- Нічога больш?
- Не чаму ж, яшчэ вечнасць.
- Ты маеш на ўвазе імя, славу ў нашчадстве?
- Не, ваўчанятка, не славу - хіба яна чагось вартая? І няўжо ты думаеш, што сапраўды цяперашнія і ў поўным сэнсе слова людзі праславіліся і будуць вядомыя нашчадству?
- Не, вядома.
- Ну, вось, значыцца, не славу! Слава існуе адно так сабе, дзеля адукацыі, гэта клопат школьных настаўнікаў. Не славу, не! А тое, што я называю вечнасцю. Вернікі называюць гэта Царствам Нябесным. Мне думаецца, мы, людзі, усе мы, больш патрабавальныя, знаўцы тугі і скрухі, надзеленыя адным лішнім вымярэннем, мы і зусім не маглі б жыць, калі б, апрача паветра гэтага свету, не было для дыхання яшчэ і іншага паветра, калі б, апрача часу, не было яшчэ і вечнасці, а яна ж бо і ёсць якраз царства сапраўднага. У яе ўваходзяць музыка Моцарта і вершы вялікіх паэтаў, у яе ўваходзяць святыя, якія тварылі цуды, прынялі пакутніцкую смерць і далі людзям вялікі прыклад. Але гэтак жа сама ўваходзіць у вечнасць вобраз кожнага, сапраўднага подзвігу, сіла кожнага сапраўднага пачуцця, нават калі ніхто не ведае пра іх, не бачыць іх, не запіша і не захавае для нашчадкаў. У вечнасці няма нашчадства, а ёсць толькі сучаснасць.
- Твая праўда, - сказаў я.
- Вернікі, - сказала яна далей задуменна, - ведалі пра гэта ўсё-такі больш за іншых. Таму яны кананізавалі святых і тое, што яны называюць «сонмам святых». Святыя - гэта па-сапраўднаму людзі, малодшыя браты Збаўцы. У дарозе да іх мы ўсё сваё жыццё, нас вядзе да іх кожны добры наш учынак, кожная смелая думка, кожная любоў. Сонм святых - ранейшым часам мастакі паказвалі іх на залатым небасхіле, прамяністым, прыўкрасным, поўным міру, - ён і ёсць тое, што я назвала «вечнасцю». Гэта царства па той бок часу і бачнасці. Там наша месца, там наша радзіма, туды, Стэпавы воўк, памыкаецца наша сэрца, і таму мы нудзімся па смерці. Там ты зноў знойдзеш свайго Гётэ, і свайго Наваліса, і Моцарта, а я сваіх святых, Хрыстофера, Філіпэ фон Нэры, - усіх. Ёсць многа святых, якія спачатку былі заклятымі грэшнікамі, грэх таксама можа быць дарогай да святасці, грэх і пахібнасць. Ты будзеш смяяцца, але я часта думаю, што, магчыма, і мой сябар Пабла - затоены святы. Ах, Гары, нам трэба прадзерціся праз такую навалач бруду і марнасці, каб прыйсці дамоў! І ў нас няма нікога, хто павёў бы нас, адзіны наш правадыр - гэта туга па доме.
Свае апошнія словы яна вымавіла зноў ледзь чутна, і ў пакоі запанавала мірная цішыня. Сонца садзілася, і залатыя літары на каранцах многіх маіх кніг мігаталі ў яго прамянях. Я ўзяў у далоні галаву Герміны, пацалаваў яе ў лоб і прытуліўся шчакой да яе шчакі - як брат. Некалькі імгненняў мы заставаліся ў такой паставе. Хацелася так і застацца і ўжо нікуды не ісці. Але на гэтую ноч, апошнюю перад вялікім балем, мне ўжо падрадзілася Марыя.
У дарозе да яе думаў я, аднак, не пра Марыю, а пра тое, што сказала Герміна. Усё гэта, так мне здалося, былі, мусібыць, не яе ўласныя думкі, а мае, якія гэтая празарліўка, прачытаўшы і ўдыхнуўшы іх у сябе, узнавіла мне так, што яны набылі форму і паўсталі перад мною ў новым выглядзе. За тое, што яна выказала думку пра вечнасць, я быў ёй асабліва ўдзячны. Мне патрэбная была гэтая думка, без яе я не мог жыць і не мог памерці. Святое патойбочнае жыццё, не звязанае ні з якім часам, свет бясконцых каштоўнасцяў, боскай сутнасці - вось што было сёння нанава падорана мне маёй сяброўкай і настаўніцай танцаў. Я міжволі ўспомніў свой гётэўскі сон, успомніў аблічча старога мудраца, які смяяўся такім нечалавечым смехам і жартаваў са мною на свой несмяротны манер. Цяпер толькі зразумеў я ягоны смех, смех несмяротных. Ён быў непрадметны, гэты смех, ён быў толькі святлом, толькі празрыстасцю, ён быў тым, што застаецца ў выніку, калі сапраўдны чалавек, прайшоўшы праз людскія пакуты, заганы, памылкі, жарсці і непаразуменні, прарываецца ў вечнасць, у сусветную прастору. А «вечнасць» была не чым іншым, як збавеннем часу, нейкім наваротам да нявіннасці, нейкім яго ператварэннем назад у прастору.