Прысеўшы на зямлю, паклаўшы на траву побач з сабою вострую дзіду, Ран чакаў, калі ж вепр кінецца на яго.
Рохнуўшы апошні раз, дзік панёсся на Рана. Калі ўжо, здавалася, адно імгненне, і вепр вострымі ікламі лёгка перакіне цераз спіну белую слабую двухногую істоту, Ран хутка падняў з травы схаваную дзіду і крэмневым канцом нацэліў яе пад лапатку звера, — туды, дзе было сэрца... Другі канец дзіды Ран уваткнуў у зямлю, бо ведаў — сам ніяк не здолее ўтрымаць дзіду, калі на яе наткнецца магутны вепр. З разбегу, нічога не ўцяміўшы, вепр наляцеў на крэмневы канец дзіды. Раз’юшаны, гатовы вось-вось разарваць на шматкі белую істоту, вепр нават прыўзняўся на заднія ногі і гэтым самым яшчэ глыбей загнаў у цела крэмневы канец дзіды. І толькі адчуўшы пякучы боль, які пранізаў цела, вепр пра ўсё здагадаўся, ды, як гэта часта бывае, здагадка ягоная была позняй... Ён заваліўся на бок і, спрабуючы вызваліцца ад пякучага болю, заторгаў нагамі...
— Біце яго... Біце па галаве! — закрычаў Ран сябрам.
Тыя падскочылі да вепра. Удары пасыпаліся на яго — дубінаю, каменнай сякерай.
Вяпрыха, угледзеўшы пабоішча, тут жа павярнулася і панеслася ўглыб балота. Следам за ёю шухнулі паласатыя вепручкі.
Ран выцягнуў дзіду з цела звера і зноўку ўваткнуў яе ў тое ж самае месца. Ад бывалых паляўнічых Ран ведаў, што вепр надта жывучы, здараліся выпадкі, калі, здавалася, забіты звер нечакана ўскокваў на ногі і, скалечыўшы паляўнічых, уцякаў ад іх.
Як і звычайна падчас палявання людзей прабіралі дрыжыкі, бо яны кожны міг адчувалі тую няўлоўную жахлівую мяжу, апынуўшыся за якой, не маглі вярнуцца назад...
Папрасіўшы ў вепра прабачэння за тое, што яны забілі яго, паляўнічыя пачалі рыхтавацца да вячэры.
Усяго вепра яны не маглі падняць і аднесці на сухое месца. Але заставацца ў балоце паляўнічыя таксама не маглі, — куслівыя камары ўжо цяпер з дзумканнем віліся над іх мокрымі ад поту целамі.
Сонца схавалася.
Узяўшы лепшыя і смачнейшыя кавалкі мяса, паляўнічыя пайшлі назад, на ўзвышша, дзе раслі сосны і елкі.
Яны не шкадавалі пакінутага мяса, — ведалі, што яно не прападзе. Ужо ноччу, бліскаючы белымі агністымі вачыма, да мяса прыбягуць згаладалыя ваўкі, якія тонкім нюхам учуюць спажыву. Следам за імі паявяцца рыжыя хітрыя лісіцы, якія, кружачы ля ваўкоў, будуць цярпліва чакаць пачастунку. Але ўсіх можа адагнаць мядзведзь, — валюхаючыся з задніх ног на пярэднія, ён, унюхаўшы салодкі пах свежага мяса, прыбяжыць здалёку і рашуча адгоніць ад ежы і ваўкоў, і лісіц. Толькі ён ніяк не зможа адагнаць ад спажывы мурашоў і казюрак, якім гэтаксама захочацца паласавацца. А раніцаю да белых костак з хрыплаватым карканнем злятуцца шэрыя вароны. Яны тут жа пачнуць выдзёўбваць кавалачкі мяса з костак і, падскокваючы, налятаючы адна на адну, будуць крыкліва сварыцца між сабою. І трашчотка-сарока заявіцца тут, — гаротніца, засакоча, зачачэкае, што спазнілася: «Чачэ-чачэ.... Чачэ-чачэ...»
І ўсе яны — і звяры, і птушкі, і мурашы — будуць удзячныя адважным паляўнічым за салодкую спажыву. Нічога тут, на зямлі, не знікала і не прападала, бо Той, які жыў наверсе і які назіраў за парадкам, пра ўсіх аднолькава клапаціўся і ўсіх пароўну апекаваў.
Яшчэ нядаўна чыстае неба, усеянае рэдкімі аблачынамі, цяпер усё больш і больш гусцела, наліваючыся сінечаю. Вось-вось павінны былі паказацца вочы Таго ўсемагутнага, які жыў наверсе. Унізе між дрэвамі было ўжо зусім змрочна, і таму Ран наважыўся вызваліць з палачак агонь, які, як і заўсёды, мог суцішыць, абагрэць, абсушыць і развесяліць людзей.
Пад высокай разлапістай елкаю было суха, як у будане. Тут паляўнічыя вырашылі начаваць.
Ран усё зрабіў, як вучыла Вая: цёр палачкі адна аб адну, асцярожна перадаваў жарынкам свой дух. Нарэшце агонь ухапіўся за сухі мох, пераскочыў на ігліцу і, паядаючы яе, адразу ж пачаў радасна патрэскваць: трэсь-трэсь, трэсь-трэсь...
Крэмневым скрабком паляўнічыя нарэзалі невялікія кавалачкі мяса і, насадзіўшы іх на бярозавыя пруткі, падсунулі агню новую спажыву. Агонь сквапна аблізваў мяса. Калі ж яно пачынала шыпець і сквірчэць, паляўнічыя хавалі яго ад агню.