Паляўнічым не верылася, што могуць быць такія дзівосы. Тады Індар паказваў на жахлівыя шрамы на сваім твары і целе — то былі драпіны вялізнай паласатай кошкі, якая палявала як на звера, так і на чалавека, гэтая кошка загубіла жонку Індара, яна і яго ледзьве не пазбавіла жыцця. І яшчэ Індар гаварыў, што Пры бяжыць да той вялікай-вялікай горкай вады, яны і змаглі дабрацца сюды, бо ўвесь час ішлі берагам ракі.
Мабыць, Індар казаў праўду, бо на шыях новых знаёмых на тонкіх жылах былі падвязаныя зубы і кіпцюры звяроў і птушак, якіх Ран і яго сябры ніколі не бачылі. Толькі ў Індара не было на шыі ні кіпцюроў, ні зубоў, замест іх на грудзях у яго матляўся лёгенькі скураны мяшэчак, і ў ім ён трымаў штосьці надта яму дарагое.
Але настаў дзень, калі Рану трэба было ісці далей, — да белай гары, дзе знаходзіўся крэмень. Слухаючы Рана, Індар заківаў галавою: так-так, ім таксама патрэбен гэты крэмень і, калі Ран згодзен, яны таксама пойдуць па крэмень, бо іх лёгкія дзіды з ім на канцы часта губляюцца ў густой траве. А іх трэба шмат.
Раніцаю Ран і Індар, акружаныя вялікай групаю паляўнічых, выправіліся да высокай белай гары.
Яшчэ на стаянцы, калі з берага Пры паляўнічыя глядзелі на яе, ім здавалася, што гара недалёка, у чыстым празрыстым паветры яна вытыркалася над травамі і дрэвамі невысокім белым пагоркам і думалася — трэба толькі мінаваць бліжэйшую траву, бліжэйшы куст і вось яна, белая гара... Але потым, калі паляўнічыя прабіраліся па густой высокай, вышэйшай за чалавека, траве, калі мінавалі бясконцыя кусты і дрэвы, бачылі, што гара ўсё гэткая ж, як і дагэтуль, недасяжная, адзінае, што мянялася — яна павялічвалася, як бы вырастала ўгору.
Ісці было цяжка... Асабліва цяжка было першаму чалавеку, які пракладаў сцяжыну, таму падарожнікі па чарзе выходзілі наперад. Лягчэй станавілася, калі траплялі на сцяжыны, пратаптаныя звярамі. Але ісці сцежкамі было небяспечна, — у любы міг перад людзьмі мог паявіцца статак драпежнікаў...
Надвячоркам, калі гара закрыла Сонца, а наперадзе перад стомленымі падарожнікамі дыбілася белая зямля, яны спыніліся.
Начаваць вырашылі ля падножжа гары, каб назаўтра з самага ранку пачаць здабываць крэмень. Перад тым, як укладвацца на начлег, Ран, як вопытны здабытчык крэменю, наказаў паляўнічым, каб яны з лазовага лыка сплялі доўгія моцныя вяроўкі. І яшчэ ён сказаў сплесці вялікі лазовы кошык, у які можна класці крэмень. Му і Галу, як і інды, не ведалі, як будуць здабываць крэмень, мо таму моўчкі паслухмяна рабілі ўсё, што ім гаварыў Ран.
Калі з-за лесу паказалася Сонца, людзі падняліся на гару. Тут са здзіўленнем яны ўбачылі глыбокія і шырокія норы, якія апускаліся ўглыб зямлі. Па ўсім было бачна, што норы гэтыя былі вырыты не звярамі, а людзьмі. У адну з такіх нор, трымаючыся за лыкавую вяроўку, апусціўся Ран. З сабою ён узяў лазовы кошык і вялікі шырокі крэмневы скрабок.
На дне ямы Ран пачаў капаць скрабком зямлю і ў ёй — дзіўна! — знаходзіць крэмень [8]. Крэмень быў розны, трапляліся вялікія кавалкі, з якіх можна было рабіць сякеру, былі і меншыя, прыгодныя для дзідаў, скрабкоў, а таксама для маленькіх вострых дзідаў, якімі карысталіся інды. Назбіраўшы кошык крэменю, Ран крыкнуў з глыбокага падзямелля, каб людзі цягнулі кошык наверх. Апроч крэменю з нораў трэба было выцягваць белую зямлю, у якой нічога не было...
Белая зямля дымілася, пяршыла ў горле, закладала дыханне. Паяўляўся няпрошаны кашаль...
Калі Ран знямогся, ён папрасіў, каб яго выцягнулі наверх. Замест яго ў глыбокую нару апусціўся вёрткі Му. Але і ён надта доўга не мог вытрымаць белага ліпкага дыму. Мяняючыся, людзі апускаліся ў нару і паціху здабывалі і здабывалі дарагі крэмень.
Пад вечар стомленыя, вымазаныя з галавы да пят белай зямлёю, паляўнічыя сядзелі ля груды крэменю. Каб не несці лішні камень, яны збольшага з буйных кавалкаў адбівалі лёгкія адшчэпы, з якіх атрымліваліся скрабкі, наканечнікі для дзідаў, нават сякеры розных памераў. Усе разумелі, што там, на стаянцы, яны будуць доўгі час апрацоўваць гэты крэмень.