Ён уладарыў дрэвамі, якія цяпер сцішана спалі, а днём, раскатурханыя вятрамі, гаварылі між сабою. Найбольш балбатлівыя з іх палахлівыя асіны і бярозы з доўгім веццем. Гамоняць стромкія высокія сосны ў лесе, — ківаючы вяршынямі, шушукаюцца і шушукаюцца між сабою, бывае, што, захварэўшы, жаляцца скрыпучымі галасамі, і тады, пачуўшы жальбу, да іх прылятаюць дзятлы і вострымі дзюбамі дастаюць з-пад кары жукоў-караедаў. Гамоняць нават маўчуны дубы.
У дрэў маецца кроў, якую людзі называюць сокам. Як і травы, кусты, той сок дрэвы бяруць з зямлі. У бяроз і клёнаў ён салодкі, па вясне ўвесь род збірае яго ў гліняныя збанкі. У сосен і елак сок густы і ліпкі. Дрэвам, як і людзям, і звярам, і птушкам баляць раны. Калі параніцца дрэва, то сокам яно загойвае сваю рану. У сосен і елак сок жаўтаваты і ліпкі, зацягваючы рану, ён тут жа цвярдзее. Людзі ведаюць пра гаючую сілу соку — збіраюць яго і, прыкладаючы да хворага цела, лечацца.
Ён, Той усемагутны, уладарыў травамі. Сцюдзёнай парою, калі зямлю ўкрываюць белыя мятлікі, травы хаваюцца ў зямлю, дзе спяць да самай вясны, як спяць у бярлогах мядзведзі і барсукі. Потым травы прачынаюцца і, сагрэтыя Сонцам, красуюць адна перад адной. Упрыгожыўшы сябе пахкімі кветкамі, яны адразу ж пачынаюць частаваць салодкім сокам птушак, пчолак, чмялёў, мятлікаў, без якіх ніяк не могуць абысціся, бо тыя разносяць іх насенне.
Які ж ён мудры Той, хто жыве наверсе!
Усе яны — і травы, і дрэвы, і ледзь бачныя казюркі, і птушкі, і звяры адно аднаго ведаюць...
І як жа Яму ўдаецца ўсіх паяднаць і ўсіх прымірыць?..
Непрыкметна Ран заснуў. Снілася стаянка. Ён бачыў безабаронную Маю і побач, недалёка ад яе, высіўся Сын мядзведзя. Чамусьці ён трымаў у руцэ дубовую дубіну. Рану стала боязна, што Сын мядзведзя, парушыўшы закон роду, не паслухаўшыся ні старэйшыны, ні ягонай жонкі, сілаю забярэ Маю.
З гэтым пачуццём трывогі Ран і прачнуўся.
Сонца вісела над мокрымі задымленымі кустамі — у тым баку, дзе цякла Пры. Высокая густая трава з высахлымі сцяблінамі таксама была мокрай ад расы.
Пачыналася тая пара, калі днём на гэтых сцяблінах маленькія павучкі вывешвалі бязважкія белыя павуцінкі, а затым, трымаючыся за іх, падхопленыя мяккім ветрыкам, выпраўляліся ў свае вандроўкі. Ран ведаў, што хутка сцюдзёныя вятры пачнуць абрываць лісце на кустах і дрэвах, зверху пасыпяцца частыя кропелькі вады, і тады, прамытая імі Пры, нечакана стане празрыстай. У нізкім захмараным небе чародамі паляцяць у адзін і той жа бок птушкі, — першымі нябачна знікнуць імклівыя ластаўкі, за імі з шумам паляцяць шпакі і іншая драбяза, затым панясуцца шумлівыя гагатлівыя гусі, услед за імі пачнуць клініцца ў высокім небе буслы, лебедзі і апошнімі закурлыкаюць свае сумныя песні журавы: курлы-курлы, курлы-курлы... Мабыць, ім надта цяжка развітвацца з гэтым някідкім утульным краем, дзе яны маглі спакойна гадаваць сваіх дзетак... Дзень за днём вятры будуць станавіцца ўсё халаднейшымі, і тады ўжо, калі зямля закамянее, аднойчы ноччу, каб ніхто не бачыў, Той, які жыве наверсе, выпусціць белых мятлікаў. Паволі, па адным, яны будуць кружыць і кружыць у халаднаватым, вымытым паветры і ўсё ніяк не асмеляцца падаць на шэрую стылую зямлю, некаторыя нават і ўгору паспрабуюць падняцца...
А раніцай, калі людзі выйдуць з буданоў, яны ўбачаць новую зямлю. І дзеці, нацягнуўшы на ногі лапці з мяккімі цёплымі скурамі, тут жа выскачаць з будана, закрычаць, загалёкаюць, коўзаючыся па белых мятліках. І ніякай сілаю малых нельга будзе утрымаць ля буданоў, — панясуцца да Пры, дзе ля берага будзе блішчэць гладкі лёд. І ўслед за імі да ракі пасунуцца паляўнічыя з даўбешкамі, каб злавіць першую рыбіну.
Яны пачнуць ставіць петлі на сцежках, — цяпер ім стане лягчэй паляваць на звера, па слядах яго будзе лёгка высачыць.
А вечарам настылыя на холадзе паляўнічыя вернуцца да буданоў. Там Вая будзе смажыць на агні смачнае мяса. Утульна будзе паляўнічым ля агню, дзе яны змогуць сушыць скуры і лапці. Да іх стануць лашчыцца дзеці, і жанчыны ўвесь час будуць пільна пазіраць на сваіх абаронцаў. І тады, ля агню, людзі адчуюць салодкую нябачную еднасць, якую ўвесь час адчуваюць мурашы, пчолкі, назва якой — род. Зноўку і зноўку людзі зразумеюць, што без гэтага пачуцця еднасці ім ніколі, ні цяпер, ні ў будучым, не выжыць...
Але ўсё гэта будзе наперадзе. А цяпер?..
Нечакана ў лесе пачуўся незразумелы трэск. Нехта вялікі і дужы ламаў кусты. Яны трашчалі ўсё мацней і мацней. Ран, раскатурхаўшы сяброў, ускочыў на ногі і пачаў узірацца ў той бок, адкуль даносіўся трэск.
З ламачча высунулася агромністая галава, пакрытая бурай доўгай поўсцю. Вялізны гнуткі нос, які целяпаўся ля самай зямлі паміж пярэдніх ног, невялічкія лапчастыя вушы, якія ўвесь час варушыліся, агромністае, большае за зубра, тулава — усё было пакрыта поўсцю. Наперадзе з-пад носа выторкваліся загнутыя ўгору белыя біўні.