Выбрать главу
Каб сэрца залацела ў сэрцы... У слёз высвечваючы дно, Каб нашых акуляраў шкельцы Пазвоньвалі адно ў адно.
Каб цень балетнага тэатра I ў самы нешчаслівы час, Праводзячы да Людаманта, Да яснасці прыводзіў нас.
Каб з тою яснасцю балетнай Мы сустракалі кожны дзень I каб царкоўнае паветра Нас не пакінула нідзе.
3 усіх навук адной навуцы Каб мы вучыліся з табой, — Каб мы вучыліся разлуцы У восені перад зімой.
Каб мы шапталі, як маленне, У першую сваю зіму: «Калі навучымся цярпенню, Тады навучымся ўсяму».
11 верасня 1991

* * *

На вуліцы Першага пацалунку Ад пані Дароты пачую: Sto lat. На вуліцы Першага пацалунку У ювеліра на тонкім рыштунку Гітарны паблісквае верасняпад.
Мяне палюбіла была адзінота. Гітарнае лісце на вочы лягло. Мяне палюбіла была адзінота, I вы памятаеце, пані Дарота, Гітарнага лісця сухое святло.
О, мудрая пані, з-пад ветразя Лодзі — 3 сябе я выплакваў няўцешны матыў. О, мудрая пані, з-пад ветразя Лодзі, Антычнаму ветру не мовілі: годзе, Прымаючы кожны ягоны узвіў.
Я ваша цярпенне туманам няволіў, Я вас апускаў на халоднае дно. Я ваша цярпенне туманам няволіў — Ні белых ляўконій, ні белых магнолій, А толькі гітарнае лісце адно.
Не ведаў, не знаў, што чакае Акропаль, Яшчэ не прадбачваў сваёй вышыні... Не ведаў, не знаў, што чакае Акропаль, Калі вы сказалі: «Забудзеш свой клопат I згубіш даліну ў лімонным агні.
Жанчыну заўжды замяняе жанчына, Што можа не только кахаць — разумець! Жанчыну заўжды замяняе жанчына, I, значыць, гітарнае лісце павінна Вярнуцца на дрэва і зноў зелянець».
...Паслухайце, пані, вандроўная пані, — Мой шлях патанае ў зялёны блакіт. Паслухайце, пані, прарочыца пані, — Саломка лімонная лёгкім дыханнем Імя забірае маё — Леанід.
16 верасня 1991

* * *

Да сімфанічнага спакою Плыла, не чуючы званка, Па-над трамвайнаю ракою Твая трывожная рука.
Я—п'яны хлапчукоўствам нейкім Цябе не папярэджваў: стой! Зусім не бачыў небяспекі На гэтай вуліцы пустой.
Твая рука, расу ляўконій Захоўваючы ў халадку, Да сімфанічнага спакою Выводзіла маю руку.
Твая рука жарынкі цыній Не астуджала, берагла I перунам трамвайных ліній Сцябліны светлыя дала.
I лінію трымала лёсу Майго... I ад яе цяпла Цвіла мядовая меліса I сальвія ў Гарынь цякла.
Дзяцінства ранак местачковы Я ўспомніў праз тваю руку, I зноў я — Лёнік Васілёвы У бестрамвайным гарадку.
I зноў да флёксаў і да макаў 3 гары царкоўнае лячу, — Тады не знаў журбы ніякай I сёння ведаць не хачу.
Дык адыдзі, журба старая, І, смутак юны, прападзі — Пад колы мінскага трамвая Мая нярадасць упадзі.
Хачу спакою ўсіх сімфоній, Каб мець абедзвюх рук спакой — Трывожнай, што ў маёй далоні, I той рукі, што не ў маёй.
27 верасня 1991

* * *

Паэты любыя, вы ўсё маглі, Таму не дзіва, што ў вачах каханых Вы мора бачылі і караблі I свой апошні дзень, у кут загнаны.
Але ці бачылі вы туманок, Той самы, што пад позіркам панурым Пазвоньвае, як сонечны пясок, У звонікі іконнай кампанулы, —
А пад вясёлым позіркам маім Празрысты робіцца і лістападны I ў пацалункавы ерусалім Па небу шлях паказвае дакладны, —
I слова кожнае, і кожны верш У вільгаць апускае залатую, Дол агародны і нябесны верх Сабою ясніць у пару любую...