату і роспач, і ўсё тое цудоўнае і святое, што ты калісьці ведаў, любіў, шанаваў, уся твая ранейшая вера ў людзей і ў нашу высокую прызначанасць - усё гэта зусім не пасабляла табе, яно разбілася і рассыпалася. Тваёй веры не стала чым дыхаць. А задыхнуцца - страшная смерць.