Выбрать главу
Твая бяда ва ўсіх французскіх трунах Не менее ў цане. Твой алкаголь у клавішах і ў струнах I ў каніфольным сне.
Імя тваё на вуснах у Еўропы, Як васільковы лёд! Калі растане — свежасцю акропіць I мой гарынскі рот.
Я пэўны праз цябе, Верлен!.. Пакуль жа На камяністым дне Яе саму, яе дзяцей і мужа Я бачу, як у сне.
Яна не набліжаецца, далей шчэ За Вольгу, Васіля. Ля ног яе жывая хваля плешча Твайго, Верлен, святла.
4 ліпеня 1991

* * *

Над нашым пацалункам першым Плыў дым сямейнага кастра: Не палюбоўніца — сястра! А я? А я — твой брат старэйшы.
Дым не здагадваўся, што горкі, — I галаву тваю абвіў, I дзве маслінавыя зоркі Па-над каўнерыкам лавіў.
I ўбачыў я, што на масліны Праз дым і золата слязы Ляглі калючыя сцябліны, Завязаныя на вузлы...
Нас душыць неспакой сямейны, Не сон прыходзіць па начах, А зноў жа гэты страх лілейны, Што й пад слязою не ачах.
Тваёй трывозе падуладны, Анёл таршэрнай цемнаты На вуснах ломкіх, лістападных Знайшоў зялёныя лісты, —
Паспеў адчуць іх шум эладны, I ты прамовіла: «Пара...» Мая. Я ведаю дакладна! Мая... малодшая сястра.
5 ліпеня 1991

* * *

Пакуль з рукі спяшаўся на руку Мой пацалунак легкаважны, — Ты расказаць паспела пра дачку I сівізну маю заўважыць.
Пакуль хаваў я галаву сваю У жоўты куст тваёй сукенкі, — Ты развязала горла салаўю, Туман паклала на каленкі.
Ты аддалася школьнай пахвальбе, Свабодзе калідорна-класнай, — Што мова беларуская табе Бліжэйшай робіцца і яснай.
Пра астры гаварыла, што яны Паводле гараскопнай гліны Вакол маёй узыдуць сівізны, Кастрычнік цягнучы ў сцябліны.
Глядзела ў вочы мне і ў іх вадзе Ты толькі хітрасць заўважала I ямку ж хітрую на барадзе Ружовым лісцем закрывала.
«Не верь, не верь...» — пачуў на адыход Журбу дыпламатычных місій. Так, гэта Цютчаў свой класічны плот Паміж табой і мной узвысіў.
11 ліпеня 1991

* * *

Калі ўзыходзіў на Акропаль, Яшчэ не ведаў пра цябе. Каханне ў ценю ад Еўропы Чакаць змушала і цярпець.
Я тое прадчуваў каханне, Ягоны вінаградны воск, Калі гарынскае змярканне Святлу афінскаму прынёс.
I, стоячы ў жаданым цені, Сачыў: над душамі багоў Вятры паўночныя ляцелі Да італьянскіх берагоў.
Незразумелы мне арганум Узбагачаў мой бедны слых: «Як пакахаеш, то каханым Ты станеш на адзін уздых...
Каб пасвятлеў твой цёмны вопыт, Спяшайся да агню свайго! Каханне ў цені ад Еўропы — Імгненне, і не больш таго».
12 ліпеня 1991

* * *

Мой сон пусты — як ваза, у якой Даўно няма ні кветак, ні сцяблінак, Няма вады і сонечных іскрынак, Тых самых — з аксамітнаю луской...
Прысніся. Ты не снілася ні разу. Да вазы прыхініся галавой. Я ведаю любімы колер твой, I гэты колер хай напоўніць вазу.
Твой колер — жоўты. Сіні колер — мой — Мяне гняце, са мной не размаўляе, А жоўты колер — ён найменш стамляе, Хоць поўны нечаканасці любой.
Я знаю ўсё па матчыным гародзе: Там раніцаю шольсія ў акно Шпурляе мне з расою кімано, I сонца іерогліф узыходзіць.
Настуркі мне захоўваюць эмаль, Календула мне дорыць залатоўкі, А ўсе чарнічна-жоўтыя галоўкі Сямейных братак — неспакой і жаль...