Цела сваё Ран перастаў адчуваць; як гэта часта бывае ў снах, ён поўніўся аднымі адчуваннямі. Цяпер у яго з’явілася адчуванне, што стаў ён бязважкім і пульсуючым, і адносіла яго немаведама якой сілаю далёка-далёка ад звыклага вядомага свету. Нібы на Той свет адносіла яго і ўжо адтуль, з далечы недасяжнай, ён пачынаў са здзіўленнем глядзець на ўсё, што яму адкрывалася і чаго дагэтуль ніколі не бачыў.
Нешта падобнае Ран адчуваў у маленстве, калі, застудзіўшыся на холадзе, палаючы ад гарачкі, ён у трызненні кідаўся на мядзведжай скуры і адчуваў, як невядомая сіла насіла яго ў чорнай бездані, падымаючы над мядзведжай скураю, над буданом, над усёй зямлёю — то агромністым пульсуючым шарам, то малюпасенькай кропелькаю.
Але гэта было ў маленстве. Цяпер жа Ран не быў хворы, але між тым, як і калісьці, ён адчуваў сябе пульсуючай кропелькаю, якая насілася ў чорнай бездані.
І вось бачыў Ран, як аддаляўся ён ад зямлі і як яна мянялася, — станавілася выпуклаю і круглаю, бы агромністая-агромністая кропля пералівалася ў святле Сонца. І гэтая кропля, ахутаная воблакамі, усё аддалялася і аддалялася ад яго. І Сонца, напачатку вогненнае і сляпучае, пачало аддаляцца і змяншацца, — круглае, задымленае, яно пыхкала гарачымі даўжэзнымі языкамі... І тут Ран нечакана ўбачыў, што вакол Сонца кружаць гэткія ж, як і зямля, задымленыя шары...
Дзіўна, усё было дзіўна!
І ніякай цемры не было, усё вакол стала светлым ад бляску бясконцых вачэй Таго ўсемагутнага.
Далей і хутчэй панесла Рана невядомая сіла ад звыклых мясцін. Сонца зменшылася, сталі зусім маленечкімі шары, што кружылі вакол яго; асветленыя цяпер ім невялічкім і негарачым, яны блішчэлі халодным белым святлом і нагадвалі вочы Таго ўсемагутнага. А потым Ран убачыў, што вочы Таго ўсемагутнага пачалі злівацца ў суцэльныя плямы, згушчаліся.
Бачыў ён, што бясконцыя вочы Таго ўсемагутнага раскіданы ў пэўным парадку, — то бліжэй між сабою, то далей... Нечакана Ран здагадаўся, што яны ствараюць нейкія знаёмыя лініі.
І яшчэ далей у бездань апраметную адносіла Рана немаведамая сіла, і там, як на Тым свеце, ён пачаў упэўнівацца, што вочы Таго ўсемагутнага нагадваюць ліст. ...Кляновы ліст, у якім выразна бачыліся пражылкі, злепленыя з блісчастых ліній-вачэй, з маленькімі ледзь бачнымі кропелькамі-вочкамі на яго гнуткіх краях. І яшчэ адзін ліст убачыў Ран, і яшчэ...
Далей аднесла хлопца немаведамая сіла.
І тады ён угледзеў, што гэтыя бліскучыя кляновыя лісты знаходзяцца на агромністым дрэве, якое ўсё выразней і выразней вымалёўвалася ў бяздоннай чарнечы. Як быццам Той усемагутны, які жыў наверсе, і быў гэтым дрэвам, запоўненым бясконцымі бліскучымі вачыма: з доўгімі каранямі, апушчанымі ў бясконцую і жахлівую чарнечу, з пышнай галіністай кронаю, дзе вымалёўвалася лісце. На тым дрэве сярод лісця ўгледзеў Ран згушчэнні вачэй Таго ўсемагутнага, — яны былі раскіданы паўсюль у агромністай кроне, тыя згушчэнні ўвесь час віравалі, як віруе вада ў Пры, пераліваліся яркімі вясёлкавымі фарбамі, нагадвалі кветкі, якія то распускаліся, то згортваліся...
Як гэта часта бывае ў снах, Ран чамусьці ведаў, што з тых карэнняў, апушчаных у чарнечу, па ствале дрэва да лісця і кветак увесь час струменіць штосьці нябачнае, але жывое і гаючае, як сок у дрэвах. Толькі тое жывое і гаючае не было сокам, а чымсьці іншым, назвы чаму Ран не ведаў, ведаў толькі, што яно нябачнае жывое і гаючае ўвесь час жывіла лісце на дрэве, кветкі, само карэністае дрэва...
Бачыў Ран, як час ад часу з дрэва ападалі асобныя лісты. Яны, пакалыхваючыся, з агністым бляскам апускаліся ўсё ніжэй і ніжэй да каранёў і там, на зямлі, распадаліся, знікалі ў загадкавай чарнечы. Гэтаксама, як і лісты, падалі ўніз кветкі, распырскваючы вакол сябе каляровае ззянне.
Як яны распадаліся, куды бясследна знікалі загадкавыя бліскучыя вочы Таго ўсемагутнага?..
А ў гэты ж час на дрэве паяўляліся новыя лісты, распускаліся новыя кветкі...
І само квяцістае дрэва, і лісце, што ўвесь час варушылася пад нябачнымі вятрамі, і кветкі — было такім агромністым і бяздонна-прыгожым, што Рану захацелася закрычаць ад радасці і захаплення, як гэта часта бывае з чалавекам, калі ён страчаецца з нечым надта ўражлівым і прыгожым. Гледзячы на дрэва, Ран пачуў мелодыю, — яна гучала паўсюль, хвалямі пранізвала яго. І ён чамусьці ведаў, што зыходзіць гэта мелодыя адтуль, ад дрэва, ад бясконцых вачэй Таго ўсемагутнага.
...Быццам род Рана сядзеў ля начнога вогнішча і напяваў штосьці, — розныя галасы пачуў Ран — і прыглушаныя глухаватыя мужчынскія, і званчэйшыя жаночыя, і нават дзіцячыя — і ўсе яны былі напоўнены і смуткам і радасцю, спалучаліся ў дзіўную нячутую прыгожую рытмічную мелодыю, ад якой Рану хацелася плакаць і плакаць. Ён быццам бы страціў штосьці надта дарагое, гэткае дарагое, як Мая, і вось толькі цяпер, пачуўшы дзіўную мелодыю, зразумеў, што страціў... [5]