Хутка па стаянцы разнёсся салодкі пах. Тады паляўнічыя дзідамі асцярожна перавярнулі рыбіну на другі бок. Навокал соладка пахла, што асцярожны шэры кот не вытрымаў, высунуўся з кустоў і, аблізваючы маленькім чырвоным язычком доўгія вусы, намякнуў людзям: «Мяя-ааў!..» Людзі, гледзячы на ката, усміхаліся.
У гэты час з гушчару высунуўся Сын мядзведзя. У адной руцэ ён трымаў каменную сякеру, а ў другой вялізную дубовую дубіну. Ён падышоў да Руна і глуха прабубнеў:
— Я зрабіў новую дубіну.
Мабыць, Сын мядзведзя чакаў воклічаў захаплення, якія тут нядаўна чуліся. Але маўчалі людзі. Дубіна была такая вялікая і цяжкая, што толькі Сын мядзведзя мог цягаць яе з сабою. Рун агледзеў дубіну. Ён нават аберуч патрымаў яе. А затым, каб супакоіць Сына мядзведзя, сказаў:
— Добрая дубіна. Я скажу паляўнічым, каб яны яе не чапалі. Яна будзе тваёй. Толькі трэба, каб дубіну апаліла Сонца. Тады яна стане лёгкай. І яшчэ трэба, каб агонь даў ёй сваю сілу.
Сын Мядзведзя палажыў дубіну навідавоку перад уваходам у будан і горда агледзеў род, чакаючы слоў калі не захаплення, то хоць бы ўдзячнасці. Але зноўку — ніхто ні слова не сказаў, нават малыя дзеці і тыя блізка не падыходзілі да Сына мядзведзя. А яны — і гэта ўсім вядома — без слоў ведаюць, хто перад імі; добры чалавек ці злы. І ўвогуле любоў людскую, як і каханне, ніякай сілаю, а тым больш дубінаю, не заслужыш, тут штосьці іншае патрэбна...
Нарэшце паляўнічыя дасталі з ямкі засмажанага сома і паклалі яго на чыстую траву, куды звычайна клалі смажаніну.
Крэмневым скрабком Рун адломваў кавалкі смажанай рыбіны і раздаваў супляменнікам. Першыя кавалкі сома ён даў дзецям, пасля — жанчынам, прадаўжальніцам роду. За імі елі старыя паляўнічыя, скалечаная Вая. Апошнімі — тыя, хто здабыў і сам Рун.
Людзі елі смакату і час ад часу пазіралі то на Руна, то на Сына мядзведзя. Яны ведалі, — калі той стане старэйшынаю, то напачатку ля спажывы будзе ён, за ім — паляўнічыя, а потым ужо — жанчыны, дзеці, старыя і ўсе тыя нямоглыя, хто не можа пастаяць за сябе.
Мабыць, людзі якраз і адрозніваліся ад ваўкоў тым, што спазналі закон Таго ўсемагутнага, які жыў наверсе: памажы слабейшаму — і табе ўсё вернецца...
Сом быў з’едзены. Людзі, канечне ж, не забыліся на ката, Мая аднесла яму ў кусты частку плаўніка. Калі косткі рыбіны былі перанесены ў будан, а навокал усё чыста прыбрана, Рун сказаў:
— Сягоння ў нас будзе сход. І на гэтым сходзе мы будзем гаварыць...
Нечакана для ўсіх падняўся з травы Сын мядзведзя і, перабіваючы
Руна — чаго дагэтуль ніхто ніколі не рабіў — прагудзеў:
— Сягоння будзе гаварыць Сын мядзведзя. Сын мядзведзя хоча сказаць, што яму патрэбна жонка. І жонкаю ягонай будзе Мая.
Людзі прыціхлі. Усе глядзелі то на натапыранага Сына мядзведзя, то на Руна.
Словы Сына мядзведзя былі настолькі нечаканымі для Руна, што ў яго перахапіла дыханне... Ён цяпер нічога не мог вымавіць перасохлымі вуснамі. Рун не мог адмовіць Сыну мядзведзя ў ягоным жаданні мець за жонку Маю — адзіную пястуху дачку.
Ран збялеў. Сам не заўважыў, як падняўся з травы, на якой дагэтуль сядзеў побач з Маяй. Хуткім позіркам ён акінуў стаянку, шукаючы паляўнічую дзіду. Але дзіда, якой палявалі нядаўна на сома, цяпер ляжала ў будане. Тады яму кінулася ў вочы таўшчэзная толькі што выламаная ў лесе сырая дубіна, што грэлася на Сонцы перад уваходам у будан. Да той дубіны — гэта Ран ведаў — ён мог дамчаць першым і тады ўжо, ухапіўшы дубіну... Пальцы Рана міжвольна сціснуліся ў кулакі. Нерухомым позіркам ён упіўся ў чорныя маленькія вочкі Сына мядзведзя. Цяпер яны былі паяднаныя нябачнай, але рэальнай сілаю ўзаемнай нянавісці.
Не толькі каханне, але і нянавісць уладарыць над людзьмі. І як часта людзі, паяднаныя нянавісцю, не могуць адступіцца адно ад аднаго, — гадамі пакутуюць, наліваючыся злосцю і адчаем і ўсё ж, як ні дзіўна, яны ніяк не могуць парваць няўлоўную повязь, назва якой — нянавісць. Яна можа быць моцнай, можа быць слабейшай, і многім людзям надта ўжо неабходная, бо без яе яны тут жа чахнуць, як часта чахне чалавек без кахання.
І каханне, і нянавісць увесь час існуюць на зямлі, яны жывуць сярод людзей па сваіх нікому невядомых, невытлумачальных законах, прыносячы ім як шчасце, так і гора. І шкада тых людзей, якія трапляюць пад уладу гэтых пачуццяў, — усясільныя, каханне і нянавісць штурхаюць іх на здраду, на забойства і самазабойства. Тым, хто ні разу не адчуваў кахання, нянавісці, здаецца дзіўным усё тое невытлумачальнае, што творыцца сярод людзей.
Гаротныя, неразумныя, яны не ведаюць, часта нават і не здагадваюцца, хто ж імі ўладарыць...