Выбрать главу

Дзіўна, як хутка і лёгка сыходзяцца маладыя людзі! І Му, і тая дзяўчына, цяпер ужо не саромеючыся свайго шчасця, тут жа сплялі рукі. Вочы іх радасна блішчэлі. Пакуль Ран вучыўся кідаць з лука маленькія дзіды і ляпіць моцныя збанкі, Му і дзяўчына таксама не марнавалі часу, таксама многаму вучыліся, і ў лесе днямі чуўся іх вясёлы радасны смех.

І зноў быў вечар. І была ноч развітання. Была агульная вячэра. І чамусьці — смуткавалі людзі, як звычайна яны смуткуюць падчас развітання.

Ран думаў пра доўгі шлях да свайго роду. Крэмень сваім цяжарам абрываў рукі нават тады, калі двое людзей неслі яго на доўгіх палках. Але і пакідаць надта патрэбны роду крэмень ён не мог... Седзячы ля агню, Ран успамінаў тыя сцяжыны, па якіх ён ішоў сюды, па якіх яму цяпер трэба было вяртацца. Ён засумаваў не толькі па Маі. Ён засумаваў па сваім родзе, па тых людзях, якіх ведаў з маленства. Ён нават па Хлюндры засумаваў — разумеў, што без яе ляманту і бесталковасці людзям будзе сумна жыць. Цяпер ён неяк іначай думаў пра тую ж няшчасную Хлюндру... Сваімі парадамі і павучаннямі яна як магла і ўмела імкнулася памагчы людзям. І ці вінавата яна ў тым, што яе намаганні часта былі марнымі? І той жа Сын мядзведзя быў няшчасны, бо аднойчы паверыў, што сілаю можна ўсяго дабіцца, нават шчасця...

Ён, Ран, пачынаў шкадаваць не толькі скалечаную Ваю, не толькі Хлюндру, але і ўсіх людзей роду...

...Жальба апусціцца да чалавека і пачне шкадаваць яго. Толькі цяпер чала­век здагадаецца, каму жаліцца. Мо таму яшчэ болей у яго, адзінокага, пачнуць ліцца слёзы, і ўсё шаптаць ён будзе, спавядацца перад Жальбою будзе. І ў рэшце рэшт чалавек разумець пачне, што радасць і шчасце ён не там і не ў тым шукаў, пачне разумець, што яна, Жальба, усіх яднае і ўсіх супакойвае. І тады яму стане шкада не сябе, не свайго страчанага шчасця, а ўсіх адзінокіх людзей. Пачуццё шкадобы пачне саграваць ягонае закамянелае цела, і тады ўжо без пелькі перад вачыма зусім па-новаму пачне глядзець выплаканы чалавек на новы свет.

...Раніцаю Індар, разбудзіўшы Рана, павеў яго да абрывістага берага Пры. Яшчэ туман віўся ля кустоў і сосен, слаіўся над травою, і Сонца толькі-толькі падымалася з-за лесу. Над паверхняю ракі ўсё яшчэ вісела суцэльная сівізна. Але першы ранішні ветрык памалу пачынаў зносіць туман на далёкія заліўныя лугі, — ашмоццем яго сцягвала з паверхні Пры і несла над прыцішанай травою да зарэчных зялёных кустоў і яшчэ далей, дзе туман закрываў не толькі кусты, а і край небасхілу.

Гледзячы з абрыву ўніз, Ран нечакана ўбачыў на вадзе сплеценыя лазовымі лыкамі ствалы дрэў. То былі плыты. Мабыць, на гэтых плытах інды і прыплылі сюды. На адзін з плытоў жанчыны ўкладвалі ежу, моцныя гліняныя абпаленыя на агні збанкі, лукі з дзідамі, крэмень яны паклалі на разасланыя тоўстыя скуры — усё яны ўладкоўвалі, без чаго паляўнічыя не маглі абысціся.

Моўчкі Ран і Індар стаялі на высокім беразе Пры. Зірнуўшы на плыты, якія пагойдваліся на вадзе, на жанчын, Ран нечакана адчуў незразумелае хваляванне, — аж задрыжалі вусны. Ён, нічога не сказаўшы, абняў Індара за плечы і ўсё ніяк не мог стрымаць няпрошанае трымценне.

Гледзячы звысоку на наваколле, — на цяпер маленькую, з кулачок, белую гару, дзе яны нядаўна здабывалі крэмень, на задымленыя туманам заліўныя лугі, усеяныя кустамі, на нізкаватае неба, пад хмарамі якога днём чародзіліся птушкі, Ран усё думаў пра штосьці, што трэба было спасцігнуць. Усё, што перажыў ён за апошнія дні, было надта важным, і хацелася яму паяднаць у сабе перажытае ў штосьці адзінае, суцэльнае. І птушкі, і звяры, і дрэвы, і Пры, і той жа дзіўны сон-трызненне, і бліскучая птушка, паказаная Індарам — усё штосьці нагадвала, напамінала.

Што?..

Што яму трэба было спасцігнуць?..

I раптам Ран усё зразумеў. Ад сваёй здагадкі ён аж ўздрыгнуў. Ён зірнуў Індару ў вочы і ціха шапнуў:

— А яна — жывая...

Індар імгненна ўсё зразумеў. Ён кіўнуў згодна галавою: так-так, яна — жывая...

Яны глянулі пад ногі, дзе бялеў пясок, дзе зелянела трава, на дрэвы, дзе пад слабым ветрам варушылася лісце, на малінавы агромністы дыск, што высіўся над вяршынямі сосен, на чорную спіну Пры, з паверхні якой зносіла апошняе ашмоцце туману — усё нечакана, што бачылі, стала іншым. Новае дагэтуль нязнанае пачуццё напаўняла іх. Яны глядзелі на воблакі, што несліся адно за адным і — вусцішна ім станавілася ад гэтага новага пачуцця... Усё стала зразумелым, — чаму ўсе яны, і травы, і звяры, і птушкі — чаму яны так добра ведаюць адно аднаго...

Бо яна — жывая, і ўсіх яна яднае і ўсіх даглядае...

— Яна — жывая, жывая... — усё паўтараў і паўтараў Ран. I, чым часцей паўтараў: «Жывая», — тым больш мацнела ў ім новае нязнанае дагэтуль пачуццё еднасці з усім, што яго акружала. I трывожна станавілася час ад часу — а раптам, раптам ён страціць гэтае пачуццё, без якога яму цяпер нельга жыць, як нельга жыць без пачуцця роду [12].