Выбрать главу

Увайшоў вулічны гандляр са смажанымі каштанамі, і я купіў у яго прыгаршчы. Увайшла старая з кветкамі, я купіў у яе некалькі гваздзікоў і паднёс іх гаспадыні. Толькі збіраючыся расплаціцца і не знайшоўшы прывычнай кішэні ў каптане, я заўважыў, што я ў фраку. Баль-маскарад? Герміна!

Але было яшчэ рана, я не мог адважыцца ісці ў «Глобус» ужо зараз. Да таго ж, неяк так сталася са мною падчас усіх гэтых забаваў апошняй пары, я адчуваў нейкую ўнутраную перашкоду, нейкую скаванасць, нейкае нежаданне ўваходзіць у вялікія, перапоўненыя, галасліва-вірлівыя залы, нейкую вучнёўскую нясмеласць перад чужой атмасферай, перад светам працвіртавальцаў жыцця, перад танцамі.

Сноўдаючыся па вуліцах і праходзячы міма нейкага кінатэатра, я зірнуў на пучкі святла, што пырснулі на велізарныя каляровыя афішы, пайшоў быў далей, але вярнуўся і зайшоў усярэдзіну. Да адзінаццаці я мог тут спакойна пасядзець поначы. З дапамогай служкі, які пасвяціў мне дарогу ліхтарыкам, я прабраўся праз занавескі ў цёмную залу, знайшоў вольнае месца і раптам апынуўся ў Старым Запавеце. Ішоў адзін з тых фільмаў, якія нібыта і не для прыбытку, а з высакароднымі і святымі мэтамі ставяцца з вялікай пампезнасцю і выдумкай і на якія нават настаўнікі закона Божага водзяць сваіх вучняў. Давалася гісторыя Майсея і ізраэлітаў у Егіпце - са шчодрым наборам людзей, коней, вярблюдаў, палацаў, фараонаўскай пышнаты і габрэйскай нэндзы і пакутаў у гарачых пясках пустыні. Я бачыў, як Майсей, прычасаны крышачку пад Уолта Ўітмэна, раскошны тэатральны Майсей вотанаўскай паходкай, з доўгім посахам, рашуча і змрочна ступае па пустыні паперадзе габрэяў. Я бачыў, як ён маліўся Богу каля Чэрмнага мора, бачыў, як расступаецца Чэрмнае мора, даючы дарогу, утвараючы лагчыну паміж грамадзінамі вады з'бапал (пра тое, як гэта ўсё зладзілі кіношнікі, маглі доўга спрачацца канфірманды, прыведзеныя на гэты рэлігійны фільм пастарам), бачыў, як ідуць праз мора прарок і запалоханы люд, бачыў, як ззаду іх паяўляюцца фараонавыя калясніцы, бачыў, як егіпцяне спачатку атарапела дзівяцца і палохаюцца на марскім беразе, а потым адважна кідаюцца наперад, бачыў, як над раскошным, золатапанцырным фараонам і над усімі ягонымі калясніцамі і воінамі змыкаюцца тоўшчы вады, і ўспомніў цудоўны гендэлеўскі дуэт для двух басоў, дзе гэтая падзея цудоўна апета. Я бачыў пасля, як Майсей, змрочны герой сярод змрочнай скалістай пустыні, падымаецца на Сінай, глядзеў, як Егова праз буру, навальніцу і светлавыя сігналы паведамляе яму там дзесяць запаветаў, а яго няверны народ узводзіць ля падножжа гары залатога цяльца і аддаецца даволі-такі непамерным звесяленням. Мне было неверагодна дзіўна бачыць усё гэта на свае жывыя вочы, глядзець, як свяшчэнныя гісторыі, з іх героямі і дзівосамі, якія асянілі калісьці наша дзяцінства першым цьмяным уяўленнем пра іншы свет, пра нешта звышчалавечае, разыгрываюцца тут за плату перад высакароднай публікай, якая ціхенька жуе прынесеныя з сабою булачкі, - у гэтай маленькай карцінцы была відаць уся кідкасць, уся зняцэненасць культуры ў нашу эпоху. Госпадзе, ну, хай бы ўжо, каб толькі прадухіліць гэта свінства, гінулі тады акрамя егіпцян, яшчэ і габрэі, і ўсе іншыя людзі на свеце, гінулі гвалтоўнай і прыстойнай смерцю, а не той жахлівай, уяўнай і палавінчатай, якою паміраем мы сёння. А і праўда, няхай бы ж!

Маю тайную скаванасць, маю нясмеласць перад балем-маскарадам кіно і выкліканыя ім пачуцці не паменшылі, а непрыемна пабольшылі, і я павінен быў, падумаўшы пра Герміну, зрабіць над сабою намогу, каб нарэшце паехаць у «Глобус» і ўвайсці ў залы. Час ужо быў позні, баль быў даўно ў разгары, цвярозы і баязлівы, я адразу ж, не паспеўшы распрануцца, трапіў у бурлівую наталач масак, мяне фамільярна штурхалі пад бок, дзяўчаты назаляліся, каб я частаваў іх шампанскім, клоўны ляпалі мяне па плячы і звярталіся на «ты». Не паддаючыся нічыім угаворам, я з цяжкасцю прадзёрся да гардэроба праз бітком набітыя залы і, атрымаўшы нумарок, схаваў яго ў кішэню з думкаю, што, мабыць, неўзабаве скарыстаюся ім, стаміўшыся ў гэтым развіраваным гармідары.

Ва ўсіх памяшканнях вялікага будынка кішэла свята, ва ўсіх залах танцавалі, у падвальным паверсе - таксама, усе калідоры і лесвіцы былі запоўнены маскамі, танцамі, музыкай, смехам і мітуснёй. Я панура прабіраюся праз гэты гамуз - ад негрыцянскага аркестра да сялянскай музыкі, з вялікай распрамененай галоўнай залы ў праходы, на лесвіцы, у бары, да буфетаў, у пакоі, дзе пілі шампанскае. Сцены былі ўвешаны дзікунскімі вясёлымі малюнкамі наймаднейшых мастакоў. Усе былі тут - мастакі, журналісты, навукоўцы, дзялкі і, вядома ж, уся разгуляй-гулььтайская публіка горада. У адным аркестры сядзеў сеньёр Пабла і натхнёна дудзеў у сваю сагнутую трубу; пазнаўшы мяне, ён голасна праспяваў мне сваё вітанне. Заціснуты натоўпам я аказваўся то ў адной, то ў другой зале, падымаўся па лесвіцах, спускаўся па лесвіцах; адзін калідор падвальнага паверха адвялі пад пекла, і там наярваў музычны ансамбль чарцей. Спакваля я пачаў прыглядвацца, дзе ж мая Герміна, дзе ж мая Марыя, я пачаў шукаць, зрабіў некалькі спробаў прасачыцца ў галоўную залу, але кожны раз збіваўся з дарогі альбо адступаў перад сустрэчным патокам натоўпу. Пад поўнач я ўсё яшчэ нікога не знайшоў; хоць і не танцаваў, мне было горача, і галава ў мяне круцілася і пухла, ачмурэлы я плюхнуўся на бліжэйшае крэсла, сярод незнаёмых людзей, спытаў віна і прыйшоў да высновы, што на такія шумныя святы старым, нябось, і патыкацца лепш не варта. Я паныла піў віно, глядзеў на голыя рукі і спіны жанчын, глядзеў, як міма праносяцца пераўбранцы ў неверагодных касцюмах, прымаў лёгкія штурхалі пад бок і моўчкі адцураў ад сябе некалькі дзяўчат, якія прасіліся да мяне на калені альбо патанцаваць са мною. «Стары зануда!» - сказала адна і мела рацыю. Я рашыў выпіць на адвагу і падняцце духу, але ў віне таксама смаку не знайшоў, цераз сілу адолеў другую шклянку. І паступова адчуў, як за маёй спінай стаіць, высалапіўшы язык, Стэпавы воўк. Нічога не атрымалася, я тут быў не ў сваёй стыхіі. Бо тое ж прыйшоў я сюды з самымі лепшымі намерамі, а развесяліцца не мог, і гэтая бразгатлівая, бурлівая радасць, гэты смех, гэтае бушаванне здаваліся мне дурнымі і вымучанымі.