Выбрать главу

Яны без слоў зразумелі адно аднаго. Штосьці бліскучае, як раса, паявілася ў Ваіных вачах, і яна тут жа, чагосьці саромеючыся, пачала выціраць скалечанай рукою тое бліскучае. Затым неяк надта спяшаючыся, Вая паклала ў лазовы кошык высахлы мох, абвугленыя чорныя палачкі, якія хавалі агонь.

Непрыкметна да Рана падышла Мая з кошыкам у руках. У ім горкаю ляжалі лушчаныя арэхі.

— Я сама збірала, — шапнула Мая, перадаючы кошык Рану. І зноўку, як і раней, салодкае пачуццё еднасці з Маяй апякло яго, падалося, што ён і Мая — адно цэлае...

Нарэшце настаў час развітання. Людзі чамусьці журыліся, бо ўсе яны, а не толькі заплаканая Мая, ведалі, што паляўнічыя могуць вярнуцца, а могуць і не вярнуцца.

Што ёсць развітанне? Мо ўсё жыццё наша, кожны пражыты міг не што іншае, як яно?.. Ці не таму ў юныя гады, калі востра адчуваецца смак жыцця, калі цела поўніцца няпэўнымі жаданнямі, маладыя людзі часта беспрычынна плачуць і сумуюць, адчуваючы, як з кожным мігам і ў свеце, і ў іх саміх штосьці адмірае, навечна адыходзіць?

Што адмірае?..

Куды сыходзяць палкія пякучыя жаданні?..

Паляўнічыя пайшлі супроць цячэння Пры. Ран памятаў, што бацька вёў яго па беразе ў той бок, адкуль кожную раніцу паказвалася Сонца.

Бераг ракі быў розны. Трапляліся мясціны нізкія, зарослы лазовымі кустамі, чаротам, вострай асакою, пад нагамі хлюпала чорная вада, і ногі вязлі ў чорнай твані. А былі мясціны з высокімі пагоркамі, узабраўшыся на якія, паляўнічыя, бы на далоні, бачылі далёкія хвалістыя лясы, зарэчныя лугі, на якіх пасвіліся маманты, прабягалі з узлеску да ўзлеску ласі, горда несучы на галовах галіністыя рогі, пасвіліся коні з доўгімі хвастамі і гэткімі ж доўгімі грывамі. І над усімі звярамі віліся птушкі, якія збіралі з іх машкару, чарвякоў — птушкі чысцілі звяроў... Ран ведаў, што недзе там, у лугах і лясах, насіліся зграямі ваўкі, блэндалі магутныя мядзведзі, па дрэвах бегалі ўніз-угору вёрткія вавёркі, за імі палявалі гнуткія і доўгія куніцы, птушкі там жылі і пладзіліся. І тады, калі Ран звысоку глядзеў на наваколле, цела ягонае поўнілася сцішанасцю, яму хацелася спазнаць штосьці...

Агледзеўшы далейшую дарогу, паляўнічыя спускаліся з пагорка і сцежкамі, пратаптанымі звярамі, ішлі далей, узбоч берага Пры. Час ад часу яны скарачалі дарогу — у тых мясцінах, дзе рака рабіла вялікі паварот.

Сонца стамілася і пачало хіліцца да лесу, за якім яно кожны раз адпачывала. Той, у якога было мноства вачэй, рыхтаваўся аглядаць свае ўладанні.

Начаваць паляўнічыя вырашылі пад высокім маладым дубам, які стаяў на лузе недалёка ад лесу. Як і многія дубы, гэты таксама любіў прыволле і адзіноту. Месца тут, пад ім, было добрым яшчэ і таму, што слабым ветрыкам зносіла куслівых камароў да лесу. Ды і зверу дабрацца сюды непрыкметным было цяжка.

Пасля сытнага абеду на стаянцы есці паляўнічыя пакуль не хацелі, балазе дарогаю, калі ішлі па лесе, яны на хаду збіралі кіславатыя чарніцы, маліну на ўзлеску, шчаўе, якое расло ў балацяністых мясцінах. Нават арэхі трапляліся ім, але арэхі былі яшчэ няспелымі.

Набраўшы ў лесе зялёных мяккіх галінак, уклаўшы іх на зямлю пад дубам, паляўнічыя ўлегліся. Му і Галу хутка засаплі, а Ран ніяк не мог заснуць. Пакуль што ён не адчуваў стомы. За адзін дзень было столькі ўражанняў і змен: сом, які ледзьве не зацягнуў іх у свой свет, сход, словы Сына мядзведзя, і вось цяпер ён, Ран, як сапраўдны паляўнічы, павінен адказваць за жыццё сяброў...

Сонца схавалася. Перагарэлі лёгкія малінавыя аблокі ў тым баку, дзе яно пайшло на адпачынак. Угары спачатку ўсё налілося сінечаю, а потым там пачалі паказвацца вочы Таго ўсемагутнага, які жыў наверсе і які назіраў за парадкам на зямлі.

Гледзячы ў ягоныя міготкія вочы, Ран спрабаваў уявіць Таго ўсемагутнага. Мабыць, ён быў вялікі-вялікі, бо мог грукацець угары каменнем. Мог, раззлаваўшыся, ірваць неба і кідаць на зямлю белыя жахлівыя дзіды [4]. Таксама мог паліваць яе кроплямі вады. Ён валодаў вятрамі, якія то сагравалі зямлю, то сцюдзёнелі — ён многае што мог... Днём, калі Той усемагутны заплюшчваў вочы, ён ператвараўся ў розных звяроў, якія адно за адным плылі і плылі ў чыстым блакіце. Ягоны памочнік Сонца паказвала, якім ён мог быць: і вялізным, на паўнеба, мядзведзем, і мамантам, і зубрам... Адно за адным плылі звяры ў чыстым блакіце, ім не было ні канца ні краю, мядзведзі станавіліся мамантамі, зубры рагацістымі аленямі. Там трапляліся і такія звяры, якіх Ран ніколі не сустракаў, мабыць, яны жылі далёка-далёка за лесам, у тым баку, куды адыходзіла штодня Сонца.

Ён, Той, які цяпер аглядаў свае ўладанні, быў не толькі магутны, але і мудры.