Выбрать главу

7 кастрычніка 1991. Ад кавярні «Світанак» да плошчы Якуба Коласа і ад плошчы Якуба Коласа да кавярні «Світанак» я прайшоў за пяцьдзесят восем хвілін. У гэты цёплы вечар кожны трэці юнак прасіў у мяне закурыць. Маё шкадаванне, што сёння не магу пачуць Яе, увасаблялася ў лабіяльныя гукі змяркання. Надыходзіла доўгая дэфларацыя ночы, і я ведаў, што кроў світання ўпрыгожыць менскія прасціны без маёй прысутнасці.

10 кастрычніка 1991. Даўно было сказана: страху няма ў любові, калі яна дасканалая. Дасканалая любоў гоніць страх. I яшчэ было сказана: той, хто баіцца, па-сапраўднаму не любіць. I зноў жа было моўлена... Не, досыць! Надакучыла эндагамія трывожных думак, у выніку якой нараджаецца яшчэ большы неспакой.

15 кастрычніка 1991. Кніга жанчыны даецда не ў рукі — у душу. Фізічна яе немагчыма ўтрымаць і нельга таксама бесклапотна перагортваць. Гэтая кніга разгорнецца сама, калі ў тваім цярпенні дастаткова металу. I ты абавязкова прачытаеш яе першую старонку, калі твая рахманасць нязмыўная, як аверс манеты. Аднак памятай — калі хочаш быць шчаслівы, астатнія старонкі чытаць не варта.

16 кастрычніка 1991. Квадратныя слёзы вострымі вугламі прадзіраюць амальгаму абавязку і бесклапотнасці. Я — геаметрычна слязлівы і гэтым, напэўна, адметны. Мае слёзы ўстойлівыя, як піраміды. У іх цені я знаходжу ўсё новыя і новыя метафары.

17 кастрычніка 1991. Мы ў тэатры, у другім радзе партэра. У антракце Яна гаворыць, што я стомлены, што я зусім не адпачываю. Яе клопат ап'яняе, і я разумею, што Яна з тых жанчын, якія дораць мужчынам знойдзеную будучыню. Я гляджу на Яе профіль — тонкі профіль патрыцыянкі з вокам, поўным антычнага агню У зале паволі патухае люстра, і я заўважаю, што цыліарнае цела вока пакутуе ад французскай касметыкі... На выхадзе з тэатра Яна вяртае мне верш «Хацеў бы я па вечарах...». На Яе думку, верш патрабуе больш пранікнёнай коды. Мы йдзем па ўтульнай Падгорнай вуліцы ў бок вакзала. Мяккаму цёпламу змроку не замінаюць нашыя лёгкія крокі і маё адмаўленне падману. Я ведаю — падман, нават несвядомы, адгародзіць мяне ад кахання, а то і назаўсёды схавае яго ў нетрах свайго чорнага адзення. I яшчэ я ведаю: кахаць — штодзённа прасіць у каханай прабачэння. А што ведаюць мае геронты? Яны ведаюць шмат, а пакуль што разважаюць аб тым, што разлад з уладаю не бывае доўгім, улада ўсё ж такі рэч эфемерная, а вось разлад з душою зацягваецца да самай смерці.

20 кастрычніка 1991. Гэтыя запісы насцярожваюць. Яны небяспечныя, як і кожная проза. Так, небяспечныя, бо нават самай таленавітай прозай жанчыну вельмі лёгка пакрыўдзіць. Не забываючы пра гэта, да кожнага спаткання рыхтуюся, як да складанага экзамену. Аднак у маёй «падрыхтоўцы» заўсёды тоіцца эгаістычны намер — гаварыць з Ёю толькі пра тое, што цікава самому.

21 кастрычніка 1991. Хіба што адным геронтам і вядома, як я марыў убачыць Яе ў сне: «Прысніся. Ты не снілася ні разу. Да вазы прыхініся галавой...» I вось яно — свята сну. Праўда, ніякай вазы не было. Быў доўгі калідор. Здаецца, калідор вагона. Яна йшла, некуды спяшалася. Раптам калідор скончыўся, пачалося поле, і Яна ўбегла у шыпшынавы куст, які стаў ірваць на ёй сукенку.

23 кастрычніка 1991. Спатканне. Гвалт пацалункаў і слоў. «Я аддам табе ўсю сябе, усю — да кропелькі...» I зноў, зноў пацалункі. Пасля — рэфлексіўны адпачынак. З каханай усё ж такі трэба гаварыць толькі пра хараство і пра тое, што будзе. Ні слова — пра Яе і сваё мінулае, бо мінулае распальвае рэўнасць. Я спытаў: «Каханне чакае, каб мы рабілі яго прыгожым, ці яно прыгожае й без таго?» Яна ўсміхнулася: «Як мы робім, так і трэба...» Развітаўшыся, Яна ніколі не аглядвалася. А тут, адышоўшы на адлегласць, роўную даўжыні Парфенона, азірнулася і памахала мне рукой.

24 кастрычніка 1991. «Мяне ўсё тут палохае — дрэвы, камяні, трава, а таксама людзі, якія блізка ад нас праходзяць...» Мы шукаем зацішнае месца і нарэшце апынаемся ў бязлюдным кутку парку. Аднак і тут Яна гаворыць пра дрэвы, камяні, траву і пра ўсё тое, выпадковае, што не дае любіць мяне так, як Ёй хочацца... Геронты знайшлі пад высокай таполяй глінянага фаўна і, як дзеці, пачалі з ім забаўляцца. Яна не заўважае гэтай гульні, як і не заўважае таго, што над намі яшчэ дастаткова лісця, каб ушанаваць нашае каханне пошумам наступнасці, і што дрэвы даволі густа стаяць, каб мы не згубілі ўяўлення аб смерці, і што ў кожным нашым спатканні ўсё менш і менш гучыць музыка рандо. Я жыву поўным жыццём тады, калі з'яўляецца жанчына. I я ўбачыў рубеж гэтага жыцця, калі з'явілася Яна.