Выбрать главу

Яны елі мяккае салодкае мяса і, як гэта часта бывае пасля перажытых прыгод, гучна смяяліся. Цяпер многае з таго, што нядаўна было жахлівым, здавалася смешным. І той жа мамант, які нядаўна ледзьве не раздушыў іх сваім гнуткім носам, цяпер быў смешны — чамусьці паляўнічых смяшыў кароткі валасаты хвост, яны часта ўспаміналі тыя імгненні, калі звер, падцяўшы яго, хістаючыся, ішоў ад іх да лесу. І той жа вепр здаваўся смешным, калі ні пра што не думаючы, у злосці сваёй спадзяваўся лёгка загубіць чалавека і зусім не заўважыў дзіды...

Кожны паляўнічы, калі весела смяяўся, адчуваў сябе ўладаром нечага. І не навакольнага свету, не ўладаром звяроў, — не, людзі цяпер уладарылі над нечым іншым, імі да канца не спазнаным і не асэнсаваным...

Удосталь насмяяўшыся, Му і Галу хутка заснулі. Ран пачаў глядзець у вочы Таго, які жыў наверсе.

Зусім сцямнела. Як часта бывае з людзьмі ў цемені, цела Рана поўнілася незразумелай сцішанасцю.

Кугукнула ўдалечыні нябачная сава. Асветлены агнём, блізка ля елкі матлянуў у паветры кажан, і дзіўна было, як мог ён у цемры ўсё бачыць. У траве ля елкі хтосьці з шамаценнем прабег.

Мо гэта быў вожык?

А мо — мыш уцякала ад задушлівай гадзюкі?

А мо гэта ён паявіўся, — выскачыў з любімага топкага балота і з шорганнем, ломячы вецце на кустах і дрэвах, прымчаўся і цяпер пільнымі круглымі чырвонымі вочкамі ўзіраўся, хто ж гэта асмеліўся паявіцца ля ягоных уладанняў? У цемры яго цяжка разгледзець, але Ран, як і людзі ўсяго роду, ведаў, які ён: сярэдняга росту, увесь пакрыты чорнай густой поўсцю, ён бегае па зямлі на тонкіх, як у казы, ножках, у яго ёсць калматы доўгі хвост, невялічкія, але затое чэпкія кіпцюрастыя пальцы на тонкіх ручках. Галава ягоная як у казы, з вострымі белымі рожкамі над вушкамі, а нос — як у вепра.

І ўсё ў яго да ладу: махаючы хвастом, ён можа падымацца над зямлёю і лётаць між сосен і елак. Сваімі капыткамі ён грукоча і палохае дзяцей. Вострымі рожкамі і хвастом ува сне казыча маладых дзяўчат, ад чаго яны ўскрыкваюць, саромеючыся ягоных брыдкіх настырных дамаганняў...

Ён і ад дарослых не адступаецца, — глухімі начамі кругамі водзіць чала­века па лесе ці па лузе і непрыкметна заводзіць няшчаснага ў свае ўладанні, адкуль чалавеку не выбрацца. Ён заўсёды паспявае і ўсюды, як тая Хлюндра, усоўвае свой вяпрачы нос: там пасварыць людзей, якія самі не ведаючы чаму, пачынаюць налівацца злосцю і крычаць адно аднаму крыўдныя словы; тут раскідае ў будане смецце, недзе схавае касцяную іголку, а дзесьці ні з таго ні з сяго падставіць старому чалавеку сваю ножку, і той, спатыкнуўшыся аб яе, падае і калечыцца. Начамі ў лесе ён надта любіць екатаць і рагатаць, а ў чалавека, які пачуе тыя екатанні, на целе паяўляюцца дрыжыкі і ляскочуць зубы.

Ён і днём гойсае між людзей. Але днём ён нябачны, хаця ўсе людзі добра ведаюць, што ён ёсць, і таму асцерагаюцца яго, часта кажуць: «Ідзі, што ты да мяне чэпішся? Ідзі ў сваё балота... »

Але ж — такая натура — у балоце яму сумна і адзінока, таму адзін, а калі з кодлай гэткіх жа, як і сам, ён неадчэпна ідзе за людзьмі. Нябачны, ён нашэптвае ім на вуха, каб яны нікога не слухаліся, каб кожны жыў сваім розумам. Даводзіць, што кожны сабе гаспадар, і ніхто над чалавекам уладарыць не смее, і таму, ні пра што не думаючы, трэба найперш займацца салодкімі гулі-вулямі... І калі чалавек прыслухоўваецца да ягоных салодкіх нашэптванняў, калі перастае адганяць яго ад сябе, то ён тут як тут — коле яго рожкамі ў рэбры і цяпер ужо нашмат мацней і смялей шэпча ў самае вушка ласкавыя слоўцы: «Пойдзем, пойдзем на гулі-вулі, бо жыццё, як дым, кароткае...» Развесіўшы вушы, чалавек не бачыць і не чуе, як жа і калі ён ускоквае на яго і вядзе на тыя гулі-вулі.

А на гулях-вулях «гулівудзіць» хеўра, на якую ягонае кодла даўно ўселася. І яна якоча і крыўляецца, і не разабраць, хто ж перад табою выпендрываецца — жанчына ці мужчына ў жаночым абліччы. Тая хеўра выдурняецца перад людцамі. Ёй усё смешненька, над усім і ўсімі яна хі-хі ды ха-ха, пасмейваецца над быццём і небыццём. Яна нікому не дае спуску — ні скалечанаму нямогламу чалавеку, ні праведніку, і заўсёды радая свежаму чалавеку, крычыць, ад шчасця заліваецца: «Хутчэй валі да нас, мы цябе даўно чакаем. У нас усё можна, так што давай гулівудзіць разам... »

І чалавек, на ўсё забыўшыся, аддаецца ў чэпкія кіпцюрастыя лапкі ягонаму кодлу. А яно носіць, водзіць і поіць няшчаснага — «гулівудзіць» пачынае чалавек...