Выбрать главу

Затрымлівацца тут доўга паляўнічым нельга было, бо ў любы момант сюды маглі прыйсці іншыя людзі, якім гэтаксама патрэбен крэмень, і невядо­ма, колькі іх магло быць, і якія яны мелі намеры...

Потым Ран сказаў паляўнічым, каб яны высеклі сякерамі тонкія доўгія лёгкія палкі. Тыя палкі людзі пераплялі ўсярэдзіне лазовымі лыкамі. На лыкі палажылі крэмень. Двое паляўнічых, трымаючыся за канцы палак, маглі несці шмат здабытага каменю.

Напачатку цяжару крэменю паляўнічыя не адчувалі. Але хутка яны пачалі стамляцца.

Калі белая гара паменшылася і засталася далёка за іх спінамі, толькі тады яны вырашылі зрабіць адпачынак. Цяпер ім ужо не трэба было баяцца сутычкі з чужымі незнаёмымі людзьмі.

Узяўшы сагнутыя палкі і лёгенькія дзіды — Ран ужо ведаў, што гэты сагнутыя палкі называюцца лукамі, а лёгкія дзіды — стрэламі — Індар са сваімі паляўнічымі накіраваўся ў густыя кусты, каб упаляваць птушку. Ран з сябрамі тым часам пачаў вызваляць агонь з крэменю.

Хутка ля чырвонага агню было шумна і весела, — людзі радаваліся не столькі вячэры, як неспадзяванаму знаёмству. Але яно магло закончыцца смяртэльнай бойкаю, калі б Той, які жыў наверсе, зрабіў так, каб яе не было. І зрабіў ён гэта толькі таму, што, — як разумелі людзі — яны не парушалі законаў Таго, які жыў наверсе.

Потым, калі ўсе паклаліся спаць, загорнутыя міготкімі вачыма Таго, які жыў наверсе, Ран, ведаючы, што гэты вечар можа быць апошнім перад развітаннем з індамі, пачаў асцярожна распытваць Індара пра тое, што яго трывожыла і не давала спакою.

— Індар, — спытаў Ран, — адкуль вы паявіліся? Вы, мабыць, некалі ў далёкіх лясах жылі на дрэвах і бегалі па зямлі на руках і нагах, як сёння бегаюць многія звяры?..

Індар маўчаў. Ён нешта адбумваў. Ён, мабыць, вагаўся — гаварыць ці не гаварыць Рану штосьці надта важнае, чаго дагэтуль не гаварыў.

Нарэшце Індар асцярожным і ціхімі словамі сказаў:

— Тыя звяры, надта падобныя на людзей, і цяпер жывуць на дрэвах. Яны і цяпер бегаюць па зямлі на руках і нагах. Яны так бегалі, бегаюць і будуць бегаць...[9]

— Тады адкуль жа вы паявіліся? — перапытаў Ран.

— Адтуль, — Індар кіўнуў галавою ўгору. Як упершыню ў жыцці, Ран зірнуў угору. Ён убачыў мноства вачэй Таго ўсемагутнага, які азіраў свае уладанні. Тыя вочы былі рознымі, — і буйныя, і ледзь бачныя: адны гарэлі роўным белым святлом, другія пераліваліся халаднаватым бліскучым ззяннем... Яны былі раскіданы якраз над галовамі паляўнічых, яны ахіналі іх з усіх бакоў, і што б людзі ні рабілі, куды б ні пайшлі, але гэтыя вочы следавалі за імі...

Ран тут жа ўспомніў дзіўны ўражлівы сон-трызненне, пра які не забываў усе апошнія дні. І ведаў цяпер тое, чаго не ведаў Індар. Таму Ран сказаў:

— Але ж там нічога няма. Там усё не так, як нам думаецца, Там усё іначай... Там цемры няма. Там галасы гучаць, там мелодыя гучыць, ад якой плакаць хочацца...

— Чаму так гаворыш? — чамусьці, чым болей яны гаварылі, тым цішэй. Так было, мабыць, таму што адчувалі — вось-вось спазнаюць штосьці надта важнае для абодвух — тое, без чаго цяжка жыць.

Бо, мабыць, людзі і пачалі звацца людзьмі, калі пачалі цікавіцца, хто яны і адкуль яны?..

— Ведаю, — ціха варухнуў вуснамі Ран. —Я быў там...

І Ран зноўку кіўнуў галавою ўгору, дзе бесперастанку мігцелі вочы ўсемагутнага.

— Глядзі, — прашаптаў Індар і зняў з шыі скураны мяшэчак. Ён асця­рожна развязаў яго і выняў дзіўную бліскучую птушку. Яна ззяла, як агонь. У птушкі меліся шчыльна прыціснутыя да тулава крылы, але дзюбы не было. І хвост у птушкі быў дзіўны,— загнуты вострым канцом угору. Такой птушкі Ран ніколі не бачыў. Яна гэтак ярка пералівалася чырвона-жоўтымі плямамі, што яе было боязна ўзяць у рукі [10].

— Нашы продкі лёталі ў гэтай птушцы. Яны падымаліся вышэй тых гор, на якіх заўсёды ляжаць белыя мятлікі, яны зверху ўсё-ўсе бачылі.. Яны бачылі, што за вялікай-вялікай горкай вадою ёсць зямля і на ёй жывуць людзі гэткія ж, як і мы

— Што ж здарылася? — шаптаў ледзь чутна Ран.

— Нашы продкі пачалі мерацца сілаю з Тым, які жыве наверсе. Яны захацелі, каб Той, які жыве наверсе, служыў ім... Яны пачалі парушаць законы Таго, які жыве наверсе... [11]

Індар замоўк. І цяпер Ран зразумеў — болей Індар нічога не скажа і не растлумачыць...

Калі паляўнічыя падышлі да стаянкі індаў, першай выбегла ім насустрач тая чарнявенькая маладая дзяўчына, якая некалі вучыла Му вызваляць агонь з каменьчыкаў.