Магутная Пры лёгка адарвала плыт ад берага і пачала выносіць яго на сярэдзіну цячэння, — туды, дзе з абодвух бакоў бачыліся сплеценыя густыя кусты, за якімі пачыналіся лясы, лугі, нізкія балацявіны... Азірнуўшыся назад, Ран бачыў, што на высокім беразе Пры стаяць людзі і махаюць рукамі. Здалеку-здалёку ён пачуў, як штосьці гучна крыкнула заплаканая чарнявенькая дзяўчына, — мабыць, яна хацела сказаць напаследак Му нешта недагаворанае і надта важнае — тое, што вечна трывожыць закаханых.
Пачуўшы той далёкі голас, Му ўздрыгнуў і ўпіўся нерухомымі вачыма туды, дзе стаялі цяпер маленькія, ледзь бачныя людзі. Зірнуўшы на Му, Ран зразумеў, што ніякай сілаю ніхто не ўтрымае таго ў родзе, — хутка ён знікне і зноўку паявіцца на тым высокім беразе, дзе яго чакаюць заплаканыя чорныя вочы.
Заўвагі аўтара
1. Спецыялісты па неаліце падчас археалагічных даследаванняў знайшлі шкілеты краманьёнскага чалавека са слядамі ўдала зробленай чэрапна-мазгавой аперацыі. Пасля такой аперацыі краманьёнцы жылі доўгія гады. Сучасным нейрахірургам не заўсёды ўдаецца дабіцца станоўчых вынікаў пры падобных аперацыях.
2. З археалагічных знаходак. У адным з неандэртальскіх паселішчаў знойдзена флейта, вырабленая з галёнкі мядзведзя. Яна па строі не адрозніваецца ад звычайнай флейты (танальнасць сі-бемоль). (F. Ivanhoe. Nature. Augest 8.1970).
3. Паходжанне чалавека ад малпы — тэма асобнага даследавання.
Пітэкантрап (яванскі чалавек), косці якога ў 1891 годзе на востраве Ява знайшоў галандскі доктар Эжэн Дзюбуа. Што ж ён знайшоў? Вядомую нам са школьных падручнікаў чалавечую галёначную костку і чарапную каробку, падобную на малпавую. Адзначым, што галёначная костка ляжала ў пятнаццаці метрах ад чэрапа. У 1895 годзе, вывучыўшы знойдзенную Дзубуа чарапную каробку, аўтарытэт у вобласці параўнальнай і паталагічнай анатоміі Р. Віхроў заявіў, указаўшы на глыбіню швоў чэрапа, што гэта чэрап жывёліны, хутчэй за ўсё гігінцкага гібона, а галёначная костка ніякіх адносін да яго не мае. Толькі ў 1920 годзе высветлілася, што разам з так званым пітэкантрапам Дзюбуа знайшоў яшчэ два чалавечыя чэрапы і галёначныя косткі.
Эоантрап (пілтдаунскі чалавек), знойдзены археолагам-аматарам у 1912 годзе. Грамадскасць атрымала доўгачаканую сенсацыю — шчэлепы ў чэрапе былі як у сучасных арангутанаў, але паверхня зубоў больш плоская, як у чалавека. Хутка астанкі былі схаваны ў Брытанскім музеі, а даследчыкам выдаваліся толькі гіпсавыя копіі, па іх сотні спецыялістаў пісалі дысертацыі пра тое, як адбываліся працэсы ператварэння малпы ў чалавека і чаму спачатку развіваўся чалавечы мозг, а потым усё астатняе. I толькі ў 1953 годзе косткі ўдалося дастаць са сховішча і зрабіць хімічны аналіз. Вынік — звыклы свету эоантрап аказаўся падробкай! Чэрап сапраўды быў старажытны, шчэлепы — амаль сучасныя, былі яны не надта закамянелымі шчэлепамі арангутана, падфарбаваныя спецыяльным хімічным рэчывам. Для прыдання зубам малпы чалавечай формы, іх падпілілі.
Гесперапітэк (небраскі чалавек). У 1992 годзе у штаце Небраска археолагі знайшлі акамянелы зуб. Форма ягоная была такой, што ён не мог належаць ні чалавеку, ні малпе. Быў зроблены вывад: гэта зуб малпачалавека! Тут жа ў буйнейшых часопісах надрукавалі «ўзноўлены» (па адным зубе!) жывапісны выраз продка. Праз пяць гадоў удалося знайсці і поўны шкілет істоты з такім зубам: ім аказалася дзікая свіння, якая і цяпер цудоўна пражывае ў Парагваі.
Сінантрап (пекінскі чалавек). У 1929 годзе ў пячоры недалёка ад Пекіна археолагі знайшлі шкілеты жывёлін і чэрапы малпавага тыпу. Сінантрап аказаўся малпай, забітай людзьмі.
Рамапітэк. У 1934 годзе каля Дэлі знайшлі два дзясяткі зубоў і некалькі кавалачкаў шчэлепаў. У сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя былі знойдзены больш поўныя астанкі шчэлепаў рамапітэка, яны амаль нічым не адрозніваліся ад шчэлепаў сучаснага арангутана.
Можна лічыць, што гесперапітэк, сінантрап, пітэкантрап, ад якіх як быццам бы паходзіць сучасны чалавек — памылкі вучоных, эоантрап, як мы бачылі вышэй — падробка...
Неандэрталец... Ён лічыцца недачалавекам. Аднак па аб’ёме мозга ён амаль нічым не адрозніваецца ад сучаснага чалавека. Мікраскапічныя даследаванні рэбраў быка, знойдзеныя на месцы стаянкі неандэртальцаў, пакрытыя разьбою ў выглядзе сімвалаў, сведчаць, што неандэрталец, верагодней за ўсё, меў даволі высокі інтэлектуальны узровень.