Выбрать главу

Я ківаў, ківаў, ківаў.

- У цябе было нейкае сваё ўяўленне пра жыццё, была нейкая вера, нейкая задача, ты быў гатовы да подзвігаў, пакутаў і ахвяраў - а потым спакваля разгледзеў, што свет не вымагае ад цябе ніякіх подзвігаў, ахвяраў і ўсяго такога, што жыццё - гэта не велічная паэма з гераічнымі ролямі і ўсякім такім, а мяшчанскі спакой, дзе задавальняюцца ежай і пітвом, кавай і вязаннем панчохі, гульнёй у тарок і радыёмузыкай. А каму трэба і хто носіць у сабе іншае, нешта гераічнае і прыгожае, павагу да вялікіх паэтаў альбо пашану да святых, той дурань і донкіхот. Вось так. І са мною было тое самае, дружа! Я была дзяўчынка з добрымі задаткамі, створаная дзеля таго, каб жыць па высокім узоры, выстаўляць сабе высокія патрабаванні, выконваць вартасныя задачы. Я магла ўзяць на сябе вялікую долю быць жонкай караля, каханкай рэвалюцыянера, сястрой генія, маці пакутніка. А жыццё толькі і дазволіла мне зрабіцца куртызанкай з больш-менш добрым густам, ды і гэта далося з вялікай цяжкасцю! Вось як сталася са мною. Адзін час я не магла суцешыцца і доўга шукала віну ў самой сабе. Бо жыццё, думала я, увогуле заўсёды мае рацыю, і калі жыццё пасмяялася з маіх лятункаў, значыцца, думала я, мае мроі былі дурныя, няслушныя. Але гэта не дапамагло. А як што ў мяне былі добрыя вочы і вушы, ды і пэўная цікаўнасць таксама, я пачала прыглядвацца да так званага жыцця, да сваіх знаёмых і суседзяў, да больш чым пяці дзесяткаў людзей і лёсаў, і тут я ўгледзела, Гары, што мае мары былі правільныя, тысячу разоў правільныя, гэтак сама як і твае. А жыццё, а рэальнасць былі няправільныя. Калі такой жанчыне, як я, заставалася альбо нэндзіцца і бяссэнсава старыцца за пішучай машынкай на службе ў якога-небудзь здабытчыка грошай, альбо дзеля ягоных грошай выйсці за яго замуж, альбо зрабіцца нечым накшталт прастытуткі, дык гэта было няправільна, як і тое, што такі чалавек, як ты, павінен у адзіноце, у нясмеласці, у роспачы хапацца за брытву. Мая бяда была, магчыма, больш матэрыяльная і маральная, твая - больш духоўная, але дарога была адна і тая самая. Думаеш, мне не зразумелы твой страх перад факстротам, твая агіда да бараў і танцзалаў, твая грэблівасць да джазавай музыкі і да ўсёй гэтай непатрэбшчыны? Не, - яны мне больш чым зразумелыя, і гэтак жа сама зразумелыя твая агіда да палітыкі, твая скруха з прычыны балбатні і безадказнай тузаніны і грызні партый, прэсы, твая роспач з прычыны вайны - і той, што была, і той, што будзе, і з прычыны цяперашняй манеры думаць, чытаць, будаваць, рабіць музыку, святкаваць святы. Адукавацца! Твая рацыя! Стэпавы воўк тысячу разоў мае рацыю, і ўсё ж табе не мінуць пагібелі. Ты надта патрабавальны і галодны як на гэты просты, разгультаены, да ўсяго абыякавы сённяшні свет, ён адкіне цябе, у цябе на адно вымярэнне больш, чым яму трэба. Хто хоча сёння жыць і радавацца жыццю, таму нельга быць такім чалавекам, як ты і я. Хто патрабуе замест пілікання - музыкі, замест асалоды - радасці, замест цацкання - сапраўднай жарсці, таму гэты мілы наш свет - не радзіма.

Яна апусціла вочы і задумалася.

- Герміна, - усклікнуў я з пяшчотай, - сястра, якія харошыя ў цябе вочы! І ўсё-такі ты навучыла мяне факстроту! Але як гэта разумець, што такія людзі, як мы, з адным лішнім вымярэннем, не могуць тут жыць? Чаму гэта так? Гэта толькі нашым часам так? Ці так было заўсёды?

- Не ведаю. Да гонару свету гатовая дапусціць, што ўся справа толькі ў нашым часе, што гэта толькі хвароба, толькі цяперашняя нэндза. Правадыры заўзята і спорна працуюць на новую вайну, а мы тым часам скачам факстроты, зарабляем грошы і ямо шакаладкі - бо ж такім часам свет павінен выглядаць сціпла. Будзем спадзявацца, што іншыя часіны былі лепшыя і зноў будуць лепшыя, багацейшыя, шырэйшыя, глыбейшыя. Але нам гэта не дапаможа. І, можа, так і было заўсёды...

- Заўсёды так, як сёння? Заўсёды свет толькі палітыкам, спекулянтам, лёкаям і забулдыгам, а людзям ні дыхнуць ні прадыхнуць няма чым?

- Ну так, я гэтага не ведаю, ніхто гэтага не ведае. Ды і ці не ўсё адно? Але я, дружа мой, думаю цяпер пра твайго ўлюбёнца, пра якога ты мне часам расказваў і чытаў лісты, пра Моцарта. А як было з ім? Хто ў яго час кіраваў светам, схлёбваў вяршкі, задаваў тон і меў нейкую вагу - Моцарт альбо дзялкі, Моцарт ці зашмуляныя людцы? А як ён памёр і як пахаваны? І мусіць, думаецца мне, так было і будзе заўсёды, і тое, што яны там у школах называюць «сусветнай гісторыяй», якую трэба дзеля блізіру адукаванасці вывучаць напамяць, усе гэтыя героі, геніі, вялікія подзвігі і пачуцці - усё гэта проста ілжа, прыдуманая школьнымі настаўнікамі дзеля адукацыйных мэтаў і дзеля таго, каб нечым заняць дзяцей у пэўныя гады. Заўсёды так было і заўсёды так будзе, што час і свет, грошы і ўлада належаць дробным і пляскатым, а іншым, сапраўдным людзям, нічога не належыць. Нічога, апрача смерці.