Побач з Ранам стаяла пабялелая спалоханая Мая — ведала, што зараз, праз імгненне, вырашыцца яе лёс, і тады ўжо ўсе далейшыя дні будуць напоўнены ці радасцю, ці глухім адчаем.
Усё вырашалі імгненні. Нават дзеці прыціхлі...
Дзеці першымі адчулі, што над родам пачала навісаць Бяда. Яна, Бяда, гэтаксама, як каханне, як нянавісць увесь час кружыць над людзьмі, шукаючы спажыву. Нябачная, яна высочвае людскія крыўды, людскую зайздрасць і, насыціўшыся імі, неспадзявана, калі людзі радуюцца і весяляцца, абрыньваецца на ўсіх скопам, вінаватых і невінаватых. Разгубленыя, напалоханыя яе грознаю сілаю, яны тут жа пачынаюць шукаць прычыны свайго гора. Напачатку ім здаецца, што яны справяцца са сваім горам... Але потым людзі са здзіўленнем разумеюць, што прычын гэтых — безліч, урэшце ім толькі і застаецца — змірыцца, што ва ўсім вінавата нябачная, але рэальная Бяда. І ўладарыць тады яна над разгубленымі людзьмі, гаротныя, яны плачуць, забіваюць і калечаць адно аднаго і, самі не ведаючы — чаму, мітусліва кідаюцца па зямлі, імкнучыся спасцігнуць, адкуль і чаму сярод іх паявілася гэтулькі гора. І ўрэшце, адкінуўшы ўсе прычыны і ўсе тлумачэнні, людзі пачынаюць разумець, што Бяда ім непадуладная, і тады з іх вуснаў са стогнам вырываецца: «Бяда, Бяда прыйшла...»
А Бяда, як вядома, адна не прыходзіць, з сабою дзвюх ці трох прыводзіць...
Потым ужо, наздзекаваўшыся ўдосталь над людзьмі, насмакаваўшыся слёз і крыві, яна адступаецца ад слабых і зноўку пачынае чакаць свайго часу, калі ж ягонае кодла пакліча яе...
У цішыні пачулася туктуканне дзятла. Яно даносілася з лесу: тук-тук, тук-тук-тук... Рану падалося, што сваім туктуканнем дзяцел выразна гаварыў: «Так-так, так-так... Так і будзе, Сын мядзведзя стане мужам Маі. Так і будзе, як ён захацеў. І нічога ты не зробіш. Так-так, так-так...»
Гледзячы на Рана і на Сына мядзведзя людзі адчувалі — зараз на стаянцы праліецца кроў. Ні Ран, ні Сын мядзведзя не маглі адмовіцца ад свайго шчасця. І якое Рун цяпер ні прыме рашэнне, яно не магло супакоіць і прымірыць Рана і Сына мядзведзя. А між тым Рун павінен быў сказаць сваё Слова.
Ці ведаюць, ці здагадваюцца людзі пра сапраўдную сілу Слова? Мо і праўда, што напачатку было Слова? Яно мірыць людзей, яно суцяшае іх, з-за яго пачынаюцца бойкі і ліецца кроў. Слова мае сваю моц, бо, зыходзячы з чалавека, яно насычаецца яго духам. Слова і дух чалавека паяднаны між сабою і асцярожна, ой, як асцярожна, трэба ім карыстацца!..
Нечакана для людзей, паднялася з травы жонка Руна. Стоячы побач з мужам, спакойна гледзячы ў бліскучыя вочы Сына мядзведзя, яна загаварыла роўным ціхім голасам:
— Сёння я хачу гаварыць. Калісьці род хацеў абраць мяне старэйшынай, але я адмовілася ад гэтага і папрасіла, каб старэйшынай роду абралі майго мужа. Сёння, калі вырашаецца лёс маёй дачкі, я хачу гаварыць. Я скажу так: ты, Сын мядзведзя, можаш забраць за жонку маю адзіную дачку. Мы не можам парушаць закон роду.
Жонка Руна на нейкі час заціхла. Пачуўшы гэтыя словы, Сын мядзведзя падняў угору рукі і ад шчасця радасна засмяяўся. Ён тут жа ўявіў, што ўжо сёння вечарам ляжа спаць у будане побач з Маяй. Сын мядзведзя быў шчаслівы. Пачуўшы словы жонкі старэйшыны роду, ён адчуў, што ў ім немаведама куды падзеліся злосць і нянавісць.
Ран не верыў пачутаму. Ён закамянеў. Міжвольна да ягонай рукі пацягнуліся халодныя льдзіністыя пальцы Маі. Адчуўшы гэты холад, Ран зразумеў: ніхто і нішто не разлучыць яго з каханай, адзінае, што магло іх раз’яднаць — халоднае забыццё і доўгі шлях Туды, адкуль ніхто не вяртаецца.
Памаўчаўшы, па-ранейшаму спакойна гледзячы ў вочы Сына мядзведзя, жонка Руна гаварыла зноў:
— Я не закончыла, Сын мядзведзя. Апроч цябе маю дачку кахае малады паляўнічы Ран. Яны разам выраслі, разам некалі бегалі да Пры, дзе вучыліся плаваць, разам хадзілі ў лес. Іхняе чыстае каханне бачыць увесь род. Сёння, калі Ран з сябрамі злавіў вялікага сома, ён даказаў нам, што стаў сапраўдным паляўнічым. Па лоўкасці ён цяпер нічым не саступае табе, Сын мядзведзя. І таму скажу так: Ран таксама можа стаць мужам Маі.
— Тады будзем біцца! — імгненна выгукнуў Сын мядзведзя і сціснуў кулакі. Цела ягонае зноўку напоўнілася злосцю і нянавісцю.
— Не, Сын мядзведзя, мы — не звяры, мы — людзі, у нас ёсць закон роду, які аберагае нас ад боек і забойстваў. Мы павінны яго выконваць. Ніхто не можа парушаць закон роду, ні я, ні ты, ні старэйшына Рун. Усе мы роўныя перад гэтым законам. Нам не трэба, каб у родзе загінуў адзін паляўнічы. Сёння на сходзе Рун хацеў сказаць пра іншае, не пра лёс Маі, не пра твой лёс, Сын мядзведзя. Рун хацеў сказаць, што ў нас заканчваецца крэмень. Хутка дрэвы паснуць, травы пахаваюцца ў зямлю, і Той, які жыве наверсе, напусціць на зямлю белых мятлікаў. Тады нам вельмі спатрэбіцца крэмень. Без яго паляўнічыя не могуць здабываць мяса.