Выбрать главу
Мы йшлі далей, і колер фіялетавы Усё гусцеў і не рабіўся іншы, I на Тэатр музычнае камедыі Ляцелі фіялетавыя вішні.
27 студзеня 1994

* * *

Не маннай вусны пахнуць — ацэтонам I пылам закулісным даміно, I шкляр заместа шыбіны кардонам Залечвае пабітае акно;
I Свіслач, як Венецыя ў тумане, I гандаль на Нямізе — паляванне Нязвыклай ветлівасці на мяне: «Что вам угодно?» «Бульбы ў чыгуне...»
I Лупанур, абсопліўшы манжэты, Аўкцыённым грозіць малатком... Ёсць буржуа, і ёсць яшчэ паэты, I шчасце ёсць прачнуцца жабраком.
Але, напэўна, нечага я варты, Калі пусцілі мой рэкламны міф Бадзяцца па Купалаўскім тэатры Паўгода на паўставачны тарыф.
Везувіем аглушаны, Раеўскі, Жадаючы не надта дакучаць, Адно што віжаваць за Дастаеўскім Прасіў мяне — чытаць і скарачаць.
I я чытаў — прыходзіла бяссонне, I скарачаў — стамлялася рука, А паўз тэатр правозілі «Пагоню» I ўзносілі на жоўтае ЦэКа.
Не пакідаў ніякага я лішку, З рамана п'есу выціскаў наўпрост I князя недарэчнага, як мышку, Лавіў за спінку, а часцей за хвост.
А Лупанур — то хціва, то гулліва — З драматургічных высілкаў маіх Пасмейваўся, але змаўкаў раўніва, Як бачыў А.— адну ці нас дваіх.
У рэўнасці яго быў мудры вырак, I я з тэатра збег, бо зразумеў, Што я ў жыцці не драматург, а лірык, Мой лёс — мяняць спадзеў на неспадзеў,
А. цалаваць у радасці замглёнай, Боль запіваць гарачым малаком I назіраць, як Лупанур натхнёна Аўкцыённым грозіць малатком.
23 красавіка 1994

* * *

Вяртанне адбываецца паволі, Заціснутае ў філігранны дрот, I боль, забыты ў цёмнай альвеоле, Б'е ў паднябенне, раздзірае рот...
Апошнюю я размяняю лепту На прагу з фізіялагічных нор, Каб дакрануцца да рукі тваёй і шэпту, Замкнутыя на сухасць і мінор.
Назад ікону тройчы адцалую, Якую цалаваў я тры разы, Калі ляцела ты ў імглу чужую, Страх пакідаючы на дне слязы.
Вярну наш травень — шосты дзень ягоны, Напоены правансам да краёў! Як трубадур дзеля цудоўнай донны, Я для цябе прыручваў салаўёў;
На дробныя да зніку тэль-авівы Я разбіваў вялікі тэль-авіў... Апошні раз у гэты дзень шчаслівы Перад расстаннем сокала злавіў.
I гэты дзень — адзіная патоля, Якая прымушае зразумець, Што ўсё цудоўнае вяртаецца паволі I што жыццё лягчэйшае за смерць.
30 жніўня 1994

* * *

Пра вуліцу Уманскага хто б ведаў, Ці паланіў бы гэты ўскрай душу, Калі б не мы і не азартны ветах — Адзін ліхтар на Брэсцкую шашу!
Калі б не пасажыры-чалавекі — Стваральнікі бясконцай цеснаты; Калі б не нашы клопаты пра лекі, Пра грошы, дактароў і лёс пусты;
Каб не маё жаданне (шал юначы!) На ручаіне рук тваіх і ног Не з «Панарамы» шоўк валютны бачыць, А з крамы орсаўскай лянок;
Каб не хваробы золата пустое, Што наталіла вераснёвы пах Галечаю і весялосцю тою, Якая спіць у д'ябла на губах...
Але даволі сумных пералікаў! Глядзіць ласкава на цябе круп'е, Прамавугольнай цемры базіліка На дзве гадзіны ўтулле нам дае.
I гэты ўскрай ускраем застаецца, Хоць і спрабуе нам дапамагчы — Ён стаўкаю апошняю кладзецца На стол ігральны, тонучы ўначы.
7 кастрычніка 1994

* * *

Ты, як малітва да Бога, Недашаптаная мной,— Чыстага снегу знямога Над беларускай зімой!