Выбрать главу

Гэта быў мамант.

Імгненне звер стаяў на ўскрайку лесу і вадзіў у паветры гнуткім носам. Ён нюхаў паветра. Нешта яго трывожыла. Затым, падняўшы ўгору гнуткі нос, мамант гучна-гучна затрубіў. «Рр-гру-ууу, рр-груууу!..» — разнеслася над ціхай травою. З бліжэйшага кустоўя выпырхнулі дзве дагэтуль нябачныя качкі. Лапочучы крыламі, яны зрабілі круг над ім і, угледзеўшы маманта, панесліся ў бок Пры. Пачулася, як за кустамі сарваліся з месца спалоханыя коні, якія пасвіліся побач усю ноч.

Зноўку рыкнуўшы, мамант выправіўся да дуба. На хаду ён памахваў доўгім носам.

Імгненні ўсё вырашалі. Ран ведаў, што адолець маманта яны не змогуць: гнуткім носам ён лёгка зламае дзіду, адной жа дубінаю яго не заб’еш. Уцякаць ад маманта... Ён хутка бегае, у гнуткай густой траве проста дагоніць іх і затопча тоўстымі нагамі.

Гледзячы на маманта, Ран зразумеў, чаму ён злы. На лбе між біўняў меўся белы шрам, не зарослы поўсцю. Гэта быў той мамант, на якога яны некалі, калі бацька быў жывы, рабілі вялікі загон.

Яны тады пагналі маманта ў балота. Крычалі, білі палкамі і дзідамі па дрэвах, — акружаны паляўнічымі, ён нетаропка бег да багны. Тады ўжо, калі ягоныя ногі пачалі вязнуць у чорнай мяккай твані, мамант зразумеў, што яго чакае наперадзе.

І ён гучна-чучна затрубіў. Ягоны роў рэхам азваўся ў лесе. На гэты роў аднекуль здаля адказаў ровам другі мамант.

«Хутчэй, хутчэй, — падганяў паляўнічых бацька, — зараз паявіцца другі мамант. Тады мы ўжо нічога не зробім».

Бацька падбег да маманта, які паспеў павярнуцца гнуткім носам да паляўнічых, вялікай дзідаю стукнуў звера ў чэрап і садраў са скуры бурую поўсць. Адтуль, з-пад поўсці, паказалася чырвоная кроў. Гнуткім носам мамант лёгенька, як былінку, абхапіў дрэўка дзіды і пераламаў яе.

«Дубіну. Дайце мне дубіну!» — закрычаў тады штомоцы бацька.

Ды было позна. За спінаю паляўнічых трашчала галлё, кусты — сюды бег другі мамант. Здавалася, пад ягонымі тоўстымі нагамі дрыжала зямля.

Не гледзячы на людзей, ён падбег да таго месца, дзе ў багне завяз першы звер. Паляўнічым нічога не заставалася, як спадзявацца, што мамант не выберацца з багны, і гэта іх выратуе.

Маманты абмяняліся рыкамі. А затым пачалося неверагоднае: звер, які прыбег, працягнуў нос таму, што быў у багне. Яны счапіліся гнуткімі насамі. Сагнуўшы пярэднія ногі, мамант пачаў памалу выбірацца з твані на сухі пагорак. Адчуваючы падтрымку, ён вылез з балота і пачаў атрэсваць з сябе гразь, якая з пырскамі паляцела ва ўсе бакі. Затым, памахваючы насамі, звяры нета­ропка пайшлі ў гушчар лесу. Паляўнічым нічога не заставалася, як вяртацца да стаянкі ні з чым.

Ран зразумеў, чаму гэты мамант так ненавідзіць людзей. Маманты помслівыя. Яны не толькі злыя, але і помслівыя.

— Хутчэй залазьце на дуб, — крыкнуў Ран сябрам. Галлё дуба вісела высока над зямлёю, таму Ран прыставіў да ствала дзіду, і сябры, трымаючыся і абапіраючыся аб яе дрэўка, ускараскаліся наверх, дзе пачыналіся тоўстыя галіны.

Усё рабілася хутка. Мамант, падбегшы да дуба, падняў угору доўгі нос, спрабуючы дастаць паляўнічых. Ён нават прыўзняўся, абапіраючыся на заднія ногі. Але цяпер, калі Ран быў на дрэве, ён, схапіўшы дзіду, магутным ударам стукнуў звера па паднятым угору носе. Паказалася кроў.

Ад нечаканага болю мамант апусціў нос да зямлі і зароў.

— Мала табе, мала, што цябе біў бацька... — закрычаў узбуджаны Ран. — Паспрабуй яшчэ раз падняць угору свой нос, паспрабуй!..

Але другі раз мамант угору нос не падымаў. Ад злосці ён стукнуў дуб магутнымі белымі біўнямі. Ад удараў дрэва задрыжала. Але яно было моцным.

Тады мамант пачаў хадзіць вакол дуба кругамі. Раз-пораз ён біў па ім біўнямі, спадзеючыся заваліць яго ці стрэсці паляўнічых на зямлю. Цяпер ён і не глядзеў на людзей.

Ран спусціўся на ніжэйшую галіну, узяўшы ў рукі дубіну, у той міг, калі мамант праходзіў пад ім, з усяе сілы ўдарыў ёю па чэрапе звера, — якраз у тым месцы, дзе быў белы шрам. Удар быў такі моцны, што мамант спыніўся і захістаўся. Здавалася, што ён вось-вось упадзе. Але звер выстаяў. Ачуняўшы ад удару, хістаючыся, ён паволі пабрыў па прымятай траве да гушчару лесу, адкуль нядаўна выйшаў.

Мамант зразумеў, што гэтыя слабыя істоты, якіх ён мог задушыць гнуткім носам, затаптаць тоўстымі нагамі, аказаліся дужэйшымі за яго, і цяпер, калі сустрэне іх на сцяжыне, ім трэба саступаць дарогу.

— Хутчэй злазім з дуба і ідзем адсюль, — скамандаваў Ран. — Пакуль ён не ачуняў, нам трэба як мага далей адысці ад дуба. Ён вернецца. Як толькі суцішыцца боль, звер абавязкова вернецца. Маманты помслівыя.