З намёкаў дзяўчыны я вывеў, што на заўтрашнім бале альбо ж пасля яго нас чакаюць нейкія асаблівыя прыемнасці, нейкі асаблівы разгул. Магчыма, гэта і ёсць канец, можа, Марыю яе прадчуванне не падманвае, і сёння мы ляжым побач апошні раз, а заўтра лёс, можа, павернецца другім бокам? Я быў поўны палючай тугі; поўны шчымлівага страху, і, з усяе сілы чапляючыся за Марыю, яшчэ раз сутаргава і прагна прабегся па ўсіх сцежках і гушчобах яе Эдэма, яшчэ раз упіўся зубамі ў салодкі плод райскага дрэва.
Пасля ночы я адсыпаўся ўдзень. Раніцай паехаў спачатку ў лазню, пасля, смяротна стомлены, дамоў, занавесіў сваю спальню, знайшоў, раздзяваючыся, у кішэні свае вершы, зноў забыўся пра іх, адразу ж лёг, забыўся пра Марыю, Герміну і маскарад і праспаў цэлы дзень. Устаўшы падвечар, я, толькі калі галіўся, успомніў, што ўжо праз гадзіну пачнецца баль і мне трэба падрыхтаваць кашулю з пластронам. Я сабраўся ў добрым настроі і выйшаў з дому, каб спачатку перакусіць.
Гэта быў першы касцюмаваны баль, на якім я быў. Ранейшым часам, зрэшты, я наведваў, бывала, такія святы, але быў толькі гледачом, і энтузіязм, з якім пра іх расказвалі, з якім іх чакалі іншыя, заўсёды здаваўся мне смешным. А сёння і мне баль быў падзеяй, якое я чакаў з сумессю радасці, цікаўнасці і страху. Як што дамы ў мяне не было, я наважыўся явіцца туды пазней, ды і Герміна раіла мне так зрабіць.
У «Сталёвы шалом», маё ранейшае сховішча, дзе доўгімі вечарамі папівалі віно і строілі з сябе халасцякоў расчараваныя мужчыны, я апошнім часам заходзіў рэдка - ён ужо не клаўся ў стыль майго цяперашняга жыцця. Але сёння мяне неяк само па сабе пацягнула туды; пры тым тужліва-радасным успрыманні лёсу і развітання ўсе вяхі і памятныя мясціны майго жыцця асвятліліся яшчэ раз пакутліва цудоўным водбліскам мінулага, у тым ліку і гэты пракураны кабак, дзе я нядаўна прападаў, дзе мне яшчэ нядаўна было даволі такога няхітрага наркотыку, як бутэлька мясцовага віна, каб яшчэ на адну ноч легчы ў свой пусты ложак, каб яшчэ на адзін дзень змірыцца з жыццём. Іншыя, больш моцныя ўзбуджальнікі давялося ўжыць, давялося наглытацца атруты куды саладзейшай. З усмешкай пераступіў я парог старога кабака, і гаспадыня сустрэла мяне прыветлівымі словамі, а заўсёднікі маўклівым кіўком. Мне прапанавалі і прынеслі смажанае кураня, светлым струмянём лілося маладое эльзаскае віно ў тоўстую шклянку, ласкава глядзеліся чыстыя белыя драўляныя сталы, старыя жоўтыя панэлі. І ў той час як я еў, піў, ува мне мацнела адчуванне ўвядання і развітання, пакутліва глыбокае адчуванне прыспелай да распаду злітнасці з усімі мясцінамі і рэчамі майго ранейшага жыцця. «Сучасны» чалавек называе гэта сентыментальнасцю; ён перастае любіць рэчы, рэчы, нават самыя свяшчэнныя для яго калісьці, нават свой аўтамабіль, які можна пры першай жа нагодзе памяняць на новы, лепшай маркі. Гэты сучасны чалавек энергічны, дзелавіты, здаровы, халодны, падцягнены - тып што трэба, ён яшчэ пакажа сябе ў наступнай вайне. Мне на гэта было напляваць, я не быў ні сучасны, ні старамодны, я выпаў з часу і нёсся кудысьці, блізкі да смерці, гатовы да смерці. Я нічога не меў супроць сентыментальнасці, я быў высакародна рады, што ў маім згарэлым сэрцы тоілася хоць каліўца такіх пачуццяў. І я аддаўся ўспамінам, навеяным гэтым старым кабаком, сваёй прывязанасці да гэтых грубых крэслаў, аддаўся паху дыму і віна, таму павеву прывычкі, цяпла, падабенства з радзімай, якое ва ўсім гэтым адчуваў. Развітанне - цудоўная рэч, яно размякчае. Мне былі мілыя маё цвёрдае сядзенне, мая мужыцкая шклянка, мілы прахалодны фруктовы смак эльзаскага віна, мілая мая блізкасць да ўсяго і да ўсіх у зале, мілыя твары замроеных выпівохаў, гэтых расчараваных, чыім братам я даўно быў. Мяшчанскімі сантыментамі я ўпіваўся тут, крыху прыпраўленым водарам старамоднай тракцірнай рамантыкі той падлеткавай пары, калі шынок, віно і цыгара былі яшчэ забароненымі, невядомымі, цудоўнымі рэчамі. Але Стэпавы воўк не страпянуўся, каб ашчэрыць іклы і разарваць мае сантыменты. Я мірна сядзеў, азораны мінулым, азораны цьмяным святлом знічкі, якая ўжо паспела згарэць.