Выбрать главу

Мы падняліся, Пабла, усміхаючыся, пайшоў паперадзе, адчыніў нейкія дзверы, адсунуў нейкую парцьеру, і мы апынуліся ў круглым, як падкова калідоры тэатра, якраз пасярэдзіне, і ў абодва бакі ішоў праход міма мноства, неверагоднага мноства вузкіх дзвярэй, за якімі былі ложы.

- Гэта наш тэатр, - сказаў Пабла, - вясёлы тэатр, спадзяюся, вам удасца тут пасмяяцца.

І ён голасна зарагатаў, рогат гэты быў толькі з некалькіх гукаў, але яны прабралі мяне наскрозь, гэта быў зноў той звонкі, дзіўны смех, які я ўжо чуў угары.

- У маім тэатрыку столькі ложаў, колькі вам трэба, дзесяць, сто, тысяча, і за кожнымі дзвярыма вас чакае тое, чаго вы якраз шукаеце. Гэта выдатная карцінная галерэя, дарагі дружа, але вам не было б ніякай карысці аглядаць яе такім, які вы цяпер ёсць. Вы былі б скаваныя і аслепленыя тым, што вы прывыклі называць сваёй асобай. Не сумняваюся, вы даўно здагадаліся, што пераадоленне часу, вызваленне ад рэчаіснасці ці як бы вы там ні называлі сваю нуду, азначаюць не што іншае, як жаданне вызваліцца ад сваёй так званай асобы. Яна - турма, у якой вы седзіце. І калі б вы ўвайшлі ў тэатр такі, які вы ёсць, вы ўсё там убачылі б вачыма Гары, праз старыя акуляры Стэпавага ваўка. Таму вас запрашаем пазбавіцца ад гэтых акуляраў і зрабіць сабе ласку здаць сваю глыбокашаноўную асобу ў наш гардэроб, дзе яна будзе даступная вам у любы момант. Выдатны баль, у якім вы бралі ўдзел, трактат пра Стэпавага ваўка, нарэшце, маленькі ўзбуджальны сродак, які вы толькі што прынялі, бадай, досыць вас падрыхтавалі. Здаўшы сваю шаноўную асобу, Гары, вы атрымаеце левы бок тэатра, а Герміна - правы, сустрэцца вы можаце ў любы час. Герміна, зрабі ласку, зайдзі пакуль што за парцьеру, я хацеў бы спярша правесці Гары.

Герміна пайшла направа, міма вялізнага люстра, якое закрывала заднюю сцяну ад падлогі да столі.

- Ну вось, Гары, цяпер ідзіце і будзьце ў гуморы. Прывесці вас у добры настрой, навучыць вас смяяцца і ёсць мэта ўсёй гэтай нашай задумы - спадзяюся, вы не наробіце мне клопату. Вы ж добра сябе пачуваеце? Так? Не баіцеся? Ну і выдатна, ну і цудоўна. А зараз без страху і ў добрай ахвоце вы ўступіце ў наш фіктыўны свет, увайшоўшы ў яго, як тое прынята, праз маленькае фіктыўнае забойства.

Ён зноў дастаў люстэрка і паднёс яго мне да твару. Зноў на мяне глядзеў збянтэжаны, прымглёны, размыты Стэпавым ваўком Гары - добра знаёмая і сапраўды непрыемная карцінка, знішчэнне якой не магло дужа турбаваць мяне.

- Гэтую ўжо непатрэбную карцінку вы зараз патушыце, дарагі дружа, яна цяпер без патрэбы. Вам дастаткова, наколькі гэта дазволіць ваш настрой, зірнуць на яе са шчырым смехам. Вы цяпер якраз у школе гумару, вы павінны навучыцца смяяцца. Ну, а любы высокі гумар пачынаецца з таго, што перастаеш прымаць на сур'ёзе сваю ж персону.

Я пільна паглядзеў у люстэрка, люстэрка ў руцэ, у якім патузваўся Гары-воўк. На момант нешта ўва мне ўздрыгнула, глыбока ўсярэдзіне, ціха, але балюча, як успамін, як нудзьга па доме, як каянне. Потым лёгкая ніякаватасць змянілася новым пачуццём, падобным на тое, якое перажываеш, калі ў цябе са сківіцы, замарожанай какаінам, вырвуць хворы зуб, - адчуванне глыбокай палёгкі і разам з тым здзіўлення, што, бач, зусім яно і не балела. І да гэтага адчування дамешвалася нейкая бадзёрая весялосць і смехатлівасць, якой я не мог супрацівіцца, а таму і запаў у ратавальны смех.

Цьмяная карцінка ў люстэрку ўздрыгнула і патухла, яго маленькая круглая паверхня раптам зрабілася як бы выгаралай - шэрай, мутнай і непразрыстай. Пабла са смехам шпурнуў гэтую шкліну, яна пакацілася і згубілася недзе ўнізе на падлозе бясконцага калідора.

- Смяяўся ты хораша, Гары, - усклікнуў Пабла, - ты яшчэ навучышся смяяцца, як несмяротныя. Ну вось, нарэшце ты забіў Стэпавага ваўка. Брытвамі тут рады не дасі, глядзі, каб ён мёртвым і заставаўся! Зараз ты зможаш пакінуць дурную рэальнасць. Пры самай блізкай нагодзе мы вып'ем на брудэршафт. Ніколі, дарагі, ты не падабаўся мне так, як сёння. І калі пасля табе гэта мецьме значэнне, мы зможам з табой і пафіласофнічаць, і падыспутаваць, і пагаварыць пра музыку, і пра Моцарта, і пра Глюка, і пра Платона, і пра Гётэ, колькі табе захочацца. Зараз ты зразумееш, чаму гэта раней не выходзіла... Трэба спадзявацца, табе пашанцуе, і ад Стэпавага ваўка ты на сёння пазбавішся. Бо тваё ж самазабойства, вядома, не канчатковае. Мы цяпер у магічным тэатры, тут ёсць толькі карціны, а не рэальная рэчавасць. Выберы сабе якія-небудзь харошыя і вясёлыя карціны і дакажы, што ты і насамрэч ужо не закаханы ў сваю сумніўную асобу! Але калі ты ўсё-такі хочаш вярнуць яе, табе дастаткова зноў зірнуць у люстэрка, якое я табе зараз пакажу. Ты ж ведаеш старую мудрую прымаўку: лепш адно люстэрка ў руцэ, аніж два на сцяне. Ха-ха! (Ён зноў засмяяўся так прыгожа і страшна.) Ну вось, а цяпер застаецца нам яшчэ адна зусім маленькая, вясёлая цырымонія. Цяпер ты адкінуў акуляры сваёй асобы, дык жа зірні раз у сапраўднае люстра! Мецьмеш асалоду.