- Ты гатовы? - спытала Герміна, і яе ўсмешка знікла, як цень на яе грудзях. Далёка і высока замёр той смех у невядомых пакоях.
Я кіўнуў. О так, я быў гатовы.
Тут паявіўся ў дзвярах музыкант Пабла і асвятліў нас сваімі вясёлымі вачыма, якія былі, у сутнасці, вачыма жывёлы, але ў жывёл вочы заўсёды сур'ёзныя, а ягоныя вочы заўсёды смяяліся, і смех якраз і рабіў іх чалавечымі. Ён падклікаў нас з усёй сваёй шчырасцю. На ім была стракатая шаўковая хатняя куртка з чырвонымі штрыфлямі, на фоне якіх прамоклы каўнерык кашулі і вельмі стомлены бледны твар здаліся ўжо нясвежымі, але прамяністыя чорныя вочы яго згладжвалі. Яны таксама згладжвалі рэальнасць, яны таксама чаравалі.
Мы адгукнуліся на ягоны заклік, і каля дзвярэй ён ціха сказаў мне:
- Брат Гары, я запрашаю вас на невялікі атракцыён. Дапускаюцца толькі вар'яты, плата за ўваход - розум. Вы гатовы?
Я зноў кіўнуў.
Мілы хлопец! Пяшчотна і далікатна ўзяў нас пад рукі, Герміну справа, мяне злева, павёў па лесвіцы і прывёў у нейкі невялікі, круглы пакой, сінявата асветлены зверху і амаль зусім пусты, у ім нічога не было, акрамя невялікага круглага стала і трох крэсел, на якія мы і селі.
Дзе мы былі? Ці я спаў? Ці быў дома? Ці сядзеў у аўтамабілі і ехаў? Не, я быў у асветленым сіняватым святлом круглым пакоі, у разрэджаным паветры, у пласце нейкай разрэджанай рэальнасці. Чаму Герміна такая бледная? Чаму так многа гаворыць Пабла? Можа, гэта я прымушаў яго гаварыць, гэта я гаварыў ягонымі вуснамі? Ці не глядзела на мяне яго чорнымі вачыма толькі мая душа, гэтая заблуканая, перапалоханая птушка, дакладна так, як шэрымі вачыма Герміны?
Друг Пабла глядзеў на нас з добрай, крыху цырымоннай прыветлівасцю, гаварыў і гаварыў, многа і доўга. Той, ад каго я ні разу не чуў нармальнай мовы, той, каго не цікавілі ніякія дыспуты, ніякія фармулёўкі, той, у кім аніяк не спадзяваўся знайсці здольнасці думаць, гаварыў добрым, цёплым голасам плаўна і без памылак.
- Сябры, я запрасіў вас на атракцыён, якога Гары ўжо даўно чакае і пра які ён даўно марыў. Цяпер даволі позна, і, мабыць, усе мы крышку стаміліся. Давайце таму спачатку адпачнём тут і падсілкуемся.
Ён дастаў з нішы ў сцяне тры чаркі і нейкую пацешную бытэлечку, дастаў нейкае экзатычнае пудэлка з каляровых дошчачак, наліў ва ўсе тры чаркі, узяў з пудэлка тры тонкія, доўгія, жоўтыя цыгарэты, дастаў з шаўковай курткі запальнічку і даў нам закурыць. Разваліўшыся ў крэслах, мы павольна пакурвалі гэтыя цыгарэты, дым ад якіх быў густы, як ад ладану, і маленькімі глыткамі пасмоктвалі дзівосна незнаёмага, ні на што не падобнага смаку церпка-салодкую вадкасць, якая рабіла і праўда жыўнаснае і радаснае ўздзеянне - цябе нібыта напаўнялі газам і ты траціў свой цяжар. Так мы сядзелі, курылі кароткімі зацяжкамі, пілі маленькімі глыточкамі, адчувалі ў сабе ўсё большую весялосць і лёгкасць. А Пабла прыглушана гаварыў сваім цёплым голасам:
- Я рады, дарагі Гары, што магу трошкі пачаставаць вас сёння. Вам часта вельмі абрыдала ваша жыццё. Вы імкнуліся сысці адсюль, праўда ж? Вы марыце пакінуць гэты час, гэты свет, гэтую існасць і ўвайсці ў іншую, больш адпаведную вам існасць, у свет без часу. Зрабіце гэта, дарагі дружа, я запрашаю вас зрабіць гэта. Вы ж ведаеце, дзе тоіцца гэты іншы свет і што свет, які вы шукаеце, ёсць свет вашай душы. Толькі ў вашым сэрцы жыве тая, іншая існасць, па якой вы сумуеце. Я ж магу даць вам толькі тое, што вы ўжо носіце ў сабе самі, я не магу адчыніць вам другой карціннай залы, апрача карціннай залы вашай душы. Я не магу вам даць нічога, хіба што толькі зручны момант, штуршок, ключ. Я памагу вам зрабіць бачным ваш уласны свет, толькі ўсяго.
Ён зноў палез у кішэню стракатай курткі і дастаў адтуль круглае люстэрка.
- Глядзіце: вось якім вы бачылі сябе дагэтуль!
Ён паднёс люстэрка да маіх вачэй (мне згадаўся дзіцячы вершык: «Ах, люстэрачка ў руцэ!»), і я, крыху расплывіста і цьмяна, убачыў жудасную, унутрана рухомую, унутрана кіпучую і мяцежную карціну - сябе самога, Гары Галера, а ўсярэдзіне гэтага Гары - стэпавага ваўка, дзікага, цудоўнага, але ваўка з разгубленымі і спалоханымі вачыма, у якіх успыхвалі то злосць, то смутак, і гэты абрыс ваўка не пераставаў ліцца праз Гары - так замутняе і зыбіць раку ўток з іншым колерам вады, калі абодва струмяні, пакутліва змагаючыся, пажыраюць адзін аднаго ў непазбыўнай тузе па канчатковай форме. Смутна, журботна глядзеў на мяне гэты напалавіну сфармаваны воўк прыгожымі дзікімі вачыма.
- Вось якім вы бачылі сябе - паўтарыў Пабла мякка і сунуў люстэрка назад у кішэню.
- Ну вось, мы адпачылі, - сказаў Пабла, - мы падсілкаваліся і крыху пагаманілі. Калі не стаміліся, я павяду вас у сваю панараму і пакажу вам свой маленькі тэатр. Згода?