Выбрать главу

Я пашукаў Марыю ў тым месцы, дзе мы звычайна вячэралі нашымі вечарамі, але яна яшчэ не прыйшла.

Я сядзеў і чакаў за накрытым сталом у ціхім шынку на ўскраіне горада і думаў пра нашу гутарку. Усе гэтыя думкі, што віліся вакол Герміны і мяне, здаліся мне такімі знаёмымі, такімі роднымі, яны быццам выплылі з запаветных глыбіняў маёй міфалогіі, майго свету вобразаў! Несмяротныя, адчужаныя ў пазачасавай прасторы, ужо зрабіўшыся вобразамі, крышталёвая вечнасць, што абцякае іх як эфір, і халодная, зорная, прамяністая яснасць гэтага пазаземнага свету - адкуль гэта ўсё мне так знаёмае? Я задумаўся, і ўзгадаліся мне асобныя п'есы з «Касацый» Моцарта, з «Добра тэмпераванага клавіра» Баха, і ўсюды ў гэтай музыцы свяцілася, так мне здавалася, халодная, зорная празрыстасць часу, і над ёю бясконца луналі звышчалавечая яснасць, вечны, боскі смех. О, дык жа і стары Гётэ з майго сну быў тут якраз дарэчы! І раптам я пачуў вакол сябе гэты неспасцігальны смех, пачуў, як смяюцца несмяротныя. Я сядзеў, як зачараваны, зачаравана дастаў аловак з кішэні жылеткі, пашукаў вачыма паперы, убачыў перад сабою меню вінаў і пачаў пісаць на адвароце яго, пісаць верш, які толькі нараніцу знайшоў у сябе ў кішэні. Вось ён:

Несмяротныя
Зноў і зноў з далін зямной галечы рвецца ўгору даўкі дух жыцця, дзікай нэндзы, лішку насыцця, пах крыві ад трызнаў чалавечых, курчы жарсці, юру і распусты, рукі ўбойцаў, катаў, чорнай змусты. Страхам гнаны зброд перад канцом там смярдзіць, гніе з нутра жыўцом, дыхае дэвоцтвам і пажадай, сам сябе жарэ, сабой блюе, музаў пестуе, цяжарны здрадай, бардакі ўпрыгожвае свае. Свет шалее ў немарасці п'янай, плодзіць войны, хлусіць, творыць зло, родзіцца ўсім нанава і рана нанава вяртаецца у тло.
Мы ж у вечнасці спакон лунаем у эфіры, дзе касмічны лёд, ні гадзін сабе, ні дзён не маем, мы бясполы, без узросту род. Вашы страхі, ўпадабанні, звычкі і забойствы, жарсці, асалоды - нам спектакль на час палёту знічкі, бо даўгія дні у нас і годы. Моўчкі у міжзор'і мы лунаем, вашым клопатам не спагадаем, удыхаем холад вечных зім, мы ж - сябры нябеснага дракона. Холад, безрух мы - на тым стаім, і халодны смех у нас - спаконна.

Потым прыйшла Марыя, і пасля вясёлай вячэры я пайшоў з ёю ў наш пакойчык. Гэтым вечарам яна была прыгажэйшая, цяплейшая і сардэчнейшая, чым калі раней, і ў яе пяшчотах, у яе гулях я адчуў крайнюю гатоўнасць аддацца.

- Марыя, - сказаў я, - ты сёння транжырка, як багіня. Не замуч нас абаіх да смерці, заўтра ж баль-маскарад. Хто за кавалера ў цябе заўтра? Баюся, дарагая мая кветачка, што гэта - казачны прынц і што ён умыкне цябе і ты ўжо не вернешся да мяне. Ты кахаеш мяне сёння амаль так, як гэта звычайна бывае перад расстаннем, напаследак.

Яна прытулілася губамі амаль да самага вуха і прашаптала:

- Лепш не кажы так, Гары! Кожны раз можа быць апошнім. Калі Герміна возьме цябе, ты ўжо не прыйдзеш да мяне. Можа, яна забярэ цябе заўтра.

Ніколі я не меў больш моцнага адчування тых дзён, іх дзівосна дваякага, соладка-горкага настрою, чым тою ноччу перад балем. Гэта было шчасце - прыгажосць Марыі і яе гатоўнасць аддацца, гадзіны, калі можна было нацешыцца, надыхацца, прасякнуцца сотнямі тонкіх пачуццёвых радасцяў, пра якія я з такім спазненнем, на старасці, даведаўся, плёскаючыся ў мяккіх хвалях асалоды. І ўсё ж гэта была толькі абалонка: усярэдзіне ўсё было поўна значэння, напружання, дыхання, і, аддаючыся мілым і кранальным дробязям кахання з любоўнай пяшчотай, няйнакш купаючыся ў цёплай вадзе шчасця, я адчуваў, як мой лёс ляціць наперад, брыкаецца, як спалоханы конь, імчыцца ў тузе і страху да абрыву, да прорвы, гатовы да смерці. І калі яшчэ нядаўна я апасліва і нясмела супрацівіўся прыемнаму легкадумству любові толькі пачуццёвай, калі яшчэ нядаўна баяўся вясёлай саступлівай Марыінай прыгажосці, дык цяпер я перажываў страх перад смерцю - але страх, які ўжо ведаў, што неўзабаве ён ператворыцца ў пакорлівасць і збавенне.

Тым часам як мы моўчкі заглыбіліся ў дзелавітыя гулі нашага кахання і належалі адно аднаму паўней, чым калі раней, душа мая развітвалася з Марыяй, развітвалася з усім, што для мяне значыла. Дзякуючы яе навуцы я перад канцом яшчэ раз па-дзіцячы даверыўся гульні павярхоўнага, шукаў мімалётных радасцяў, зрабіўся дзіцём і жывёлай у нявіннасці полу, - а ў ранейшым жыцці гэты стан быў знаёмы мне толькі як рэдкае выключэнне, бо да пачуццёвага жыцця і да полу ў мяне заўсёды дамешваўся горкі прысмак віны, салодкі, але страшнаваты смак забароненага плоду, якога чалавек духоўны павінен асцерагацца. Цяпер Герміна і Марыя паказалі мне гэты Эдэм у яго нявіннасці, я ўдзячна пагасцяваў у ім - але мне прыспешвалася ісці далей, надта прыгожа і цёпла было ў гэтым Эдэме. Зноў дамагацца вянка жыцця, зноў акупляць бясконцую віну жыцця - такая была мая доля. Лёгкае жыццё, лёгкая любоў, лёгкая смерць - гэта не маё.