Выбрать главу

Пакуль няма ніводнага доказнага і адназначнага факта, які сведчыў бы пра існаванне нейкага пераходнага віду паміж малпай і чалавекам.

Генетыкі даказалі, што геномы (індывідуальныя комплексы генаў) двух людзей з розных канцоў свету адрозніваюцца нашмат менш, чым у дзвюх гарыл з аднаго лесу.

Даследаванні будовы Y-храмасомы чалавека паказалі, што ва ўсіх людзей верагодна быў адзін продак па мужчынскай лініі. У выніку вывучэння мітахондрый высветлілася, што ўсе мы маглі паявіцца ад адной жанчыны. Хоць генетыкі пакуль не могуць сказаць, ці жылі «адкрытыя» продкі адначасова, вучоныя назвалі іх Адамам і Евай...

4. Як пабудаваны сусвет?

На працягу чалавечай гісторыі (гісторый?) светапогляд чалавека мяняўся і будзе мяняцца. Па гэтай жа прычыне сусвет у чалавечым успрыманні на розным гістарычным адрэзку бачыцца па-рознаму. Праз пэўны час сённяшнія ўяўленні пра сусвет нашым нашчадкам пакажуцца дзіўнымі, а то і смешнымі, як многім сённяшнім адукаваным людзям дзіўнымі і смешнымі здаюцца ўяўленні першабытных людзей пра навакольны свет, а значыць, і пра сусвет...

У сучаснай навуцы самай папулярнай лічыцца мадэль пульсуючага сусвету. Яе сутнасць — пад уздзеяннем сіл прыцяжэння рэчыва будзе моцна сціскацца. Нарэшце адбудзецца Вялікі Выбух, і сусвет зноў пачне расшырацца, утвараючы галактыкі, зорныя сістэмы і планеты. Астрафізіку Хокінгу ўдалося скласці формулы, якімі тлумачацца паводзіны такой мадэлі сусвету. Але ўся грандыёзная тэорыя Вялікага Выбуху — фантазія на тэму: «Як бы развіваўся сусвет, калі б ён існаваў заўсёды».

Навуковыя адкрыцці апошніх гадоў прымушаюць усур’ёз сумнявацца як у існаванні чорных дзірак, так і Вялікага Выбуху (Н. Н. Попов. Новые представления о структуре про­странства-времени и проблема геометризации материи. М.: Издательство научной и учебной литературы УРСС. 2002).

Для апісання чорных дзірак выкарыстоўваецца метрыка Шварцшыльда. Пры ўмове, калі Сонца будзе мець радыус 8 км, паявіцца бясконцае ўзрастанне сілы гравітацыйнага прыцягнення. Такія аб’екты становяцца чорнымі дзіркамі, нават святло з іх не можа выйсці. Так званая сфера Шварцшыльда становіцца «гарызонтам падзей». Аб’ект, які трапляе ў чорную дзірку, перасякаючы гарызонт падзей, правальваецца ў «іншы свет» — ніхто ніколі пра гэты аб’ект нічога не будзе ведаць. Чорныя дзіркі маюць яшчэ парадаксальныя ўласцівасці, разабрацца ў якіх не могуць і самі «астрафізікі-чарнадзірачнікі»...

Апошнія даследаванні паказалі, што метрыка Шварцшыльда — прыватны выпадак больш агульнай метрыкі. На малых адлегласцях радыуса Шварцшыльда трэба карыстацца новай метрыкай. Згодна гэтай тэорыі новая метрыка нідзе не ператвараецца ў бясконцасць, яна «ўсюды гладкая», не паяўляецца ні гарызонту падзей, ні бясконцага ўзрастання гравітацыйнай сілы паблізу кропкавых аб’ектаў.

Існаванне чорных дзірак і Вялікага Выбуху ў сусвеце, якія характарызуюцца новай метрыкай, прынцыпова немагчыма...

Амаль што ўсе «карты» блытаюць цёмная матэрыя і цёмная энергія...

Па некаторых дадзеных звычайнае рэчыва, якое маем у сваіх адчуваннях, у тым ліку зоркі, планеты, складае не больш як 10 працэнтаў ад рэальна існуючай матэрыі, якую немагчыма назіраць у тэлескоп, якая не адбівае промні святла, не выпраменьвае фатоны ні ў якім дыяпазоне электрамагнітнага спектра. Фактычна атрымліваецца, што мы нічога не ведаем пра тое рэчыва, з якога пабудаваны сусвет...

5. Парадак сусвету ёсць музыкальная гармонія ў вялікай шматвобразнасці праяў, якія падпарадкоўваюцца пэўнаму ладу і рытму, прыведзеная ў сугучча сама з сабою, сабе сугучная.

Святы Грыгорый Ніскі, праваслаўны багаслоў IV стагоддзя.

6. Арыстоцель: «Мы павінны думаць пра іх (зоркі), як пра жывых істот...»

7. У першабытных людзей сон атаясамліваўся з рэальнасцю, з якой час ад часу сутыкаўся чалавек.

8. Першабытныя людзі здабывалі крэмень у крэйдавых радовішчах. Яны капалі глыбокія шахты і гэтаксама, як сучасныя шахцёры выцягваюць наверх вугаль, выцягвалі наверх крэмень.

9. Матэрыялістычная эвалюцыйная тэорыя Дарвіна, якая тлумачыць паходжанне чалавека ад малпаў, якой сёння прытрымліваюцца многія вучоныя, ніяк не стыкуецца з рэлігійнымі пастулатамі аб паходжанні чалавека (хрысціянства, іслам, іудаізм). Гэтая нестыкоўка прыводзіць да блытаніны як у светапоглядзе сучаснага чалавека, так і ў пошуках ісціны. Больш таго, чым далей, тым вастрэй адчуваецца тупіковасць такой сітуацыі. Як вынік — шматлікія трагедыі, уключаючы наркаманію ў рознай форме, асацыяльнасць паводзін людзей, рэлігійныя войны. Замоўчванне гэтых супярэчнасцей звязана з тым фактам, што чыста навуковыя і філасофскія пошукі ісціны часта закранаюць інтарэсы ўплывовых груп грамадства. Яскравы прыклад — трагічны лёс Джардана Бруна, які быў спалены інквізіцыяй у Рыме, бо сваімі вучэннямі аб мностве і бясконцасці Сусветаў ён закрануў інтарэсы царквы — на той час самай уплывовай у Еўропе арганізацыі.