Таму каля гадзіны ночы злосны і расчараваны я пачаў прадзірацца да гардэроба, каб апрануць паліто і сысці. Гэта была параза, вяртанне да Стэпавага ваўка, і Герміна наўрад ці даравала б мне. Але інакш зрабіць я не мог. Прабіраючыся да гардэроба, я зноў жа ўважліва цікаваў паабапал сябе, спадзеючыся ўгледзець хоць каторую сяброўку. Марна. І вось я ўжо стаяў каля гардэроба, ветлівы службовец за стойкай ужо працягнуў да мяне руку па нумарок, я палез у жылетку ў кішэню - нумарка не было! Чорт пабяры, толькі гэтага бракавала! Калі я сумна цягаўся па залах, калі сядзеў за нясмачным віном, я, пераборваючы сваё рашэнне сысці, колькі ж бо разоў соваў руку ў кішэню, і кожны раз нумарок быў на месцы. А цяпер вось прапаў. Усё было мне ўпоперак.
- Згубіў нумарок? - спытаў нейкі чырвона-жоўты чорт пісклявым голасам. - На табе мой, прыяцель. - І ўжо працягнуў мне свой нумарок. Калі я машынальна ўзяў яго і пачаў круціць у пальцах, жвавы карантышык ужо знік.
Але калі я паднёс да вачэй круглую кардонную бірку, каб разгледзець нумар, я ўбачыў замест яго нейкія дробненькія крамзолі. Я папрасіў гардэробшчыка счакаць, падышоў да бліжэйшай свяцільні і прачытаў. Дробнымі, спатыклівымі, неразборлівымі літарамі было напісана:
Як марыянетка, калі вяровачкі на секунду выпалі з пальцаў лялечніка, ажывае зноў пасля кароткай, мёртвай, тупой, абвіслай нерухомасці, зноў падключаецца да гульні, скача і варушыцца, так і я, варта было тузануць за магічную вяровачку, спружыніў і маладым подбегам кінуўся назад у тую штурхатню, ад якое толькі што ўцякаў стомленым, знуджаным старцам. Ніводзін грэшнік так не рваўся назад у пекла. Толькі што мне ціснулі лакіраваныя туфлі, толькі што мяне нудзіла і гідзіла густое, напарфумленае паветра, расслабляла духата, і вось ужо я спрытна і лёгка, у рытме ўінстэпа бег праз усе залы да пекла, паветра было казачна-чароўнае, мяне неслі наперад гэтая цеплыня, уся гэтая грымучая музыка, мільгатанне фарбаў, водар жаночых плечыкаў, гвалт натоўпу, смех, рытмы танцаў, бляск палкіх вачэй. Нейкая іспанская танцоўшчыца кінулася да мяне ў абдымкі: «Паскачы са мною!» - «Нельга, - сказаў я, - мне трэба ў пекла. Але цалунак твой бяру з сабой». Пунсовы рот пад маскай наблізіўся да маіх вуснаў, і, цалуючы, я пазнаў Марыю. Я моцна яе абняў, яе пухлыя губы цвілі, як спелая летняя ружа. І вось мы ўжо танцавалі, не перапыняючы пацалунка, і прайшлі ў танцы міма Пабла, а той улюбёна прыпадаў да сваёй пяшчотна стагнатлівай, завыўнай трубы, паўзабыццёва абвёў нас яго распраменены, яго прыгожа звярыны пагляд. Але не паспелі мы зрабіць і дваццаці па, як музыка аціхла, і я з жалем выпусціў Марыю з рук.
- З прыемнасцю патанцаваў бы з табою яшчэ, - сказаў я, захмялелы ад яе цяпла, - правядзі мне крышачку, Марыя, я закаханы ў тваё цудоўнае плечка, дай мне яго яшчэ на хвілінку! Але разумееш, мяне кліча Герміна. Яна ў пекле.